Пра кнігі

«Апошнія дні зачытваюся Агатай Крысці, — піша Ягор. — Зразумеў асноўны недахоп для сябе — калі шмат англійскіх прозвішчаў, то яны пачынаюць блытацца ў галаве. Асацыяцый ніякіх жа — Хабард, Арбэтнот, Дэбэнхэм. Другое — што дэтэктыў расследуе справу, ты як бы ідзеш разам з ім, вы разам разважаеце і сумняецеся. Упіраецеся ў тупік, ты думаеш: «Ну ўсё, няма адсюль выхаду».

І тут дэтэктыў заяўляе: «Я тут падумаў, што Х. можа быць не Х., а нарвежская прынцэса са змененым імем!» Стапэ, як я, чытач мог здагадацца пра існаванне прынцэсы! Ну, але ўсё адно вельмі цікава, не шкадую, што пачаў чытаць. Спадзяюся за месяц хаця б палову спадчыны Крысці адолець. 

Расказвалі пра аднаго начытанага чалавека, які быў у камеры да мяне. Заказаў у бібліятэцы Гамлета. Прыносяць. Ён глядзіць і перапытвае: «Няўжо ў вас няма ў перакладзе Пастэрнака?!» — «Не, толькі гэты» (а там іншы пераклад). — «Тады не буду псаваць уражанне, не трэба!» Ну, я не такі, у любым перакладзе чытаю. 

Кожны бібліятэчны завоз прашу па адной кнізе дэтэктываў. З большай асалодай перайшоў бы на нон-фікшн, але не заўсёды ёсць выбар.

Мне трапіў чарговы том Дзмітрыя Быкава — «Таемны рускі каляндар», 1120 старонак. Зборнік эсэ на літаратурныя і гістарычныя тэмы. Не заўсёды глыбока, але разнастайна. Сярод іншых яго думак — «ніколі не падтрымаю фемінізм».

Пра Рэмарка ў Быкава добрая фраза — каго можна здзівіць жахамі Першай сусветнай, калі пасля адбылася Другая сусветная?

У прынцыпе чытаць можна, але хутчэй студэнтам філфака, каб разумець літаратурны працэс. А мне цікавей — гэты венесуэльскі міністр (адказ на ліст, дзе вялася размова пра кнігу «Заняпад улады» — заўв. НН). І я не зусім згодны пра правалы ў Іраку і Сірыі, асноўная місія была выкананая. А тое, што мясцовае насельніцтва аказалася не ў стане перамагчы сваю карупцыю, то што, іх вечна цягнуць услед за сабой? Складаная тэма. 

Дарэчы, тут карыстаюцца шалёным попытам кнігі пра псіхалогію кшталту «Падсвядомасць можа ўсё» і трэнінгі «Як стаць мільянерам за месяц». Махляры зачытваюцца, каб паспрабаваць яшчэ раз». 

Пра падарожжы

Ягор — заўзяты падарожнік, у Беларусі ён не быў толькі ў трох са 118 раёнаў, актыўна вандраваў і па свеце, за апошнія час наведаў Бразілію, Іарданію, Марока. 

«Я плаваў на доўгім пароме двойчы, з албанскага Дурэса ў італьянскі Бары, а таксама са Стакгольма ў Талін, — прыгадвае ён у адным з лістоў. — Нібыта ў купэ едзеш. У першай паездцы быў прыкол, калі пасярод ночы ў каюту на чатыры чалавекі завалілася ўшчэнт п’янае цела і плюхнулася на ніжнюю койку. А там ужо спіць іншы чалавек!

Уяві, ты спіш у цемры, нікога не чапаеш, а на цябе зверху нехта кладзецца. Ну вось і мы абурыліся, падтрымалі суседа і супольнымі нагамаганнямі выгналі п’янтоса. А пасля задумаліся — а як ён адкрыў дзверы сваім электронным ключом? Сістэма ж яго пусціла.

Карацей, аказалася, што выпівоха якраз клаўся на сваё месца. А той, хто там ляжаў, меў квіток у суседнюю каюту. Давялося яму высяляцца пасярод ночы. Раніцай нам, тром астатнім, было няёмка перад п’яным суседам». 

«Пакуль яшчэ не бачыў ніводнага кіно ці кнігі пра паездкі беларусаў на Захад на заробкі. А гэта ж вельмі цікава — што Канада, што Парагвай. Адкрытыя межы рана ці позна прыводзяць да такога. А ва Усходняй Беларусі ў 1920-я куды ты асабліва паедзеш?

