— Цяпер здароўе добрае, у жываце зашытыя дзіркі, яны не баляць, таму ўсё нармальна, — ужо з дому ўсміхаецца спадар Анатоль.

Ён не ведае, ці стала зняволенне прычынай праблем са здароўем.

— Дзень (пасля вызвалення. — НЧ) я правёў нармальна, з’ездзіў на працу, усё там упарадкаваў. Увечары яшчэ трохі марозіва з каньяком паеў, але няшмат. А сярод ночы забалела так, што давялося хуткую выклікаць. А назаўтра выразалі, — распавядае мужчына.

Анатоль Міхайлавіч перакананы, што ўсё адбылося так, як і павінна было быць. Кажа, калі б гэта здарылася з ім на Акрэсціна, не ведае, што б рабіў. Ён апісвае алгарытм дзеянняў у ізалятары, калі вязню патрэбная медыцынская дапамога:

— Калі нешта здарыцца, трэба грукаць у дзверы. Там ёсць калідорны, які зазірае праз «вочка» ва ўсе камеры. Яму трэба паскардзіцца. У яго няма ключоў, ён не можа ўвайсці, таму далей ён можа патэлефанаваць свайму начальніку і перадаць, што здарылася. Ну і тады хуткую выклікаюць. Але вы разумееце, што адна справа — выклікаць самому, іншая — прайсці ўвесь гэты ланцужок. Таму лепш там не хварэць, — з усмешкай дадае Анатоль Шалковіч.

Па яго словах, у ізалятары людзі хварэлі, але не так, каб даводзілася выклікаць хуткую. Звычайна зранку прыходзіў доктар, яму казалі, што не так, і ён даваў таблеткі.

— На вайне ж людзі ляжалі ў акопах, начавалі на халоднай зямлі і не хварэлі (праўда, атрымлівалі 100 грамаў). Так і там. Я так думаю, што калі арганізму нязручна, ён трохі патрывае.

Лайфхак для Акрэсціна

Многіх уразіў першы фотаздымак Анатоля Шалковіча пасля 60 сутак арышту: з яго ўсміхаўся бадзёры мужчына з густой барадой, а не змардаваны вязень.

Анатоль Шалковіч пасля вызвалення.

Анатоль Шалковіч пасля вызвалення.

— Калі чалавека адпускаюць, канешне, ён будзе радасны, — тлумачыць спадар Анатоль. — Бо невядома было, выпусцяць ці не. Я спадзяваўся, што выпусцяць, але былі сумневы.

Увогуле, аптымізм — неад’емны спадарожнік Анатоля Шалковіча. Ён распавядае, што як толькі трапіў у камеру, адразу вырашыў, што будзе падтрымліваць іншых вязняў і спрабаваць ствараць «нармальнае жыццё».

— Імкнуўся іншых трохі забаўляць. Калі гэта робіш, то і сам смяешся, і табе самому ўжо не сумна. Таму паступіў, як закаранелы эгаіст, — са смехам падсумоўвае суразмоўца.

І дзеліцца самым лепшым лайфхакам для Акрэсціна: надзець трое майткоў, тры пары шкарпэтак, дзве байкі, пажадана з капюшонамі.

— Вы так і зрабілі?

— Я — не, як дурань, надзеў самую лепшую байку, цяпер трэба новую шукаць, — смяецца Анатоль Міхайлавіч.

І ўсё ж сядзенне ў беларускім ізалятары — зусім не жартачкі. Цяжкія моманты былі і ў Анатоля Шалковіча, галоўны з якіх — невядомасць, што будзе далей.

— Людзі сядзяць і думаюць: адпусцяць ці яшчэ 15 сутак дадуць? У лістападзе, калі мяне пасадзілі, у нас сярэдняя велічыня была 60 сутак. Потым у снежні людзей сталі адпускаць пасля трох тэрмінаў, пасля двух, нават пасля 15 сутак. Гэта ўсяляла надзею. Але мне як паабяцалі чатыры тэрміны, так і зрабілі — усё сумленна. Хаця кожны раз перад заканчэннем тэрміну я думаў, можа, пра мяне забыліся і адпусцяць?

— Як гэта — «паабяцалі»?

