Падаткі ўсё ж перагледзелі

«У нас усталяваны мараторый на змяненні падатковага заканадаўства, таму ніякіх павышэнняў ставак падатку, акрамя індэксацыі на параметры інфляцыі (у тым ліку экалагічны падатак, акцызы і іншае), што прадугледжана ў 7-м дэкрэце, не будзе, — казаў у 2018 годзе Дзмітрый Кійко, намеснік міністра фінансаў. — Такіх планаў няма і на 2020 год, і на 2021 гады не плануецца».

Але ж у 2021 годзе падатковы кодэкс перагледзелі, змены пачалі дзейнічаць са студзеня 2022 года.

Нацыянальны стадыён не пабудавалі

Пра тое, што стадыён будзе гатовы ў найбліжэйшыя два гады, казаў сам Лукашэнка ў 2019 годзе. Абяцанні не спраўдзіліся.

Інфляцыя не апраўдала чаканняў

У 2017 годзе міністр эканомікі (ужо былы) Зіноўскі казаў: у ідэале інфляцыя мусіць быць 2-3%, на гэтыя лічбы Беларусь «проста абавязана» выйсці ў 2020-21 гадах.

Нічога не выйшла. Чаканні самой сённяшняй улады па выніках 2021 года — інфляцыя каля 9%.

«Не будзе дэфіцыту у садках і школах Мінскай вобласці». Будзе

Вырашыць набалелую праблему цягам трох гадоў абяцалі ў 2018 годзе.

«На працягу найбліжэйшых трох гадоў у Мінскай вобласці плануецца цалкам закрыць патрэбнасць у месцах у дзіцячых садках і школах, хоць сёння дэфіцыт складае адпаведна 5 тысяч і 3 тысячы месцаў», — казаў кіраўнік Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка ў інтэрв'ю праграме «Контуры» тэлеканала АНТ. — «Гэта вельмі сур'ёзная задача, але, улічваючы сродкі інвестараў, банкаўскія крэдыты і дзяржаўныя рэсурсы, мы яе вырашым».

Атрымалася? Пакуль не.

Аляксандр Турчын, новы кіраўнік Мінскай вобласці, у канцы 2020 года паведаміў, што праблему вырашаць цягам наступных двух-трох гадоў.

«Кожны зможа атрымаць біяметрычны пашпарт у студзені». Не, не зможа

Са студзеня 2021 года любы грамадзянін зможа звярнуцца і атрымаць біяметрычныя дакументы: ID-карту і біяметрычны пашпарт, — абяцаў увосеніь 2020 года начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Аляксей Бягун.

«Для гэтага трэба звяртацца на першым этапе ў тэрытарыяльнае падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі па месцы рэгістрацыі. Другі зварот па атрыманне іншай ID-карты або біяметрычнага пашпарта можа адбывацца ў любым падраздзяленні па грамадзянстве і міграцыі», — казаў ён.

На справе ж дакументы на афармленне біяметрычнага пашпарта пачалі прымаць толькі з 1 верасня 2021 года. І тое, не без праблем.

З капрамонтам Мінск не справіўся

Па стане на пачатак 2021 года абяцалі ўвесці 1,4 млн квадратных метраў жылля пасля капрамонту. І гэта толькі ў Мінску. Вырашаць праблему мусілі цягам 2020 года.

Вынік?

«З усталяваным на год заданнем не справіліся Мінск і ўсе вобласці, акрамя Гродзенскай і Магілёўскай», — адзначыў Андрэй Рамашка, начальнік упраўлення жыллёвай гаспадаркі Мінжылкамгаса.

Запуск першага энергаблока АЭС — міма тэрмінаў

«Стаіць задача ў 2021 годзе (у першым квартале, па меншай меры) цалкам запусціць у прамысловую эксплуатацыю першы энергаблок», — абяцаў пасол Беларусі ў Расіі Сямашка.

Але пасля энергаблок то ўключалі, то адключалі, больш-менш стабільна ён запрацаваў толькі ўвосень 2021 года.

Дарэчы, другі энергаблок абяцаюць увесці ў эксплуатацыю «пад лета 2022-га».

Кардон трохі спазніўся

Першы мелаваны кардон на новым заводзе па вытворчасці крэйдаваных і некрэйдаваных відаў кардона на базе філіяла «Добрушская папяровая фабрыка «Герой працы» планавалася атрымаць у I квартале 2021 года.

Завод запусцілі, але ў абяцаныя тэрміны не ўклаліся — ён запрацаваў з лета 2021 года.

Лукашэнка не прыехаў на «Іўеўскі памідор»

У 2019 годзе Аляксандр Лукашэнка абяцаў наведаць памідорны фестываль ва Іўі:

«Аказваецца, вы перажылі нашэсце ўборачнай кампаніі, у вас былі «Дажынкі», і пасля гэтага ў вас засталіся такі цэнтр і мястэчка. Вы малайцы, я назіраю (больш па тэлевізары), вы ўжо пачынаеце пераймаць іспанцаў: губіце памідоры. Паглядзеў: шкада стала, я ж вясковы чалавек, шкада памідораў. А вы тут кідаеце ў адзін аднаго, топчаце іх. Але, напэўна, ураджай добры. Паабяцаў, што прыеду, але не ведаю, ці буду я біцца з вамі на памідорах гэтых, але прыехаць паглядзець — можа быць». 

Але ж гэтага так і не адбылося. 

У 2020 годзе фестываль адмянілі, у 2021 ён прайшоў без удзелу Лукашэнкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0