Міністр культуры Беларусі Павел Латушка і старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч абмеркавалі пытанні аховы гісторыка‑культурнай спадчыны. Сустрэча адбылася 7 жніўня.

Як паведаміў БелаПАН Антон Астаповіч, у сустрэчы таксама ўзялі ўдзел начальнік упраўлення па ахове гісторыка‑культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Мінкульта Ігар Чарняўскі і старшыня грамадскага назіральнага савета па ахове гісторыка‑культурнай спадчыны пры Мінкульце Анатоль Бутэвіч.

«Мы абмяркоўвалі парадак выдачы дазволаў на правядзенне работ на гістарычных аб’ектах; інертную пазіцыю міністэрства ў дачыненні да парушэнняў заканадаўства аб ахове помнікаў; працу рэспубліканскага навукова‑метадычнага савета па ахове гісторыка‑культурнай спадчыны пры Мінкульце; прывядзенне ў адпаведнасць з заканадаўствам парадку выдачы дазволаў на археалагічныя даследаванні; перспектывы і магчымасці далейшага супрацоўніцтва», — расказаў Астаповіч.

Ён лічыць, што з боку Міністэрства культуры пазіцыя грамадскасці сустрэла разуменне. Дасягнута дамоўленасць аб сумеснай працы па ахове гісторыка‑культурнай спадчыны.

Сяргей Пульша, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0