У справаздачы, акрамя тэхнічных падрабязнасцяў, паведамляецца пра неадпаведнасць рэчаіснасці паказанняў беларускіх уладаў аб часе атрымання ананімнага ліста. У ім гаварылася аб магчымым мініраванні паветранага судна, што прывяло да экстранай пасадкі борта ў сталіцы Беларусі.

Электронны ліст пра пагрозу выбуху паступіў у аэрапорт Мінска ў 12:56:45 па мясцовым часе (калі самалёт ужо рыхтаваўся да экстранай пасадкі). Аднак Беларусь прадставіла ў ICAO скрыншот ліста з іншым часам атрымання — 12:25.

Даследчая група ІСАО асобна адзначае, што Мінск адправіў ёй толькі скрыншот ліста, так што праверыць яго метаданыя было немагчыма.

Зазначаецца, што ўсяго было шэсць лістоў з аднолькавымі пагрозамі — у аэрапорты Вільні, Мінска, Сафіі, Бухарэста, Кіева і Афін.

Але ў апошнія два ананімныя лісты так і не дайшлі. У аэрапорце Вільні ліст знайшлі толькі на наступны дзень — у панядзелак, бо ў выхадныя пошту не правяралі, зазначае выданне.

Але беларускі дыспетчар паведаміў экіпажу, што электронны ліст быў адпраўлены некалькім аэрапортам каля 12:30 паводле мінскага часу. Адкуль ён даведаўся пра гэта, невядома,

бо першы ліст пра пагрозу паступіў у аэрапорт Вільні а 12:25 (у Сафію і Бухарэст у 12:27 і 12:28 адпаведна), адзначае «Новая газета».

Таксама ў справаздачы гаворыцца аб некалькіх выпадках невыканання беларускімі ўладамі стандартных працэдур.

Правілы бяспекі патрабуюць, каб і пасажыры, і экіпаж у выпадку пагрозы выбуху пакінулі самалёт. Аднак, згодна з пісьмовымі і вуснымі заявамі экіпажа Ryanair, пасля пасадкі наземны персанал мінскага аэрапорта сказаў ім, што адзін з членаў экіпажа павінен заставацца на борце, пакуль будзе праводзіцца вобшук самалёта.

Паведамляецца, што работнікі аэрапорта заявілі, што ёсць правілы паветранай гавані, і экіпаж павінен рабіць тое, што скажуць яе супрацоўнікі. Пры гэтым дыспетчар аэрапорта Мінска заявіў, што рашэнне пакінуць аднаго члена экіпажа на борце паветранага судна было прынятае экіпажам. Акрамя таго, быў парушаны і пратакол аб паведамленні кода «чырвоны».

Таксама, адзначаюць у ICAO, што

КДБ у выпадку з рэйсам Ryanair не ўвёў рэжым антытэрарыстычнай аперацыі, нягледзячы на паведамленне пра бомбу на борце.

Як паведамлялася ўчора, справаздача ICAO ўтрымлівае толькі факты — без высноў і абвінавачванняў. Дакумент паступіў на разгляд 193 дзяржаў-членаў арганізацыі. Што рабіць з гэтай інфармацыяй, рада будзе вырашаць 31 студзеня.

New York Times: Авіядыспетчар збег з Беларусі ў Польшчу і расказаў пра пасадку Ryanair

На канале АНТ выйшаў 15-хвілінны сюжэт «Таямніцы рэйса Афіны — Вільня». Ці раскрываюцца там якія таямніцы?

Польскія спецслужбы: Самалёт з Пратасевічам дапамагаў саджаць афіцэр КДБ. А што казалі беларусы?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0