Фота: kgk.gov.by
Як выявіў КДК, навучэнцы адмаўляюцца есці тое, што ім даюць. Падчас праверкі на сталах у абедзенных залах знаходзілася вялікая колькасць астаткаў ежы, якія выкідваліся ў адходы.
Напрыклад, у адной са школ Віцебска пасля сняданку каля паловы другіх страў (гуляш і макарона) засталіся некранутыя, у лёзненскай школе адходы тварожнай запяканкі са смятанай склалі больш за чвэрць порцый.
Таксама былі выяўленыя факты недакладання порцый. Напрыклад, у адной з віцебскіх школ сярэдняя недавага порцыі склала 26%.
З прадуктамі на складах таксама не было належнага парадку, выявілі як выпадкі лішкаў, так і нястачы прадуктаў. Напрыклад, у школе ў Аршанскім раёне на складзе былі лішкі прадуктаў на 22 кг. Там жа ўстаноўленая нястача сокаў, малака і каўбасы.
Установам адукацыі накіраваныя рэкамендацыі па навядзенні парадку. Як паведамляе КДК, шэраг недахопаў аператыўна ліквідаваны: сумы нястачы кампенсаваныя вінаватымі асобамі; вынятае з абароту зношанае абсталяванне і посуд, у некаторых школах замененае абсталяванне; праведзенае анкетаванне навучэнцаў і зменены асартымент страў з улікам іх пераваг.
Да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнутыя дзевяць кіраўнікоў і работнікаў устаноў адукацыі.