Мая прабабуля з-пад Быхава не надта куды выязджала, максімум у горад, ну і сыходзілі ў вайну ў суседнія вёскі да сваякоў. Дык вось, упершыню ў Мінск яна паехала ў сваты — калі дзядуля жаніўся з бабуляй. Колькі ад Быхава? Кіламетраў 230 на аўтобусе. Дык усю дарогу ўважліва глядзела ў акно і дзівілася, як змяняецца пейзаж. А каб была магчымасць і астатні свет бачыць!

Я да таго, што нам вельмі фартанула з лаўкостамі і букінгамі. Цяпер яно ўспрымаецца як належнае, але цікава, як прадзеды цяперашніх беларусаў разглядвалі акіян, а пасля парагвайскія джунглі.

У Бостане і Нью-Ёрку, куды прыязджала большасць ахвотнікаў скарыць ЗША, кожны запаўняў у порце анкету — імя, нацыянальнасць і ўсё такое. І так прыкра, што паколькі Беларусі як дзяржавы не існавала, то большасць беларусаў запісвалася ці палякамі, ці рускімі, ды яшчэ і ў крывой транскрыпцыі.

Даследчыкам вельмі складана шукаць шляхі, каго і куды ў выніку закінула. Калі ў большасці людзей у свеце возьмуць ДНК-тэсты і ўсё гэта алічбуецца, выпадкова даведаешся, колькі ў цябе сваякоў ва ўсіх гэтых Парагваях». 

Пра турэмны побыт

І трошкі пра побыт за кратамі:

«Як раніцай прачынаемся, складаем «план» на дзень, чаго чакаем сёння. Лісты, газеты, прагулка, атаварка/бібліятэка/лазня (гэта ж не кожны дзень, але часам бывае) плюс кожны кажа, ці чакае следчага, адваката або спаткання.

Калі нейкі этап адбыўся, успамінаем: а што яшчэ засталося? Ага, толькі лістоў чакаем. І так ад дня да дня ідзе час. Гэта ж праз пару дзён паўгода ўжо! 

Быў выпадак, калі мы, меншасць тыдзень рыхтаваліся да матча Расія-Харватыя, а іншыя хацелі нейкі фільм. Спачатку мы ўступілі ў актыўную дыскусію, а пасля прыйшлося забраць пульт, сесці каля тэлевізара з футболам і ігнараваць прэтэнзіі. Мы перамаглі! 

У нас быў чалавек, які некалькі разоў на дзень праводзіць намаз. Усёй камерай вызначалі, у якім кірунку Мека. Я па будынках зарыентаваўся правільна, цяпер буду ведаць, дзе які бок.

Паколькі сонца ўстае позна, то першы раз ён моліцца недзе ў 6.30. Ну а летам, кажа, раней устае. Калі ў 22:00 кладземся спаць, абавязкова кажам «Ігэджэлэр!» Гэта «дабранач» па-турэцку. Прынамсі так нас навучыў сусед. Ён ужо з’ехаў, а традыцыя засталася». 

Ну, і пра высновы вельмі цяжкага году:

«Для мяне галоўная (і пазітыўная) выснова года — колькасць крутых людзей, з якімі давялося шчыльней пазнаёміцца. Гэта я пра людзей са свабоды. Рэальна павялічылася ў разы колькасць кантактаў. Пра некаторых ведаў ускосна, а тут з’явілася нагода асабіста перапісвацца, адкрыць для сябе новых людзей.

Думаю, добрая база для будучага сяброўства. Расчаравацца давялося літаральна ў пары чалавек. У любым разе мае чаканні — мае праблемы, але я меркаваў пра большы іх удзел у маім жыцці. Затое сям’я спрацавала ідэальна, на ўсе 146%. Так што чарговы раз пераканаўся ў тым, як важна мець вакол сябе сваіх людзей. І тады будзе нашмат лягчэй». 

Што можа кожны зрабіць для палітвязняў? Адправіць ліст ці паштоўку. Усяго некалькі словаў — вялікая падтрымка для людзей, якіх арыштавалі за погляды і імкненне зрабіць жыццё ў Беларусі лепшым.

Калі ласка, не забывайце пра нашаніўцаў, пішыце ім лісты.

Адрас: 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. СІЗА №1

Марціновіч Ягор Аляксандравіч

Скурко Андрэй Генадзьевіч

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру