Ганна Франк ‒ габрэйская дзяўчынка, якая загінула ў 16 год у канцлагеры. Тры гады яна хавалася ад нацыстаў у сховішчы і вяла дзённік, які пасля вайны стаў сусветна вядомым

Ганна Франк ‒ габрэйская дзяўчынка, якая загінула ў 16 год у канцлагеры. Тры гады яна хавалася ад нацыстаў у сховішчы і вяла дзённік, які пасля вайны стаў сусветна вядомым

Дарагая Ганна,

я пішу табе гэты калядны ліст… з тваёй кватэры. Тут ты некалі пачала весці свой дзённік — цяпер ужо знакаміты. Сюды ты ўжо ніколі не вярнешся.

Як я трапіў у твой дом? Цяпер тут творчая рэзідэнцыя. Пісьменнікі з усяго свету спыняюцца ў цябе ў гасцях, як правіла, на месяц. Твая спальня застаецца закрытай, шторы ў ёй назаўжды закрытыя, але ў астатнія пакоі вярнулася жыццё: на кухні працуе радыё, у ваннай па-ранейшаму вельмі нязручны душ, а за акном гасцінай — сквер, у якім па раніцах спяваюць папугаі.

 У цябе шумныя суседзі, але чытаючы твой дзённік, я разумею, што ў сваім прытулку ты марыла пра галасы за сцяной, і таму цяпер я нават рады, што ўвесь час чую тваіх суседзяў.

 Перад лесвіцай, што вядзе да ўваходных дзвярэй тваёй кватэры, — чатыры камяні з імёнамі, якія нагадваюць мінакам, што ў гэтым доме жылі ты, твая сястра і твае бацькі. Не ведаю, ці ўсталяваныя падобныя таблічкі іншым габрэям, якіх сагналі з твайго раёна ў нямецкія лагеры, але калі так, дык значыць, тут іх можа быць трынаццаць тысяч.

Суседнія вуліцы, якія калісьці насілі імёны мясцовых рэк, пасля заканчэння Другой сусветнай вайны перайменавалі ў гонар Чэрчыля, Рузвельта і Сталіна. У 1956 годзе, калі Савецкі Саюз задушыў антыкамуністычнае паўстанне ў Венгрыі, ад імя Сталіна вырашылі адмовіцца.

Я распавядаю табе пра гэта толькі таму, што, здаецца, дзесьці там, у глыбіні мінулага стагоддзя крыецца адказ на пытанне, чаму сёння я ў цябе ў гасцях…

Вызваліўшы нямецкія канцэнтрацыйныя лагеры, напрыклад, Бухенвальд, у Савецкім Саюзе палічылі, што баракі, у якіх утрымліваліся зняволеныя, яшчэ спатрэбяцца. Іх разабралі на дошкі, вывезлі ў Расію і з гэтых жа дошак, нібы мэблю з IKEA, зноў сабралі баракі, толькі цяпер ужо ў сістэме ГУЛАГа.

Здавалася б, усе гэтыя хлявы варта было сімвалічна спаліць, ці пакінуць у выглядзе мемарыялаў, але людзі, якія ў 1939 годзе ўступілі ў Другую сусветную вайну сябрамі Нямеччыны, добра разумелі: баракі яшчэ спатрэбяцца.

Разумеў гэта і, напрыклад, пракурор Рудэнка, які прадстаўляў Савецкі Саюз на Нюрнбергскім трыбунале. Чаму менавіта гэтага чалавека Масква дэлегавала для суда над нацыстамі? Магчыма, таму што Рудэнка асабіста падпісваў пратаколы «троек», гэта значыць, у 30-я гады прама ўдзельнічаў у сістэматычных пазасудовых пакараннях смерцю ў СССР.

Пракурор Рудэнка добра ведаў і разумеў прыроду і механізмы генацыду, звяртаючыся да суддзяў, пракурор ведаў, пра што кажа. Там, у Нюрнбергу, чалавецтва назаўжды асудзіла адно зло, але не асудзіла тых, хто разам з баракамі нібы вывез у Савецкі Саюз парасткі нянавісці, скрыжаваў гэтую нянавісць з нянавісцю савецкай і новае зло прарасло…

У сваім дзённіку ты апісваеш жыццё Амстэрдама пры нацыстах — у лісце да цябе я хачу апісаць жыццё Мінска пры лукашыстах, жыццё еўрапейскай сталіцы, у якой у 2021 годзе нельга прайсціся, напрыклад, у майцы Амстэрдамскага «Аякса», таму што яна бела-чырвона-белая, а Лукашэнка ненавідзіць гэтыя колеры гістарычнага нацыянальнага сцяга Беларусі. Прыйшоўшы да ўлады, ён замяніў гэты сцяг на стары савецкі.

Напэўна, ты думаеш, што я перабольшваю, але вось толькі факты.

