Фота «Салігорск-Навіны»

Літоўская чыгунка паведаміла «Беларуськалію» аб спыненні транзіта з 1 лютага. Пры гэтым у кампаніі ўдакладнілі: «Калі да нас паступяць заяўкі ад іншых кліентаў на перавозку беларускіх угнаенняў, грузавая кампанія LTG Cargo будзе кансультавацца па іх з дзяржаўнымі органамі Літвы».

Калі абапірацца на Канвенцыю аб міжнародных перавозках па чыгунцы, патрэбная вельмі сур'ёзная прычына, каб не даць дазвол жадаючым вазіць грузы праз Літву. Літоўская чыгунка звярнулася ў адмысловую ўрадавую камісію, якая займаецца праверкай здзелак прадпрыемстваў, стратэгічна важных для эканомікі краіны. Яна павінна вырашыць, ці не пагражае нацыянальным інтарэсам заключэнне кантрактаў з кампаніямі, якія вырашаць падстрахаваць «Беларуськалій». Пакуль невядома, якое рашэнне прыняла камісія.

Што за кампаніі гатовыя падставіць плячо «Беларуськалію»?

Тым часам Літоўская чыгунка атрымала заяўкі ад трох беларускіх кампаній на перавозку ўгнаенняў «Беларуськалія» — гэта «Беларуская калійная кампанія» (гатова да перавозак ужо з 24 студзеня), «Белінтэртранс» і «Белкалі-Мігаа». 

Абгрунтоўваючы санкцыі, Мінфін ЗША назваў «Беларуськалій» «асноўнай крыніцай падатковых даходаў і валютнай выручкі для рэжыму Лукашэнкі». «Беларуськалій» экспартуе калійныя ўгнаенні праз манапольнага трэйдара — ААТ «Беларуская калійная кампанія» (БКК).

Трэйдар належыць «Беларуськалію» на 48%, астатнія акцыі, у Беларускай чыгункі (42%) і страхавой кампаніі «Белэксімгарант» (10%). Паколькі ні Беларуская чыгунка, ні «Белэксімгарант» не знаходзяцца пад санкцыямі ЗША, БКК таксама пакуль (да 1 красавіка) не падпадае пад іх (правіла 50%). 

Фота «Салігорск-Навіны»

«Белінтэртранс» — дзяржаўная транспартна-лагістычная кампанія, афіцыйны экспедытар Беларускай чыгункі, з філіяламі ва ўсіх абласных гарадах і сваім лагістычным цэнтрам, тэрміналамі і грузавымі пунктамі. Прапануе перавозку кантэйнерных грузаў па маршрутах Кітай-Еўропа-Кітай, «Мангольскі вектар» (Беларусь-Расія-Манголія), «Вікінг» (Літва-Беларусь-Украіна-Румынія/Грузія-Балгарыя-Турцыя, са стыкоўкамі ў партах), «Зубр» (Эстонія-Латвія-Беларусь-Украіна-Малдова). У 2019-м для пашырэння магчымасцяў ў Вроцлаве створаны «Еўразійскі чыгуначны перавозчык», задача — узмацненне экспартнага патэнцыялу беларускіх прадпрыемстваў (пашырэнне геаграфіі перавозкі грузаў чыгуначным транспартам па Еўропе ў самыя кароткія тэрміны). 

«Белінтэртранс» належыць беларускай дзяржаве і з'яўляецца адным з найбуйнейшых у краіне экспедытарскіх прадпрыемстваў, — цытуе прэзідэнта Літоўскай нацыянальнай асацыяцыі экспедытараў і лагістаў «Lineka» Эдмундаса Даукантаса Delfi. — Паколькі «Белінтэртранс» дзейнічае пры падтрымцы дзяржавы, асаблівых цяжкасцяў з перавозкамі не будзе. Лагістычнай дзейнасцю, хутчэй за ўсё, будзе займацца галаўное прадпрыемства, а для разлікаў можа быць задзейнічаны і філіял у ЕС, напрыклад, у Літве. У беларускага ўрада ёсць вельмі добрая звычка прысвойваць валюту — усе, нават дзяржаўныя прадпрыемствы, імкнуцца мець філіялы ў ЕС, каб не пампаваць у Беларусь валютныя грошы. А каб адкрыць рахунак у ЕС, тут трэба адкрыць прадпрыемства».

«Белкалі-Мігаа» — сумесны завод «Беларуськалія» і кітайскай кампаніі Migao, запушчаны ў 2019 годзе. Гэта першае ў Беларусі прадпрыемства па вытворчасці нітрата калія, які можа выкарыстоўвацца ў сельскай гаспадарцы (прычым гэта прэміяльны прадукт), а таксама металургічнай прамысловасці, вытворчасці шкла, піратэхнікі і выбуховых рэчываў. Рынкі збыту — ЕС, Расія, Турцыя, Кітай і нават Аўстралія. Кітайскія партнёры дапамагаюць прасоўваць тавар праз сваіх дылераў, асабліва ў Еўропу. Як і ў выпадку з БКК, прадпрыемства не ўключанае ў санкцыйны спіс.

Ці будуць наступствы?

Ці могуць кампаніі, якія не закранулі санкцыі, трапіць пад абмежаванні за тое, што дапамагаюць «Беларуськалію» з пастаўкамі прадукцыі? Могуць, але гэта не адбудзецца аўтаматычна, уведзеныя санкцыі ўсё ж дазваляюць манёўр для «шэрых схем», і прыклад таму — пастаўкі расійскай нафты на падсанкцыйны «Нафтан». «Транснафта» заяўляе, што буйныя нафтавыя кампаніі Расіі не пастаўляюць нафту на «Нафтан», але тым не менш завод функцыянуе, праўда, цяпер афіцыйная статыстыка па гандлі нафтай і нафтапрадуктамі засакрэчаная. Ніякіх наступстваў для расійскіх прадпрыемстваў пакуль няма.

Фота: «Беларуськалій»

Нагадаем, летась прэзідэнт ЗША Джо Байдэн падпісаў указ аб сектаральных санкцыях. Указ дае магчымасць накладваць блакіруючыя санкцыі (замарозка доларавых актываў, забарона на вядзенне бізнесу з амерыканскімі асобамі) на любыя беларускія структуры, якія працуюць у абаронным сектары і сектары дзяржбяспекі, энергетычным, калійным, тытунёвым, будаўнічым або транспартным сектарах Беларусі. Мінфін ЗША папярэдзіў, што любыя кампаніі, якія працуюць у названых ва ўказе Байдэна сектарах, могуць быць пасля ўнесены ў санкцыйны спіс.

Абмежаванні супраць Беларусі фармальна не прадугледжваюць аўтаматычнае накладанне так званых другасных санкцый (пакаранне контрагентаў за здзелкі з падсанкцыйнымі кампаніямі), але указ дае права ў будучыні ўводзіць санкцыі супраць прадпрыемстваў за «істотнае садзейнічанне або прадастаўленне фінансавай, матэрыяльнай або тэхналагічнай падтрымкі» у тым ліку «Беларуськалію».

«Грошай для падтрымкі зарплат бюджэтнікам не будзе». Як спыненне транзіту калію паўплывае на эканоміку

«Гэта быў асноўны лагістычны калідор». Як цяпер «Беларуськалій» будзе пастаўляць прадукцыю на экспарт?

«Нашы кампаніі змогуць прыстойна зарабіць на рынку ўгнаенняў». Пуцін сустрэўся з гендырэктарам «Уралхіма»

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?