«Маем справу з наўмысным памяншэннем статыстыкі»

Медыкі, якія працуюць у «чырвонай зоне», расказваюць: у кастрычніку — лістападзе колькасць пацыентаў, якія паступалі з каранавірусам, была значна вышэйшай, чым цяпер. Гэта значыць, што медыкі, як і сцвярджае Міністэрства аховы здароўя, сапраўды назіраюць спад захворвання каранавірусную інфекцыю.

Але ў той жа час медыкі запэўніваюць, што ў кастрычніку — лістападзе ў некаторыя бальніцы ў Беларусі прывозілі па 60-70 пацыентаў з COVID-19 на дзень. Тады Мінздароўя штодня ў краіне рэгістравала па 2000 новых выпадкаў кавіду і ў сярэднім па 18 смерцяў.

Цяпер, па звестках медыкаў, штодня ў тыя ж бальніцы паступаюць ад 20 да 40-50 пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй (у залежнасці ад клінікі). У Мінздароўя статыстыка амаль не змянілася. 10-12 снежня ў краіне фіксавалі прыкладна па 1800 новых выпадкаў кавіду, паміралі па-ранейшаму па 18 чалавек.

Як такое магчыма?

У сваёй справаздачы такую дзіўнасць медыкі тлумачаць дзвюма верагоднымі прычынамі:

«Першая: цяпер паміраюць цяжкія пацыенты, якія правялі шмат дзён у аддзяленнях інтэнсіўнай тэрапіі.

Але гэты фактар не можа цалкам растлумачыць такую колькасць смерцяў, бо пандэмія пачалася даўно і ў аддзяленнях інтэнсіўнай тэрапіі заўсёды было шмат пацыентаў, якія знаходзіліся там месяцамі.

Другая магчымая прычына: мы маем справу з наўмысным памяншэннем смяротнай статыстыкі на піку восеньскай хвалі пандэміі».

Па даных, якімі валодаюць медыкі фонду, у асобных бальніцах на піку чацвёртай хвалі пандэміі штодня паміралі па 10-15 чалавек. Гаворка, зразумела, не пра ўсе бальніцы краіны, але медыкі запэўніваюць, што такія лічбы былі не адзінкавымі.

Для доказу непраўдападобнасці інфармацыі Міністэрства аховы здароўя фонд параўнаў графікі захворвання і смяротнасці ў заходніх краінах са статыстыкай і графікамі Беларусі. 

Фота: Беларускі фонд медычнай салідарнасці

Фота: Беларускі фонд медычнай салідарнасці

«Адрозненне гэтых графікаў кідаецца ў вочы. Графікі заходніх краін «зубчастыя» — з уздымамі і спадамі, якія паўтараюць крывую захворвання — гэта адлюстроўвае натуральны хвалепадобны эпідэмічны працэс.

Глядзім на графік смяротнасці ў Беларусі і бачым плаўны рост, што не адлюстроўвае дынаміку змены захворвання», — кажуць супрацоўнікі фонду.

«Лічбы пераўзыходзяць афіцыйныя амаль у 10 разоў»

Як расказваюць медыкі, да іх трапіла інфармацыя з цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі Віцебскай вобласці. У ёй былі звесткі аб выніках усіх праведзеных у вобласці ПЛР-тэстаў з 11 па 30 кастрычніка 2021 года.

Медыкі параўналі атрыманыя імі звесткі з афіцыйнымі лічбамі Міністэрства аховы здароўя па ўсёй краіне.

Таксама ў распараджэнні медыкаў апынуліся звесткі аб праведзеных за перыяд пандэміі ПЛР-тэстах у Полацку. Так, напрыклад, за кастрычнік 2021 года там атрымалі 5397 станоўчых вынікаў ПЛР-дыягностыкі SARS-CoV-2. Па афіцыйных даных за кастрычнік па ўсёй краіне было зарэгістравана 63 958 новых выпадкаў COVID-19.

«Але калі ўявіць, што кавід па ўсёй краіне распаўсюджваецца, як і ў Полацку, то атрымаем парадку 624 тысячы хворых на кавід беларусаў у кастрычніку, а гэта амаль у 10 разоў перавышае афіцыйныя даныя Міністэрства аховы здароўя», — гаворыцца ў справаздачы.

Ускоснай прыкметай экстрэмальна высокай смяротнасці ад кавіду ў кастрычніку — лістападзе 2021 года медыкі лічаць рэзкае павелічэнне закупленых у гэты перыяд рытуальных мяшкоў, якія выкарыстоўваюцца для ўпакоўкі і транспарціроўкі трупаў.

Трэба ўлічваць і тое, што дыягназ COVID-19 выстаўляецца не толькі па выніках станоўчага ПЛР-тэста, але і, напрыклад, па станоўчым тэсце на антыген SARS-CoV2 або па тыповай КТ-карціне паражэння лёгкіх у спалучэнні з клінічнымі праявамі.

