Андрэас Аўдрэч. Фота gruene-bundestag.de

Андрэас Аўдрэч. Фота gruene-bundestag.de

«Вы знаходзіцеся ў турме за тое, што выступалі за свабоду прэсы і дэмакратыю ў Беларусі, — піша нямецкі палітык. — Як дэпутат нямецкага Бундэстагу, хачу вас запэўніць: вы не адзін, мы пільна сочым за тым, што з вамі адбываецца, і мы стаім на вашым баку.

Свабода прэсы і дэмакратыя неабходныя для сучаснага і справядлівага грамадства. Не толькі асобны чалавек, але перш за ўсё СМІ, павінны мець магчымасць свабодна выказвацца і паведамляць навіны. Калі гэтыя важныя правы абмяжоўваюцца, трэба ўставаць і пратэставаць.

Кожны, хто робіць гэта, асабліва калі гэта звязана з вялікай небяспекай, заслугоўвае нашай павагі, падзякі і падтрымкі. Мы выказваем салідарнасць усім дэмакратычна настроеным грамадзянам Беларусі, рашуча крытыкуем парушэнне вашых правоў і ваша зняволенне». 

Андрэас Аўдрэч да таго, як пайсці ў палітыку, сам працаваў журналістам. У лісце да галоўнага рэдактара НН ён прыгадвае, што мог свабодна рабіць свае рэпартажы і не баяўся рэпрэсій і гвалту з боку ўладаў. 

«Гэта магчымасць, якой не маюць многія журналісты ў свеце, — працягвае дэпутат. — Гэта яшчэ раз падкрэслівае, наколькі важна, што сёлета Нобелеўскую прэмію міру атрымалі журналісты Марыя Рэса і Дзмітрый Муратаў, якіх адзначылі за захаванне свабоды слова на Філіпінах і ў Расіі.

Мы ўсе павінны працаваць над тым, каб пабудаваць свет, у якім журналісты могуць працаваць без страху. Мы разам павінны выступаць за дэмакратыю, за дзяржаўныя сістэмы, у якіх крытыка не караецца і не душыцца, а з’яўляецца натуральнай і істотнай часткай грамадскай дыскусіі».

Ягор Марціновіч. Фота: БАЖ

Ягор Марціновіч. Фота: БАЖ

Андрэас Аўдрэч, звяртаючыся да Ягора Марціновіча, адзначае, што тое, як парушаліся яго правы і правы іншых журналістаў, абуральна. 

«Мы будзем працаваць над тым, каб такое абыходжанне з вамі і ўсімі палітвязнямі ў Беларусі не засталося беспакараным, — кажа дэпутат. — Мне вельмі шкада, што вы не змаглі правесці Новы год з роднымі і блізкімі. Я жадаю вам шмат сіл і трываласці. Шчыра дзякую за вашу прыхільнасць да каштоўнасцяў, якія вельмі важныя для людзей ва ўсім свеце — свабоды і дэмакратыі». 

Што можа кожны зрабіць для палітвязняў? Адправіць ліст ці паштоўку. Усяго некалькі словаў — вялікая падтрымка для людзей, якіх арыштавалі за погляды і імкненне зрабіць жыццё ў Беларусі лепшым.

Калі ласка, не забывайце пра нашаніўцаў, пішыце ім лісты.

Адрас: 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. СІЗА №1

Марціновіч Ягор Аляксандравіч

Скурко Андрэй Генадзевіч

«Спадзяюся, нашым папярэднікам не было б за нас сорамна». Ягор Марціновіч з-за кратаў перадаў вітанні да 115-годдзя НН

«Капітан сыходзіць апошнім, а не першым». Галоўны рэдактар «Нашай Нівы» даў інтэрв’ю з СІЗА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0