27 студзеня на выязным судовым пасяджэнні ў турме №4 Магілёва пачаўся разгляд крымінальнай справы Мікіты Емяльянава паводле ч. 2 арт. 411 Крымільнага кодэкса, паведамляюць праваабаронцы.

Мікіта прысутнічаў у зале, аднак адмовіўся ўставаць пры адказе на пытанні суда. Аксана Ратнікава патрабавала, каб абвінавачаны ўставаў, і папярэдзіла яго, што за непавагу да суда палітвязня могуць выдаліць з пасяджэння. Мікіта Емяльянаў патлумачыў, што не лічыць патрэбным уставаць: «Гэта не суд, а судзілішча, бо ў нашай краіне справядлівага і незалежнага суда не існуе».

Паводле абвінавачвання, Мікіта Емяльянаў неаднаразова парушаў правілы ўнутранага распарадку і аказаў злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, чым здзейсніў злачынства паводле ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэкса.

Пры зачытванні абвінавачвання і пры даследаванні матэрыялаў крымінальнай справы пракурор патлумачыў, што 25 траўня 2020 г. пастановай суда Бабруйскага раёна і горада Бабруйска Мікіта Емяльянаў быў пераведзены на турэмны рэжым. А з 9 траўня 2020 года ён утрымліваецца ў турме г. Магілёва.

Згодна з абвінавачваннем, Емяльянаву ў віну ставяцца 16 парушэнняў рэжыму, якія былі ўчыненыя пасля амаль 14-17 месяцаў з моманту дысцыплійнага спагнання ў выглядзе пераводу ў турму, што супярэчыць дыспазіцыі арт. 411 Крымінальнага кодэкса.

Згодна з правапрымяняльнай практыкай, пастановамі Пленума Вярхоўнага суда, афіцыйнымі каментарыямі да Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, абавязковай прыкметай злачынства, прадугледжанага арт. 411 УК з’яўляецца дысцыплійная прэюдыцыя. Гэта значыць, што прыцягваць да адказнасці па арт. 411 УК можна толькі тую асобу, якая парушыла рэжым утрымання цягам аднаго года пасля дысцыплійнага спагнання ў выглядзе пераводу ў памяшканне камернага тыпу, адзіночную камеру ці ў турму.

Такім чынам, можна сказаць, што дысцыплійная прэюдыцыя па гэтай крымінальнай справе адсутнічае, а значыць — адсутнічае і аб’ектыўны бок злачынства.

Судовае разбіральніцтва працягнецца 11 лютага.

***

19-гадовыя Мікіта Емяльянаў і Іван Комар былі затрыманыя яшчэ ў кастрычніку 2019 года. Па версіі следства, яны ў верасні таго года закідалі будынак Мінскага гарадскога суда лямпачкамі з фарбай, а потым кінулі «кактэйль Молатава» ў СІЗА на Валадарскага. Хлопцам далі па сем гадоў калоніі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру