Асель Курманбаеву называюць неафіцыйнай жонкай Нурсултана Назарбаева.

40-гадовая Асель Курманбаева — арт-менеджарка дзяржаўнага тэатра «Астана Балет». Тэатр заснаваны ў 2012 годзе па ініцыятыве Назарбаева. Курманбаева была першым заснавальнікам кампаніі, якая стварыла «Астана Балет». Пазней уладальнікам тэатра стаў фонд Назарбаева, затым ён перайшоў ва ўласнасць дзяржавы. Цяпер тэатрам кіруе Курманбаева.

Даследаванне OCCRP пад назвай Pandora Papers выявіла, што «трэцяя жонка» Назарбаева, Асель Курманбаева, прадала афшорную кампанію, якая не прыносіць даход, зарэгістраваную на Брытанскіх Віргінскіх астравах, сям'і набліжанага да Назарбаева алігарха Уладзіміра Ні за 30 мільёнаў даляраў.

Па звестках Pandora Papers, Курманбаева атрымала грошы ў 2010 годзе, праз два месяцы пасля смерці Уладзіміра Ні. Грошы паступілі ад кампаніі, якая перайшла да дачкі Ні, і Уладзімір Кім, алігарх, блізкі да Назарбаева, быў сведкам выплаты.

Уладзімір Ні, згаданы ў Pandora Papers, працаваў памочнікам Назарбаева ў 1985 годзе, яшчэ да распаду СССР. Пасля абвяшчэння Казахстанам незалежнасці ён стаў намеснікам кіраўніка Кіраўніцтва спраў прэзідэнта. Ён уваходзіў у раду дырэктараў карпарацыі «Казахмыс», фінансуе праназарбаеўскія арганізацыі і выданні. Ні памёр у 2010 годзе.

Уладзімір Кім, па версіі Forbes, самы багаты чалавек у Казахстане. Амерыканскі часопіс ацэньвае яго маёмасць ў 4,7 мільярда даляраў. Ён валодае медным гігантам — карпарацыяй «Казахмыс».

Што вядома пра Курманбаеву?

У інтэрв'ю 1999 года Курманбаева, якая тады ўдзельнічала ў конкурсе «Міс Казахстан», распавядала, што нарадзілася ў Алматы, вырасла ў Талдыкаргане і хадзіла ў харэаграфічнае вучылішча. Яе прадстаўлялі як студэнтку ўніверсітэта замежных моў імя Абылай-хана ў Алматы. Пасля перамогі на нацыянальным конкурсе прыгажосці дзяўчына паехала на конкурс «Міс свету» ў Лондане. Тады яна насіла прозвішча Ісабаева.

Асель Ісабаева (пазней яна стала Курманбаевай) на конкурсе «Міс свету» ў Лондане

Па дадзеных журналістаў, бацька жанчыны, якую называюць «трэцяй жонкай» Назарбаева, гэта Тлектэс Ісабайулы Есполаў. Магчыма, яна ўзяла прозвішча сваёй маці, Гульбану Курманбаевай. Прычына змены пашпартных дадзеных засталася невядомай. Пасля «Міс свету», дзе Курманбаева не атрымала якіх-небудзь узнагарод, яна рэдка з'яўлялася ў СМІ.

Праз амаль 20 гадоў, у 2018 годзе, яе заўважылі сярод слухачоў «паслання» Назарбаева. Яна сядзела ў адным зале разам з чыноўнікамі.

Асель Курманбаева сярод слухачоў «паслання» Назарбаева ў 2018 годзе

Ці Назарбаеў і Курманбаева ў афіцыйным шлюбе або не, невядома. У дакументах двух сыноў Асель Курманбаевай у графе «прозвішчы» пазначана «Нурсултан» і «Нурсултанулы».

Бацька Асель Курманбаевай, Тлектэс Есболаў, які кіруе Алмацінскім аграрным універсітэтам на працягу 20 гадоў, кажа рэпарцёру Азаттыка, што расследаванне, у цэнтры якога апынулася яго дачка, — не больш чым «чуткі».

— Мы ўсе гадуем дзяцей. Мы людзі, хто абараняе гонар нацыі. Я бацька, я педагог, навуковец. Так нельга, — сказаў рэпарцёру Азатыка Есболаў.

У Pandora Papers распавядаецца пра іншыя бізнес-сувязі Курманбаевай.

«Дзіўна, але фонд Назарбаева меў справу з Курманбаевай і зусім у іншым праекце. На два месяцы ў 2013 годзе ён стаў уладальнікам кампаніі «Астау», якую Курманбаева стварыла ў 2006 годзе. Потым яна зноў стала яе ўладальніцай. Кампанія валодае і кіруе банкетнай залай, спа і салонам прыгажосці ў цэнтры Нур-Султана», — гаворыцца ў даследаванні.

Кампаніяй «Астау», якая належыць Курманбаевай, кіруе яе маці Гульбану Курманбаева. Асель Курманбаева з'яўляецца таксама заснавальнікам фонду развіцця балета і нацыянальнага танца. Сёлета яна адкрыла Фонд падтрымкі і развіцця мастацкай гімнастыкі.

У Алматы, у прэстыжнай верхняй частцы горада, зараз будуецца велізарны тэатр. Заказчыкам аб'екта з'яўляецца фонд «Демеу», адзіны заснавальнік якога — Назарбаеў.

У Фондзе развіцця балета і нацыянальнага танца, заснаваным Курманбаевай, Азатык паведамілі, што «не маюць ніякага дачынення» да тэатра ў Алматы, але «маюць намер супрацоўнічаць, калі ён адкрыецца».

Паводле афіцыйнай біяграфіі, жонкай Нурсултана Назарбаева, які кіраваў Казахстанам каля 30 гадоў і працягвае аказваць уплыў на дзяржапарат, нягледзячы на адстаўку ў 2019 годзе, з'яўляецца Сара Назарбаева.

Журналісты-раследвальнікі звярнуліся да Назарбаева і Кіма, сям'і Ні і да самой Курманбаевай з пытаннем аб дэталях здзелкі на 30 мільёнаў даляраў. Адказаў яны не атрымалі. 

У інтэрнэце былі шматлікія публікацыі пра тое, што і некаторыя іншыя кіраўнікі краін Еўразійскага эканамічнага саюза жывуць з жанчынамі, нашмат за сябе маладзейшымі. Пра такую сувязь вядома было і адносна былога прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру