Фота: twitter.com/Michael1Sheldon

Фота: twitter.com/Michael1Sheldon

Здагадка CIT заснаваная на матэрыяле ў блогу Digital Forensic Research Lab пры экспертнай групе Atlantic Council аб прыбыцці расейскіх войскаў у Беларусь, фота аўтара артыкула Майкла Шэлдана ў Твітэры і твіце карыстальніка @danvan71, які геалацыраваў падобны кадр на відэа з TikTok на шашы М10 у раёне прыпыначнага пункта «Іванаўка» ў 7 км ад Рэчыцы.

CIT адзначае, што ў гэтым раёне няма палігонаў, на якіх павінны прайсці беларуска-расійскія вучэнні «Саюзная рашучасць», але адсюль каля 40 км да Чарнігаўскай вобласці і каля 90 км да Кіеўскай.

Улічваючы заявы крыніц CNN аб тым, што, згодна са звесткамі выведкі, Расея можа паспрабаваць захапіць Кіеў і скінуць уладу ў Украіне, прысутнасць расійскай тэхнікі ля ўкраінскай мяжы выклікае асцярогі, піша CIT.

«Справа ў тым, што ўсе асноўныя ўрадавыя будынкі ў Кіеве знаходзяцца на заходнім беразе Дняпра, а магчымы наступ з поўначы дазваляе не пераадольваць такую значную водную перашкоду (у адрозненне ад наступлення з боку расійска-ўкраінскай мяжы)», — адзначае каманда CIT.

Аўтары матэрыяла адзначаюць, што колькасць расійскіх войскаў на поўнач ад Кіева дакладна невядомая, бо частка войскаў прайшла да месцаў правядзення вучэнняў.

«На дадзены момант нам здаецца верагодным, што мэта гэтага засяроджвання — прымусіць украінскае камандаванне трымаць частку сілаў на заходнім беразе Дняпра для прыкрыцця Кіева, што абмяжуе магчымасці супрацьдзеяння патэнцыйнай расійскай аперацыі на ўсходзе Украіны», — лічаць у CIT.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0