Якія высновы можна зрабіць з прагляду відэа? «Наша Ніва» пагаварыла з экспертам па падрыўной справе. 

«Тое, што бачна такая вялікая колькасць белага дыму, але сіла выбуху адносна невялікая (па маіх прыкідках, эквівалентна 200 грам траціла), азначае, што рвалася нешта самаробнае, а не вынесеная з ваеннай часткі выбухоўка, — кажа наш эксперт. — Такое можна сабраць у хатніх умовах. Без экспертызы сказаць што за рэчыва, толькі па відэа, немагчыма».

Эксперт адзначае, што гэта «кустаршчына», але такая прылада зможа лёгка нанесці чалавеку сур'ёзныя пашкоджанні. І звяртае ўвагу яшчэ вось на які момант. 

«Без пэўных навыкаў такое зрабіць не атрымаецца, — кажа наш суразмоўца. — Або чалавек фанатык і доўга вывучае літаратуру і практыкуецца (пытанне — дзе?), або праходзіў спецыяльную падрыхтоўку, напрыклад, падчас службы ва Узброеных сілах.

На тое, каб навучыцца сабраць прыладу такой магутнасці з нуля, не маючы навыкаў, толькі з дасяжных на рынку матэрыялаў, па маіх ацэнках, трэба ну не менш за год.

Важна не проста прачытаць кнігі, але і паспрабаваць матэрыялы, іхнія прапорцыі, умовы захоўвання, транспарціроўкі і гэтак далей.

Але самае важнае гэта прылада ініцыяцыі, карацей — узрыўнік, — каб яго сабраць патрэбны веды і рэальная практыка. Не кожны ваенны пасля курсаў зможа сабраць узрыўнік.

Суразмоўца звяртае ўвагу на вялікую колькасць вадкіх рэчываў у памяшканні затрыманага, з чаго выглядае пытаннем, цвёрдай была выбухоўка пад машынай, ці вадкай. Фота: Следчы камітэт.

Па тым мільгаценні пад машынай перад выбухам немагчыма адназначна сказаць, якім спосабам зроблены падрыў. Праз шнур, які гарыць, або гэта гарыць і рэагуе выбуховае рэчыва перад выбухам, пасля атрымання дыстанцыйнага сігнала», — кажа спецыяліст. 

Магчымая датычнасць затрыманага да сілавых структур выглядае імавернай. На гэта намякае тое, што следчыя органы і міліцыя не назвалі ні ягонага імя, ні паказалі яго твару, што з'яўляецца выключэннем пры асвятленні падобных спраў. 

«Падыход да РУУС з гэтага боку зручны ў плане канспірацыі, бо можна падысці праз прыватны сектар, удалечыні ад застаўленых камерамі магістраляў, — дадае ваенны. — З таго боку, дзе стаяла падарваная машына, знаходзіцца спартыўная зала і вокны ДАІ, дзе ноччу, пад раніцу, імаверна нікога не будзе. Імавернасць таго, што дзяжурны на камерах у гэты час кемарыў, таксама моцна большая за нуль».

За ўсю гісторыю Беларусі, выглядае, гэта трэці «падрыўнік». Вядома, што да таго з выбуховымі рэчамі меў справу асуджаны за тэракт у метро Дзмітрый Канавалаў. 

Другі, але малавядомы «падрыўнік» — гэта былы намеснік Карпянкова ў «Алмазе» Вячаслаў Сідаракін, які дзесяцігоддзе таму атрымаў турэмны тэрмін за тое, што службовай выбухоўкай за грошы дэмантаваў будынкі. На адным з такіх зносаў — царквы пад Бягомлем, — яго і затрымалі. Цяпер Сідаракін у СІЗА па іншай справе.

Чытайце таксама: З'явілася ВІДЭА падрыву міліцэйскай машыны ў Мінску. Што вядома пра гэта?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?