«2021 год наблізіў для беларусаў негатыўны сцэнар БССР-2»

Эксперты адзначаюць, што з грамадска-палітычнага пункту гледжання 2021 год быў для беларускага суверэнітэту вельмі кепскім. Інтэграцыйны пакет дамоўленасцяў з Расіяй адабраў чарговую частку ўнутранай незалежнасці краіны, а канчатковае прызнанне Лукашэнкам Крыма расійскім — знешні суверэнітэт.

«Трагічная гісторыя стогадовай даўніны — Рыжская дамова 1921 года — паўтарылася праз сто год у выглядзе фарсу. На гэты раз лёс беларускага народа, не пытаючы яго, вырашылі Лукашэнка і Пуцін, падпісаўшы новы інтэграцыйны пакет дамоўленасцяў.

І 2021 год наблізіў для беларусаў негатыўны сцэнар БССР-2, — лічыць Андрэй Елісееў. — Расія, уласна кажучы, і ёсць ключом да пытання, ці ўдасца Лукашэнку надалей утрымацца: без палітычнай і фінансавай падтрымкі Крамля гэта немагчыма.

Беларуска-расійскія адносіны агулам і прыватныя стасункі Лукашэнкі і Пуціна, палітычная дынаміка ў Расіі — гэтыя чыннікі важнейшыя для ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў Беларусі за пазіцыю і дзеянні заходніх краін.

Зацяты гандаль паміж Лукашэнкам і Пуціным пра мадэль адносін у новай паслявыбарчай сітуацыі працягнецца ў найбліжэйшыя месяцы, і ягоны вынік яшчэ не перадвырашаны».

Але для самога рэжыму, на думку экспертаў, усе саступкі Крамлю не ідуць на руку.

«Дзякуючы саступкам Крэмль гарантавана цягам найбліжэйшага часу будзе падтрымліваць Лукашэнку. Але адначасова яны «закопваюць» рэжым глыбей: амаль няма сумневаў, што пасля таго, як Лукашэнка выканае сваю ролю ў плане глыбокай прывязкі Беларусі да Расіі, Крэмль захоча паставіць на чале краіны чалавека менш таксічнага і такога, які будзе больш прымальны для беларускага грамадства», — лічыць Пётр Рудкоўскі.

«Ужо відавочна, што найбліжэйшым часам Барыс Грызлоў — расійскі сілавік і загартаваны палітык — прыедзе ў Беларусь у якасці пасла. Абхітрыць Крэмль Лукашэнку наўрад ці ўдасца гэтым разам. Хутчэй за ўсё, Крэмль павядзе працэс у напрамку транзіту ўлады. Гэта будзе складаны час для самой Беларусі і дужа рызыкоўны для дэмакратычнай і нацыянальнай будучыні. Але добрыя перамены, як правіла, адбываюцца ва ўмовах рызыкі».

Сярод негатыўных падзей года эксперты ў голас адзначаюць масавыя арышты і рэпрэсіі, касмічныя прысуды па палітычных справах, зачыстку медыя і актывістаў, смерці беларусаў і эмігрантаў, якіх выкарысталі ў палітычных мэтах.

«Рэжым цалкам перайшоў у пазіцыю знішчаць, караць і забараняць, што траўматычна адбіваецца на лёсах, працы і творчасці канкрэтных людзей. Дэспатычны бацька прыняў тое, што дзеці яго больш не любяць і вырашыў дамагацца таго, каб проста баяліся.

Гэта маральная траўма і досвед змушанай эміграцыі, знаходжанне ў стане ўнутранай акупацыі ці зняволення для тысяч людзей — наш галоўны негатыў, — каментуе Павел Баркоўскі. — Далей мы, хутчэй за ўсё, будзем сведкамі працягу «данбасізацыі» беларускай унутранай і міжнароднай палітыкі: выкідання яе з большасці ўплывовых еўрапейскіх і міжнародных структур».