Да пятнаццаці сутак арышту былі прысуджаныя: хлопец, які вывесіў у акне сцяг Канады; дзяўчына, якая надзела бела-чырвона-белыя шкарпэткі; мужчына, які забыўся на балконе скрынку ад тэлевізара (яна была белая з чырвонай паласой) і жанчына, якая раздавала людзям бела-чырвоную пасцілу.

Арыштаваныя людзі, якія ў знак пратэсту выстаўлялі ў вокнах дзіцячыя малюнкі і нават чыстыя белыя лісты паперы. Як калісьці ў тваім Амстэрдаме, абсурд і жорсткасць кіруюць цяпер у Беларусі. 

 У Амстэрдаме 1942 года было небяспечна быць габрэем, у Мінску 2021 года — вольным чалавекам.

У 2020 годзе сорак тысяч беларусаў прайшлі праз турмы. Распавядаючы пра ўмовы ўтрымання ў беларускіх турмах, яны справядліва сцвярджалі, што пастаянна падвяргаліся катаванням. Дзясяткі былі забітыя, сотні тысяч, як і я, пакінулі краіну.

У дзень, калі я пішу табе гэты ліст, у Беларусі адмянілі канцэрт у памяць аб ахвярах Халакосту, таму што Лукашэнка баіцца масавых збораў людзей.

У гэтыя дні мінчанку асудзілі да 15 сутак арышту за пастаўленую на падаконнік свечку ў памяць аб забітым лукашыстамі год таму Рамане Бандарэнку.

 У гэтыя дні, калі я пішу табе калядны ліст, людзі, якія засталіся ў Беларусі, як калісьці ў акупаваным Амстэрдаме, штодня асцерагаюцца арышту.

Прычынай затрымання можа стаць усё што заўгодна: каментар у сетках, «няправільная» музыка ў аўтамабілі, ці «няправільныя» кнігі дома.

Памятаеш, ты пісала ў дзённіку: «Баюся за што-небудзь брацца, раптам гэта забаронена?» — ты пісала не толькі пра Амстэрдам 1942 года, але і пра Мінск 2020-га і 2021-га.

Запэўніваю цябе, Ганна, калі ў гэтыя дні хто-небудзь у Беларусі захоча выставіць у акне тваю фатаграфію, чалавека гэтага неадкладна арыштуюць, таму што кожны дзень лукашысты знішчаюць волю і памяць.

Лукашэнка хоча кантраляваць нават асабістае жыццё. Як калісьці фашысты, лукашысты пераследуюць людзей і за сэксуальную арыентацыю — у сваёй гомасэксуальнасці яны патрабуюць прызнавацца на камеру ў аддзяленні міліцыі.

Нельга супрацьстаяць злу, нельга патрабаваць справядлівасці, нельга нават памінаць нявінна забітых.

Адзін з лукашэнкаўскіх міністраў прыбраўся ў форму НКВД, іншыя абмяркоўваюць будаўніцтва канцлагера для «лібералаў», на закрытых судах, як і дзевяноста гадоў таму, яны выносяць апанентам улады вар'яцкія прысуды: Сяргей Ціханоўскі — 18 гадоў, Віктар Бабарыка — 14 гадоў, Марыя Калеснікава — 11 гадоў…

А Еўропа, нягледзячы на ўсё, што я апісваю, бяздзейнічае. Санкцыі, якія ўводзяцца супраць Лукашэнкі — хутчэй, касметычныя, «выхаваўчыя». Пасля года гуманітарнай катастрофы ў цэнтры кантынента самыя сурʼёзныя крокі — некалькі пакетаў малаэфектыўных абмежаванняў, «крайняя занепакоенасць» і «глыбокая заклапочанасць».

Назіраючы, як мільёны беларусаў на працягу года самааддана змагаюцца за свае элементарныя правы, Еўропа так і не вырашаецца ўмяшацца, аддаўшы перавагу таму, каб адгарадзіцца сцяной і разлічваючы, верагодна, што парасткі дыктатуры скрозь яе не прарастуць.

Ты маеш рацыю, Ганна, «пасля кожнай вайны заўсёды кажуць: гэта ніколі больш не паўторыцца, вайна — такі жах, любой цаной трэба пазбегнуць яе паўтарэння. І вось людзі зноў ваююць адзін з адным, і ніколі не бывае інакш.

Пакуль людзі жывуць і дыхаюць, яны павінны ўвесь час сварыцца, і як толькі прыходзіць мір, яны зноў шукаюць сваркі».

І ў канцы 2021 года мы бліжэйшыя да вайны і канцэнтрацыйных лагераў, чым да міру. І я пішу табе гэты ліст з тваёй кватэры, таму што не ведаю, калі вярнуся і ці вярнуся дадому.

Чалавек года па версіі «Нашай Нівы» — Дар’я Лосік

Што чакае Беларусь праз год? Чатыры сцэнары — з чорнымі лебедзямі і без

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0