Злата на фота другая справа. Фота Вольгі Шукайла

Злата на фота другая справа. Фота Вольгі Шукайла

«Наша Ніва»: Калі ты здымала пратэсты, ці былі думкі, што пасля фотаздымкі могуць быць выкарыстаныя вось так?

Вольга Шукайла: У першыя дні, нават першыя месяцы пратэстаў, пра гэта амаль ніхто не думаў. Непасрэдна я намагалася здымаць тое, што здавалася важным і цікавым, тое, што дакументавала падзеі. Напрыклад, увечары 9 жніўня каля Стэлы я здымала амаль усё, што бачыла, і нават часам не разумела, што я здымаю, бо для мяне здавалася, што ўсё гэта можа быць важна.

Здымак з жанчынамі быў зроблены ўвечары 10 жніўня. Насамрэч у той момант усё было неяк спакойна, нягледзячы на тое, што насупраць дзяўчат стаяла калона амапаўцаў. Я падышла, спакойна зрабіла некалькі здымкаў.

Я зрэагавала на тое, што гэта было незвычайна: у першым шэрагу стаяць дзяўчыны, а не хлопцы.

Я зрабіла некалькі кадраў, і калі атрымаўся гэты, я для сябе адзначыла: «О, гэта добры здымак». І калі паказвала яго рэдактару, мы таксама адзначылі яго — сапраўды добры кадр. А раніцай у аўторак я ўбачыла, што гэты здымак быў галоўным на Тутбаі. А ў сераду я ўжо зразумела, што здымак стаў такі… папулярны. 

«НН»: У цябе ёсць інфармацыя, што менавіта праз тваё фота абвінавачвалі Злату? Ці праз штосьці яшчэ?

ВШ: Ніякай дакладнай інфармацыі няма. Але сёння я бачыла пост актывіста, які ўчора быў на судзе. Ён апісваў, што менавіта гэты здымак стаў падставай для абвінавачвання. 

Мяне гэта вельмі ўразіла. Бо я думала, што ім трэба было назбіраць больш нейкіх доказаў, чым толькі гэтае фота. Бо на фота дзяўчыны стаяць, яны нікуды не ідуць, нічога не робяць. 

«НН»: Калі затрымалі Злату, ты ўжо ведала, што па яе прыйшлі праз фота?

ВШ: Тады недзе ў праўладных каналах быў пост. Пакаяннае відэа Златы і гэты здымак з нейкім брыдкім подпісам, кшталту: вось, пазіравалі, самі вінаватыя. Але тады яшчэ было незразумела, бо я ж не ведала, што адбывалася пасля таго, як я зрабіла фота. Можа быць, там яна хадзіла на іншыя пратэсты ці праявіла нейкую актыўнасць, а пасля проста супала, што гэта аказалася дзяўчына з таго самага вядомага фота.

Але цяпер, калі судзіць па каментары чалавека, які быў у судзе, падставай стаў менавіта гэты мой здымак. 

«НН»: І як ты сябе адчуваеш цяпер?

ВШ: Гэта складанае пытанне. Бо насамрэч я перажываю і хвалююся. Мы абмяркоўвалі гэтую сітуацыю з псіхолагам, з калегамі, у якіх быў такі досвед. І прыйшлі да высновы, што тое, што я рабіла, было нармальным. Але сітуацыя такая, што ты не можаш прадказаць, што будзе, не можаш прадказаць ненармальную рэакцыю з боку ўладаў. 

У тыя дні кожны рабіў, што мог. Хтосьці выходзіў пратэставаць, хтосьці — працаваць. Я працавала і разумела, што тое, што я раблю, — вельмі важна і вельмі адказна. Як фатограф буйнога незалежнага медыя, я разумела, што ад маёй працы залежыць тое, як сітуацыю будуць успрымаць людзі і ў Беларусі, і ў свеце. Можа, гучыць пафасна, але ўжо тады было зразумела, што ў краіне адбываецца нешта важнае, гістарычнае. І ты мусіш добра рабіць сваю працу. Таму я лічу, што і гэты здымак, і здымкі калег — гэта сведчанне таго, што мы адказна выконвалі сваю працу, гэта тое, чаго мы не маглі не рабіць у такой сітуацыі.