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

«Сённяшні рэжым практычна нічога не можа прапанаваць грамадству, акрамя страху»

Пры ўсім негатыве суразмоўцы адзначаюць і пазітыўныя зрухі. Відавочна, што на фоне бягучых падзей яшчэ больш беларусаў усвядомілі важнасць такіх дэмакратычных прынцыпаў, як падзел улады, вяршынства права, свабода слова і выказванняў.

Павел Баркоўскі асобна вылучае прызнанне Беларусі ў Еўропе:

«Беларускае пытанне ўздымаецца на ўсіх узроўнях замежнымі палітыкамі, і гаворка ідзе пра сістэмныя каштоўнасці: права нацыі на свабоду і развіццё. Пра гэта сведчаць шматлікія міжнародныя ганаровыя прэміі, якімі ўзнагароджваюць беларускіх палітыкаў, журналістаў, дзеячаў культуры і грамадскага сектара.

Беларусы не хочуць «перагортваць старонку», яны прагнуць праўды і справядлівасці, права самім вызначаць свой лёс. Яны аб’ядноўваюцца і выказваюць салідарнасць як у межах краіны, так і па-за ёй. І гэта вось — таксама наш важны пазітыў».

Інцыдэнт з самалётам Ryanair стаў вырашальным для прыняцця ЕС сур'ёзных эканамічных захадаў у дачыненні да Беларусі. Працягам замежнай рэакцыі стаў мігранцкі крызіс на мяжы, і горшае фінансавае становішча ў сувязі з санкцыямі не зрабіла рэжым больш трывалым.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

«Сённяшні рэжым практычна нічога не можа прапанаваць грамадству, акрамя страху, а гэта не той інструмент, якім можна карыстацца бясконца. Рана ці позна на месца страху прыходзіць адчай — і людзі гатовыя ісці з голымі рукамі на штыкі, каб нешта змяніць у сваім жыцці.

Пра гэта шматкроць засведчыла сусветная і, асабліва, еўрапейская гісторыя. Нават тое, што грамадства не мірыцца і мае моцную падтрымку звонку — ужо не па-дзіцячы хістае рэжым і не дае яму адчуць сябе ў спакоі», — працягвае разважаць Баркоўскі. 

«Пасля абвяшчэння ваеннага становішча ў Польшчы таксама пратэст «здзьмуўся», але з перспектывы часу мы ведаем, што гэта не так»

Адным з аргументаў перамогі рэжыму было і ёсць тое, што масавых пратэстаў больш няма. Аднак, на думку суразмоўцаў, палітычны пратэст — гэта толькі адна з магчымасцяў публічнага выказвання сваіх перакананняў, прычым са сваім коштам.

Калі кошт вулічных пратэстаў быў адносна невысокі, ён быў апраўданы, у сённяшняй сітуацыі няма сэнсу рызыкаваць здароўем і жыццём, каб даказаць, што пераважная большасць беларусаў выступае за перамены і падтрымлівае патрабаванні дэмакратычнай кааліцыі. Павел Баркоўскі адзначае, што цяпер пратэст «прыхаваны», але нават такі варыянт раздражняе ўлады:

«Менавіта таму яны са скуры вылузваюцца, каб яшчэ больш усіх прыціснуць. Крыміналізуюць любыя каналы атрымання праўдзівай інфармацыі, удзел у недзяржаўных супольнасцях, проста наяўнасць актыўнай грамадзянскай пазіцыі. Але гэта марнасць. Спыніць такім чынам пратэст не ўдалося ніводнай дыктатуры свету».

Андрэй Елісееў адзначае, што сама па сабе прысутнасць вялікай колькасці людзей на вуліцы не абавязкова вядзе да перамен.

«Гэта часта працуе ў стандартных аўтарытарызмах, дзе вялікая пратэсная плынь штурхае ўмоўнае рэфармацыйнае праліберальнае ўладнае крыло на складанне пакта з умеркаванай апазіцыяй.

