Публікуючы справаздачы па інфляцыі, Нацбанк і Белстат заўсёды акруглялі лічбы да дзясятых, гэта значыць, да адной лічбы пасля коскі. Заўсёды. Але не гэтым разам. Бо, калі б акруглілі такім чынам 9,97%, то атрымалі б непрыемныя 10%. А так — усё яшчэ не двухзначная лічба. Гэта нагадвае цэннік у краме, дзе замест 10 пішуць 9,99, імкнучыся хутчэй прадаць заляжалы тавар.

«Гледзячы на тое, чым займаюцца дзяржорганы, становіцца зразумела, якія сёння перад імі стаяць задачы і асноўныя прыярытэты. Важная цяпер не праўда ці халодны эканамічны разлік, цвярозы погляд на тое, што адбываецца. Важна, ствараць бачнасць, хоць бы на паперы маляваць рэальнасць, у якой тое, што цяпер адбываецца ў краіне, можна назваць нормай», — піша «Кошт урада».

Telegram-канал звяртае ўвагу на дынаміку цэн у розных сферах: харчовыя і не харчовыя тавары, паслугі.

Менш за ўсё выраслі цэны на паслугі — на 7,6%, нехарчовыя тавары падняліся ў цане на 9,9%, а вось харчы падаражэлі на 11,4%.

Пры гэтым насельніцтва адчувае інфляцыю вышэй, чым той сярэдні тэмп у 9,97%, які зафіксаваў Нацбанк з падачы Белстата. Чаму? Таму што інфляцыя найбольш закранае людзей з невялікімі заробкамі. Медыянны заробак беларусаў істотна ніжэйшы за сярэдні. Пераважная большасць людзей нават у Мінску не атрымлівае «па пяцьсот». Для ўсёй гэтай катэгорыі насельніцтва прадукты харчавання займаюць у спажывецкім кошыку значна большае месца, чым усё астатняе (у сярэднім па краіне ў людзей на ежу сыходзіць 36,5% ад усіх выдаткаў). А харчовыя тавары падаражэлі больш за ўсё.

Маянэз за год стаў даражэйшы на 23,1%, тытунёвыя вырабы — на 13%, лекі — на 14,7%, паліва — на 17,1%.

Такім чынам, цэны на прадукты і паслугі, якія беларусы выкарыстоўваюць штодня, абагналі сярэдні тэмп інфляцыі. Нават цэны на сацыяльна значныя тавары, якія Белстат спецыяльна вынес ў асобную пазіцыю, выраслі на 9,1% — а яны знаходзяцца пад строгім кантролем урада.

І тут варта памятаць, што там, дзе дзяржава імкнецца затармазіць рост цэн ручным метадам, назіраецца толькі часовае зацішша. Спружына сціскаецца, працягвацца доўга гэта не можа, і неўзабаве яна абавязкова распрастаецца адчувальным скокам.

Сёння настроі беларусаў па інфляцыі вельмі песімістычныя. 65,7% людзей, апытаных Нацбанкам у снежні, упэўненыя, што цэны будуць расці гэтак жа інтэнсіўна, як і цяпер. А 19,5% лічаць, што яны будуць расці ў будучыні яшчэ хутчэй. Аптымістаў сярод беларусаў усяго 13,2%.

Ва ўмовах высокай інфляцыі насельніцтва пачынае сябе паводзіць інакш: пераходзіць на больш танныя тавары, па-іншаму ашчаджае. Дастаткова сказаць, што ўжо сёння ў якасці сродкаў ашчаджэння траціна насельніцтва выкарыстоўвае наяўныя, і толькі 12% гатовыя даверыць свае грошы банку. Усё гэта пагаршае і без таго няпростую сітуацыю.

Інфляцыя ў катэгорыях харчовых і сацыяльна значных тавараў ужо даўно пераадолела двухзначны паказчык, які сёння спрабуюць схаваць Нацбанк і Белстат.

Беларусы не вераць дзяржаве і рублю. Нацбанк паказаў статыстыку па куплі і продажы валюты

У некалькі разоў больш за афіцыйную інфляцыю. Як падаражэлі за год аліўе і селядзец пад шубай

Правяраем аналітыкаў. Успамінаем прагнозы на 2021 і падводзім вынікі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0