Але ўжо пасля, восенню 2020-га, стала вядома, што праз здымкі знаходзяць людзей, заводзяць крымінальныя справы. Тады ўжо паўстала пытанне, а як здымаць? І мы для сябе намагаліся скласці нейкія правілы. Бо з такім не сутыкаліся нават нашы калегі, якія працавалі падчас сусветных канфліктаў ці працы на вайне. Калегі казалі:

«Тое, што адбываецца ў Беларусі, — гэта зусім іншы досвед, чым праца на вайне». Бо на вайне ёсць правілы, а ў Мінску правілаў не было.

І ў такіх сітуацыях мы вырашалі, што калі чалавек выходзіць на пратэсты і не хавае свой твар, то мы можам яго здымаць. Мы былі супраць таго, каб блюрыць твары, бо фота — гэта дакумент. З іншага боку, фатограф можа здымаць так, каб не было бачна, хто на здымку — але гэта нешта кшталту цэнзуры ці самацэнзуры. 

Таму пытанне было складаным, і кожны для сябе сам на яго адказваў. Я ў некаторых сітуацыях разумела: штосьці я здымаю, штосьці здымаю, але не публікую. Гэта заўсёды было прыняцце рашэнняў, бо ніколі не ведаеш, што будзе далей. 

З аднаго боку, адказнасць і на мне, і на рэдакцыі. Бо я раблю здымкі, частку з іх адбірае рэдактар для публікацыі.

Але, можа, гэта толькі ў мяне такія развагі. Бо прафесія журналіста часам цынічная, і гэты цынізм мусіць у ёй быць, на маю думку. Бо калі перажываць за кожнага чалавека, якога здымаеш, то лепш тады ўвогуле адкласці камеру і выдаліць архівы, каб нікому не нашкодзіць. 

Але, магчыма, я перажываю за герояў менавіта гэтага фота, бо здымак стаў важным і для мяне, і для вялікай колькасці людзей. Яго шмат хто ведае, ён такі эмацыйны… Можа, праз гэта такія пачуцці. Бо бывалі сітуацыі, калі праўладныя каналы публікавалі мае здымкі і здымкі калег з подпісам, што чалавек з фота затрыманы, але яны не выклікалі такіх эмоцый.

«НН»: Каб у цябе была магчымасць сёння вярнуцца ў 9 жніўня — ты б усё роўна зрабіла гэтае фота?

ВШ: Я б адказала так: ужо нічога змяніць нельга, таму пакінула б пытанне адкрытым. 

«НН»: Калі ты даведалася, што Злата атрымала тры гады «хіміі», што ты адчула? Стала лягчэй, што хаця б не калонія?

ВШ: Насамрэч, першая думка, што Злата не вінаватая, і ёй увогуле не павінны былі даваць ніякі тэрмін.

А другой думкай чамусьці прыйшло ў галаву, што гэта неяк так сімвалічна, што яна студэнтка хімфака і атрымала «хімію».

Пасля ўжо прыйшло разуменне, што сёння яна выйшла на волю і хаця б нейкі час зможа выдыхнуць і пабыць з сям’ёю ў нармальных умовах. З аднаго боку, гэта гучыць так жудасна… А з іншага, прыемна, што Злата зможа сёння абняць бацькоў і блізкіх.

«НН»: Ты не кантактавала са Златай? Не гаварыла з ёй пасля публікацыі фота?

ВШ: Не. Але сёння ў мяне нешта ёкнула. Я б, можа, хацела адшукаць яе і перадаць ёй словы падтрымкі. 

«НН»: Можаш выказаць зараз тое, што можна сказаць публічна.

ВШ: Я не ведаю, ці трэба выбачацца, бо на той момант ніхто з нас не мог уявіць, што будзе праз паўтара года. І [сёння] гэта абсалютна ненармальная сітуацыя, я б параўнала яе з хатнім гвалтам, бо агрэсія — гэта віна агрэсара.

Ані Злата, ані я не вінаватыя ў гэтай сітуацыі, вінаватыя ўлады, якія гэта ўсё прыдумалі. 

Але я б хацела сказаць, што мне было вельмі прыемна даведацца, што Злата — класная, адукаваная, добрая маладая дзяўчына.

Прыемна, што ў нас ёсць такая моладзь, якой можна ганарыцца. І гэты яе позірк на фота, ён трымае ўвесь кадр і надае яму моцы. Там усе жанчыны вельмі розныя, але ў Златы нейкі асаблівы позірк, такі вельмі рашучы.

І мне б вельмі хацелася, каб у яе жыцці як мага хутчэй усё было б добра. Спадзяюся на цуд. 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?