Але ў Беларусі не тая палітычная сітуацыя, і напярэдадні выбараў 2020 года Лукашэнка зрабіў апошнія важныя падрыхтаванні для мінімізацыі такога сцэнару: ён мэтанакіравана пазбавіўся ад значных асоб, якія маглі спрычыніцца да такіх перамоў. Сярод іншага, выслаў на працу ў Маскву ўплывовага Міхаіла Мясніковіча і ссунуў Сяргея Румаса з пасады прэм'ер-міністра». 

Пётр Рудкоўскі параўноўвае сённяшнюю сітуацыю з тым, што адбывалася ў 1981 годзе ў камуністычнай Польшчы ваеннага становішча:

«Яно было ўведзена пасля беспрэцэдэнтнага палітычнага ўздыму, параўнальнага да беларускага ў 2020 годзе. Пасля абвяшчэння ваеннага становішча ў Польшчы таксама пратэст «здзьмуўся». Дакладней, здавалася, што ўздым 1980-81 гадоў сышоў у нябыт. З перспектывы часу мы ведаем, што гэта не так. Той уздым быў каласальнай інвестыцыяй у будучыню Польшчы, і вось ужо каля 30 год мы бачым, наколькі прадуктыўнай была тая інвестыцыя.

Тое ж самае і з Беларуссю: ва ўмовах «сталінізацыі» сістэмы людзі сышлі з вуліц — гэта нармальная і здаровая рэакцыя. Але аўтакратыя функцыянуе ў рэжыме павышаных рызык (эканамічных, міжнародных, дыпламатычных), і калі яна пахіснецца — гэта пытанне часу. Вось тады настане момант для чарговай, магчыма, вырашальнай акцыі беларускага народа».

«Рэферэндум амаль нічога не зменіць ні ў побытавым, ні ў палітычным плане»

Амаль усе суразмоўцы сыходзяцца на думцы, што запланаваны ў лютым рэферэндум па Канстытуцыі і яго вынікі амаль нічога не зменяць ні ў побытавым, ні ў палітычным плане. Ніякай легітымнасці рэжыму гэта таксама не дадасць. Па меркаванні экспертаў, рэферэндум праводзіцца для Крамля, чынавенства і эканамічных эліт, каб імітаваць даўно чаканыя рэформы.

«Сапраўдная яўка, хутчэй за ўсё, будзе малая: на гэта ідзе ўладны разлік, каб пазбегнуць палітычнай мабілізацыі апанентаў. Асноўныя канстытуцыйныя змены будуць палягаць у наданні Усебеларускаму народнаму сходу канстытуцыйнага статусу. З яго будуць рабіць орган, які будзе стаяць як бы па-над усёй палітычнай сістэмай. Праз яго Лукашэнка разлічвае займець дадатковы статус кіраўніка-патрыярха», — каментуе Андрэй Елісееў. 

«Калі Лукашэнку ўдасца пастаянна знаходзіць агульную мову з Пуціным, вызваленне зняволеных у найбліжэйшым часе малаімавернае»

На волю ўжо пачалі выходзіць першыя палітзняволеныя, якія адбылі тэрмін пакарання цалкам. Частку людзей адпусцілі на волю пасля прашэння аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Ці магчымае вызваленне яшчэ кагосьці з палітвязняў у новым годзе? Андрэй Елісееў лічыць, што гэта таксама шмат у чым залежыць ад стасункаў з Расіяй: 

«Калі Лукашэнку ўдасца пастаянна знаходзіць агульную мову з Пуціным і не будзе прынцыповых закалотаў у двухбаковых адносінах, калі атрымаецца знайсці новую мадэль суіснавання, пры якой палітычны кантроль над тэрыторыяй Беларусі захаваецца нават пры перадачы Крамлю значных кавалкаў суверэнітэту (мадэль БССР-2), то вызваленне зняволеных і крокі ў бок лібералізацыі будуць у найбліжэйшым часе малаімаверныя».  

У 2011-2012 годзе вызваленне палітвязняў было часткай стратэгіі «нармалізацыі» стасункаў рэжыму з калектыўным Захадам. Да гэтага сцэнару ён імкнецца і ў цяперашняй сітуацыі.