— Калі мне далі 15 сутак, я быў радасны, бо маглі даць і больш. Але калі прыйшоў у камеру, мяне адразу расчаравалі: маўляў, усім спачатку па 15 давалі, а потым дадавалі. З «кантрольных» — тых, хто сядзіць за палітыку — мала хто адседжваў 15 сутак і сыходзіў. Гэта толькі «хищникам», якія сядзелі за крадзяжы (рус. хищения. — НЧ), давалі 15 і менш, і не дадавалі, як правіла.А потым да мяне прыйшоў чалавек з пратаколамі на астатнія тэрміны і сказаў, што вы, Анатоль Міхайлавіч, нарабілі столькі спраў, што вырашылі, што вы будзеце сядзець чатыры тэрміны.

Мужчына прызнаецца: ён разумеў, што рана ці позна да яго прыйдуць, пытанне толькі ў часе. Але прызнаецца, што здзівіўся, калі ўбачыў натоўп людзей са шчытамі і зброяй.— Мяне гэта здзівіла, а потым трохі рассмяшыла, калі сказалі, што да мяне прыйшлі як да тэрарыста. Вось кім-кім, а тэрарыстам сябе ніколі не лічыў! Але шчыра сказалі: калі вы нейкі рэстаран замовілі на Дзень народзінаў (Анатоля Шалковіча затрымалі ў Дзень народзінаў. — НЧ), дык лепш адмяніць.

— Пасля вызвалення ў вас не было жадання з’ехаць?

— Цяпер з’ехаць мне было б прасцей, чым калі-небудзь. Я разглядаў гэты варыянт яшчэ ў 1990-х гадах, але зразумеў, што не магу. У мяне тут карані, магілы продкаў — куды я іх падзену? Гэта проста немагчыма. Прыйдзецца быць тут, як бы там не было. Таму пайду куплю сабе байку з капюшонам.

 «Ні народу, ні ўладам не падабаецца гэтая сітуацыя»

Анатоль Шалковіч не быў актыўным грамадскім дзеячам, але падтрымліваў ідэю незалежнасці і нацыянальнага адраджэння Беларусі ад самага яго пачатку.

— Калі разваліўся Савецкі Саюз, я гэтаму ўзрадаваўся. Бо лічыў, што маленькай краінай кіраваць зручней, чым той вялікай дзяржавай, якой быў Савецкі Саюз. Ну і да таго часу я з прыхільніка сацыялізму ператварыўся ў яго праціўніка. Хаця напачатку я быў ідэйным камуністам. Але аднойчы паказвалі нейкі з'езд, і я там убачыў Сахарава. Гэта быў цалкам прыстойны чалавек, які казаў зусім не тое, што казалі з трыбуны. Мяне гэта натхніла, і пакрысе я пачаў разумець, што не камунізм наша будучыня.

І калі ў нас зрабілі дзяржаўным бел-чырвона-белы сцяг, для мяне гэта было радасна. І горка, калі яго знялі. Але я не ведаў, як можна з гэтым змагацца. Я і не змагаўся. Але заўжды ўсім расказваў, што наш сцяг — бел-чырвона-белы.

Калі ў 2020 годзе людзі выйшлі на вуліцы з нацыянальнымі сцягамі, Анатоля Міхайлавіча гэта натхніла. А сама палітычная сітуацыя ў краіне абурыла. І як доўга яна працягнецца, залежыць ад людзей, перакананы Анатоль Шалковіч.

— Я думаю, што фінансава ў бліжэйшы час мы станем жыць горш. Але ўсё залежыць ад таго, наколькі людзям падабаецца гэтая сітуацыя. Я думаю, што ні народу, ні ўладам не падабаецца, бо калі б падабалася, яны б так не рэагавалі. А калі нікому не падабаецца, значыць, нешта зменіцца.

Калі мне ў камеры казалі, маўляў, гэта назаўжды, я адказваў: узгадайце Хаджу Насрэдзіна, які ўзяўся за 20 гадоў навучыць асла размаўляць на нармальнай мове і ўзяў за гэта грошы з падзішаха. Ён казаў, што за 20 гадоў альбо памрэ асёл, альбо падзішах, альбо ён сам — але нешта зменіцца. Так і ў нас — кожны дзень нешта мяняецца.

А тым, у каго дрэнны настрой і хто хоча мець нармальнае псіхічнае здароўе, вельмі раю пачытаць «Прыгоды ўдалага салдата Швейка». Для мяне гэта такі кладзезь, што цягам усяго жыцця, калі адкрываеш з любога месца і чытаеш — разумееш, што ўсё нармальна, у людзей і не такія прыгоды бываюць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0