Уладзімір Мунякін асоба ў Віцебску дастаткова вядомая. Ён некалькі разоў анансаваў розныя амбіцыйныя праекты, аднак усе яны не атрымалі развіцця, паколькі былі ад пачатку ўтапічныя.

Як пісала мясцовая прэса, у 2012 годзе быў заяўлены праект «Інтэрнэт 2» для замены цяперашняй глабальнай сеткі, а таксама «Лакатар-Навігатар» — прыбор для выяўлення аўтамабіляў.

У 2013 годзе ён прапаноўваў стварыць у Віцебску мясцовы «Галівуд» — пабудаваць у мясцовым парку Тысячагоддзя здымачныя павільёны і 76 элітных катэджаў для супрацоўнікаў студыі.

На YouTube Мунякін вёў канал «Сацыяльная бяспека» з вялікай колькасцю падпісчыкаў. Цяпер гэты канал заблакаваны.

У 2020 годзе ў відэароліках Мунякін абяцаў прыняць актыўны ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах і нават збіраў грошы на кампанію. Паводле прэс-службы МУС, Мунякін «распавядаў у сваіх роліках, што зʼяўляецца ці не галоўным канкурэнтам дзейнага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».

У 2020 годзе Мунякін выехаў з Беларусі. Міліцыя тады паведамляла, што на яго напісалі заявы дваццаць чалавек, у якіх ён нібыта ашуканскім спосабам выманіў не менш за 100 000 рублёў. Праўда, сам ён сцвярджаў, што проста паехаў на радзіму ў Расію з-за сітуацыі з каранавірусам.

Але ў пачатку снежня 2020 года ГУБАЗіК паведаміў, што Мунякін затрыманы на запыт беларускіх уладаў расійскай паліцыяй у горадзе Ліскі Варонежскай вобласці. Неўзабаве ён быў экстрадаваны ў Беларусь. 

Сёння Мунякіну вынесены прысуд. Паводле канчатковага абвінавачання, ён махлярскім чынам завалодаў маёмасцю 124 пацярпелых на агульную суму 14561477 рублёў. У выніку суд Віцебскага раёна прысудзіў бізнэсмену 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам у 150 базавых велічынь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0