Але ў адрозненне ад падзей дзесяцігадовай даўніны, калі грамадзянскі канфлікт ў Беларусі не выходзіў за межы краіны, цяпер ён прыняў рэгіянальны характар. І ў Еўропы ёсць разуменне, што вызваленне палітзняволеных — толькі частка больш складанага пазла, які мае на ўвазе змену нелегітымнага рэжыму, што цалкам сябе дыскрэдытаваў на міжнародным узроўні і стварае пагрозу рэгіянальнай бяспецы», — лічаць эксперты.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Да чаго рыхтавацца беларусам у 2022 годзе?

«Мяркуючы па прагнозах калег-эканамістаў, эканоміка або будзе ў застоі, або будзе падаць.

Але шмат чаго залежыць ад індывідуальнай вынаходлівасці, якая, як паказалі апошнія гады, у беларусаў выдатная. Пакуль матэрыяльныя і чалавечыя рэсурсы будуць дазваляць, рэжым будзе працягваць драконаўскія рэпрэсіі. Але гэтых рэсурсаў ужо цяпер пачынае бракаваць. Занядбанне традыцыйных для міліцыі спраў (расследаванне і прадухіленне рэальных злачынстваў) будзе даваць ведаць пра сябе», — прагназуе Пётр Рудкоўскі.

Вялікія боязі ў палітолагаў выклікае рыторыка Расіі і яе паводзіны ў дачыненні да Украіны. Рэжым выступае тут на баку маскоўскіх саюзнікаў, і ў імаверным ваенным канфлікце, калі ён будзе мець месца, Беларусь апынецца на перадавой.

Далейшае развіццё падзей тут будзе залежаць ад таго, як павядзе сябе ў міжнароднай палітыцы Расія, і ў якой ступені краіны Захаду здолеюць нейтралізаваць яе агрэсіўны патэнцыял ці змусяць пайсці на саступкі ў плане дээскалацыі сітуацыі ў еўрапейскім памежжы.

На думку Паўла Баркоўскага, беларусам варта загартоўваць сябе ў разуменні, што ў матэрыяльным плане 2022 год можа быць для іх дастаткова цяжкім:

«Гэта і рост коштаў, і змяншэнне рэальных заробкаў, высокае беспрацоўе і падаткі пры захаванні рэпрэсіўнай палітыкі дзяржавы. Праўда, многія беларусы гатовыя да падобных выпрабаванняў, бо спадзяюцца, што тыя ж санкцыі канчаткова разбураць умовы папярэдняга кантракта грамадства і ўладаў і краіна наблізіцца да рэальных перамен». 

У маральным жа плане 2022 год можа быць годам вялікіх надзей на тое, што і так няўстойлівае становішча рэжыму зменіцца на канчатковы дэфолт у выкананні большасці сваіх абавязацельстваў перад партнёрамі і грамадствам.

«Можна, канечне, заставацца ў дэмаралізацыі і лічыць, што рэжым ужо перамог і трэба на каленях прасіць яго вярнуць грамадства назад у цёплую камеру. Але калі глядзець на падзеі ў дынаміцы, то заўважна: ніколі яшчэ рэжым не быў настолькі на краі як цяпер.

Нас чакае перазаключэнне сацыяльнай дамовы і новая Беларусь у наступным годзе ці крыху пазней, але непазбежна. І беларусам трэба гэтую будучую Беларусь ствараць ужо сёння, няхай пакуль за мяжой ці ў віртуальна-лічбавым фармаце. Так мы зможам супраціўляцца негатыву ў цяперашняй палітыцы і набліжаць пажаданыя і наспелыя перамены ў грамадскім жыцці», — адзначае Павел Баркоўскі.

Чытайце таксама:

«Бліжэй да М'янмы, але не перайшоў у стадыю масавых забойстваў». Які ў Беларусі сёння палітычны рэжым?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0