Святлана Ціханоўская ў Нарвегіі. Фота Helge Mikalsen / VG.

Супраца Yara з «Беларуськаліем» дае мінскаму рэжыму грошы на ўтрыманне рэпрэсіўнай машыны, піша лідарка беларускага руху за свабодныя выбары ў выданні VG, самым тыражным выданні скандынаўскай краіны.

Яна нагадвае, што Yara абяцала перагледзець сваю прысутнасць у Беларусі, улічваючы сітуацыю з правамі чалавека. А яна толькі пагоршала. Ціханоўская нагадвае, што яе муж, Сяргей Ціханоўскі, быў асуджаны на 18 гадоў турэмнага зняволення.

Яна таксама піша пра поўную неабароненасць працоўнага чалавека ў Беларусі. Арыштаваныя 9 з 12 лідараў «Рабочага руху», звольненыя прыкладна 130 супрацоўнікаў «Беларуськалія», расказвае Ціханоўская.

«Агулам на сёння вядома пра прыкладна 1000 палітвязняў», — піша Ціханоўская.

«Відавочна, што партнёрства «Беларуськалія» і Yara — частка апоры рэпрэсіўнага рэжыму. А фінансаванне рэжыму раўназначнае фінансаванню рэпрэсій».

Ціханоўская заклікае Yara дзейнічаць па прыкладзе 32 іншых міжнародных кампаній, сярод якіх Rolls Royce, Scandia Steel і British American Tobacco, і адмовіцца ад супрацоўніцтва з лукашэнкаўцамі.

«Ранейшых намаганняў Yara, скіраваных на дасягненне перамен да лепшага, недастаткова. Цяпер патрэбныя канкрэтныя дзеянні.

Мы хацелі б бачыць Yara партнёрам у будучыні, — падкрэслівае Ціханоўская. — Але цяпер для Yara час спыніць супрацоўніцтва і не спансараваць рэжым».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру