На асартыменце абмежаванні імпарту пакуль практычна не адбіліся. Але для часткі прадуктаў змяніліся цэны і пастаўшчыкі.

Карцінку параўноўваем са снежаньскай, для зверкі бралі каталог сэрвісу «Е-дастаўка».

Возьмем гародніну. З Еўропы, напрыклад, завозілася шмат сартоў капусты. Месяц таму капуста «Савойская» з Нідэрландаў каштавала 5,99 рубля за кілаграм, цяпер — 9,99 (плюс 67% у цане). Некаторых сартоў — брокалі, брусэльскай, квяцістай, пекінскай — у анлайн-краме няма, хоць у снежні хапала. Раней іх завозілі з Іспаніі, Нідэрландаў і Польшчы.

Злева цана за снежань 2021 года, справа за студзень 2022-га

Салодкі перац цяпер прадаецца не іспанскі, а турэцкі, таматы чэры не з Італіі, а з Арменіі ці Марока. Каштуюць яны прыкладна столькі ж.

Істотна прыбавіла ў цане асобная экзатычная гародніна. Фенхель (яго дастаўляюць з Італіі) цяпер каштуе больш на 67%, іспанскі сельдэрэй — на 14%. Але гэта ўсё ж не тыя прадукты, якія беларусы часта набываюць.

Краіны-імпарцёры змяніліся і па некаторых фруктах. Так, замест італьянскіх ківі ў краму завезлі іранскія. На месца іспанскіх клеменцінаў прыйшлі мараканскія. А вось бельгійскія грушы і польскія яблыкі на месцы (толькі некаторыя пазіцыі на 12% даражэйшыя).

Што тычыцца арэхаў, той жа міндаль завозіцца з ЗША. Але ён за месяц нават патаннеў — на 10%.

Літоўскі сыр «Джугас» нікуды не знік і каштуе столькі ж. Італьянскія сыры на вагу і сыры з цвіллю, што завозілі з Польшчы, цэны на якія мы фіксавалі, таксама не падаражэлі.

Паглядзім салодкія прысмакі. Нямецкі шакалад Ritter Sport прадаецца за столькі ж, за колькі і ў снежні. Тое ж з імпартным шакадам Lindt, Toblerone, Karl Fazer.

Нагадаем, што пад беларускія контрсанкцыі трапіла пэўная прадукцыя з Еўрасаюза, ЗША, Канады, Вялікабрытаніі, Швейцарыі, Нарвегіі, Чарнагорыі, Ісландыі, Паўночнай Македоніі. Але імпарт забаронены не цалкам. Так, дазволены ўвоз прадуктаў у межах квот і «для забеспячэння збалансаванасці на спажывецкім рынку». Усталёўвае квоты МАРГ і Міністэрства сельскай гаспадаркі.

Чытайце таксама:

Урад прыняў пастанову аб санкцыях: у «чорны спіс» патрапіла мяса, малако, кандытарка і садавіна з ЕС, ЗША і Канады. Што гэта значыць?

З крамаў знікнуць батончыкі Mars і Sniсkers? Тлумачым, што будзе з шакаладкамі з-за санкцый

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?