«Беларусы па-ранейшаму занадта ўразлівыя перад каранавірусам»

«У перыяд з 7 лістапада па 5 снежня колькасць цалкам вакцынаваных беларусаў узрасла з 24,4% да 30,5%. Гэта нізкі паказчык, які сведчыць аб тым, што беларусы па-ранейшаму вельмі ўразлівыя перад штамамі каранавіруса. Медыкі робяць нядобрыя прагнозы: калі пачнецца новая хваля захворвання, мы маем шанцы атрымаць амаль такія ж лічбы па захворванні, як у кастрычніку — лістападзе», — кажуць у аб'яднанні.

На думку медыкаў, яшчэ адна праблема, звязаная з вакцынацыяй, крыецца ў тым, што ў Беларусь дагэтуль не дапушчаюць вакцыны, узгодненыя ў Еўрасаюзе. Значная частка невакцынаваных беларусаў выказвае гатоўнасць прышчапіцца менавіта гэтымі вакцынамі.

«Некаторыя прывозяць лекі з Расіі, але позна»

Яшчэ адна надзённая праблема, па інфармацыі медыкаў, дэфіцыт лекаў з даказанай эфектыўнасцю. Так, напрыклад, па даных фонду, доўгі час у краіне не было прэпаратаў ад згушчэння крыві — нізкамалекулярных гепарынаў (НМГ), таму ўсе шпіталізаваныя пацыенты атрымлівалі нефракцыйны гепарын (гэты прэпарат валодае горшай клінічнай эфектыўнасцю, ад яго часцей развіваюцца ўскладненні).

«У снежні НМГ з’явіліся, але іх не хапае ўсім пацыентам з кавідам. Гаворка ідзе аб такіх прэпаратах, як энаксапарын і фраксапарын. У выніку іх прызначаюць толькі цяжкім пацыентам, астатнім — нефракцыйны гепарын.

Таксама ёсць дэфіцыт тацылізумабу (прэпарату, які прыгнятае імунную сістэму — «НН») і антыбіётыкаў калісцымітату натрыю, тыгецыкліну, цэфтазідзіму/авібактаму. Гэтых антыбіётыкаў няма не толькі ў бальніцах, але і ў аптэках. Таму сваякі пацыентаў, у якіх ёсць такая магчымасць, прывозяць лекі з Расіі, але часам позна», — гаворыцца ў справаздачы.

Не хапае рэактываў і расходнікаў

Кажуць медыкі і пра перабоі з лабараторнымі рэактывамі. Так, да прыкладу, па іх даных, у доступе не было рэактываў для вызначэння С-рэактыўнага бялку, пракальцытаніну і Д-дымераў. А гэта тыя паказчыкі, якія ў пацыентаў з COVID-19 трэба адсочваць кожныя 3-5 дзён, а ў цяжкіх — штодня для прыняцця клінічных рашэнняў.

«Даўно і амаль усюды няма рэактыву для вызначэння ўзроўню ІЛ-6 — аднаго з ускосных паказчыкаў, што адлюстроўваюць развіццё цытакінавага шторму, — адзначаюць медыкі. — Амаль заўсёды ёсць праблема з дробнымі расходнікамі для аказання дапамогі пацыентам. Не хапае дыхальных контураў, фільтраў для апаратаў ШВЛ, катэтараў і інш. Дагэтуль не вырашана праблема з дэфіцытам пераносных апаратаў УГД».

«Медыкаў не хапае, але звальняцца збіраюцца яшчэ больш»

Медыкі паведамляюць, што пасля пераходу бальніц з кавідных у штатны рэжым, многія медыкі звольняцца, бо іх пазбавяць грашовых надбавак за працу з пацыентамі з COVID-19.

Акрамя таго, па ўсёй краіне працягваюцца звальненні медыкаў па палітычных матывах.

Па інфармацыі Фонду медыцынскай салідарнасці, у Беларусі са жніўня 2020 года зафіксавана не менш за 165 звальненняў па палітычных матывах (за ўдзел у акцыях пратэсту, актыўную грамадзянскую пазіцыю, за выхад з праўладнага прафсаюза, адміністрацыйныя арышты і г. д.), таксама працягваецца ціск на медыкаў (ператрусы, арышты, прафілактычныя гутаркі з сілавымі структурамі).

«Звальненне медыка ў РБ па палітычных матывах фактычна азначае забарону на прафесію ў краіне, бо пасля гэтага медыкаў не прымаюць на працу», — адзначаюць у фондзе.

Чытайце таксама: «Спісы спускае КДБ». Чытачы з усёй краіны паведамляюць пра новыя «палітычныя» звальненні

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0