Выглядае на тое, што Расія на нефармальным саміце АДКБ праляцела як фанера над Чалпон-Атой. Лукашэнка не спяшаецца прыняць старшынства ў арганізацыі.

Пра гэта ўскосна, з дыпламатычнай вытанчанасцю даў зразумець расійскі міністр замежных спраў Лаўроў. З яго слоў, Расія прадоўжыць тэхнічнае старшынства ў АДКБ, чакаючы таго моманту, калі Беларусь будзе гатова ўзяць на сябе адпаведныя функцыі.

Калі наўпрост, гэта азначае, што расійцы дзе селі, там і злезлі. Нагадаю: Беларусі належала пераняць гэтыя функцыі ў Арменіі яшчэ на чэрвеньскім саміце ў Маскве. На тым самым, які Лукашэнка паставіў у ігнор праз малочную вайну. У выніку тэхнічнае старшынства з кіслай мінай узяла на сябе Масква.

Словы Лаўрова могуць сведчыць пра тое, што на беразе Ісык-Куля ўламаць наравістага беларускага партнёра не пашэнціла. Хаця напярэдадні памочнік Мядзведзева Прыходзька выказаў спадзеў, што Лукашэнка ўсё падпіша, іначай, маўляў, нашто ехаць.

Аб афіцыйных выніках пратакольнай часткі саміта даклаў прэсе ў пятніцу ўвечары гаспадар пляцоўкі. Паводле Бакіева, лідэры вырашылі, што каардынацыя ў межах АДКБ мусіць стаць болей эфектыўнай. У перакладзе на звычайную мову: не вырашылі нічога.

Сам Лукашэнка не меней дыпламатычна заявіў 31 ліпеня, што пытанне аб старшынстве разглядаецца і ўсе рашэнні будуць прыняты своечасова. Прыкладна такімі ж фармулёўкамі ўжо амаль што год Мінск адбіваецца ад прызнання Абхазіі з Паўднёвай Асеціяй.

Што ж да АДКБ, то праблема, натуральна, не ў тым, каму быць спікерам на пасяджэннях, а ў тым, што працягвае вісець у паветры пагадненне аб фармаванні Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання. Адпаведныя рашэнні маскоўскага саміта АДКБ беларускі бок абвясціў нелегітымнымі. І гэта галаўны боль найперш для Масквы, для каторай АДКБ — інструмент уплыву на постсавецкім абсягу.

Мінск жа сёння зарабляе ачкі акурат на дыстанцыяванні ад вялікадзяржаўнай палітыкі ўсходняй суседкі. Адметна, што «СБ» у справаздачы з саміта ў Чалпон-Аце падкрэслівае: Беларусь як адзіная цалкам еўрапейская дзяржава ў АДКБ зацікаўлена шчыльна супрацоўнічаць з ЕС, а не ствараць нейкае «антыНАТА». Па сутнасці гэта пікіроўка з маскоўскімі стратэгамі.

Карацей, гэтым разам Крэмль мусіць задаволіцца хіба тым, што ўдалося ўгаварыць гаспадара саміта на стварэнне ў Кіргізіі другой расійскай вайсковай базы. Зрэшты, нават сярод расійскіх аналітыкаў няма адзінадушнасці ў пытанні, ці трэба так вылузвацца са скуры і паліць небагатыя рэсурсы дзеля такіх эфемерных фарпостаў на ўскраінах былога «саўка». Ды і наколькі надзейны хаўруснік Бакіеў? Вунь як прадынаміў з базай «Манас», каторую пасля пернікаў з Масквы зноў здаў амерыканцам, толькі за большыя грошы.

На момант, калі пішуцца гэтыя радкі, прэзідэнты яшчэ не разляцеліся з казачнай рэзідэнцыі на высакагорным возеры, але казачных дзівосаў, то бок прарыўных дамоўленасцяў, бадай што не будзе.

Ну а беларускі госць добра прабавіў час: пакатаўся з малодшым сынам на ровары ўздоўж Ісык-Куля ды пакаштаваў бешбармаку на юбілеі Бакіева. Імяніны сэрца!

Паводле маскоўскіх крыніц, Лукашэнка не выявіў ініцыятывы наконт двухбаковай сустрэчы з Мядзведзевым. Пакуль што няма сігналаў і аб гатоўнасці Беларусі ўдзельнічаць у першых манеўрах КСАР увосень.

Лукашэнку няма сэнсу спяшацца з падпісаннем дамовы аб КСАР ды згодай на старшынства ў АДКБ. Час цяпер прагматычны. Крызіс і ўсё такое. Так што хай робяць перадаплату. А так могуць старшыняваць колькі ўлезе.

P.S. Агенцтвы паведамілі, што Лукашэнка вылецеў у Мінск. Ні пра якія дамоўленасці з Масквой гаворкі няма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?