«Дарагая мама, — пісаў Джон, — сёння атрымаў ад цябе яшчэ адзін ліст, вельмі рады, што ў цябе ўсё добра. Я таксама ў парадку, з усім спраўляюся. Але ежа па большай частцы даволі паршывая». «Люблю цябе і цалую, твой сын Джоні. Спадзяюся, што ўжо хутка ўбачу цябе», — так салдат завяршыў свой ліст.

Джон Гансалвес памёр у 2015 годзе, яго маці — значна раней. Але пошта ЗША адшукала ўдаву сяржанта Анджэліну, з якой Джон пазнаёміўся праз пяць гадоў пасля вяртання з вайны і якая па-ранейшаму жыве ва Уоберне — родным горадзе мужа ў штаце Масачусэтс.

У студзені Анджэліне споўніцца 90 гадоў. Ліст быў дастаўлены ёй незадоўга да Каляд. Па яе словах, гэта былі найлепшыя святы з таго часу, як памёр Джон, бо ён як быццам зноў вярнуўся да яе.

Яна распавяла мясцоваму тэлеканалу WFXT-TV, як у адзін са снежаньскіх дзён у дзверы пагрукаў паштальён і спытаў, ці служыў яе муж у арміі ў гады Другой сусветнай вайны. Атрымаўшы сцвярджальны адказ, ён перадаў ёй ліст, які згубіўся на шмат дзесяцігоддзяў.

«Уяўляеце, 76 гадоў! Я не магла паверыць. Але гэта яго почырк, яго стыль. Неверагодна», — сказала яна мясцоваму тэлеканалу.

Джон і Анджэліна пражылі разам 61 год, у іх пяцёра дзяцей. Але нягледзячы на вялікую сям'ю і нагрузку на працы, кажа ўдава, Джон заўсёды заставаўся клапатлівым сынам, і ліст з фронту добра перадае гэта яго якасць.

Супрацоўнікі USPS (Пошта ЗША) у Пітсбургу прыклалі да ліста запіску ад сябе, у якой напісалі, што даставіць такое пасланне — гонар.

«Мы не ведаем, дзе быў ліст апошнія семдзесят з лішнім гадоў, але прыкладна шэсць тыдняў таму ён патрапіў на наш участак. Ён, безумоўна, уяўляе вялікую каштоўнасць для гісторыі вашай сям'і, і для нас вельмі важна даставіць яго», — гаворыцца ў запісцы.

Па словах сям'і Гансалвес, яны вельмі ўдзячныя супрацоўнікам пошты за такі дзіўны падарунак з мінулага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0