Прадстаўнікі канцылярыі распавялі Чэшскаму радыё, што сакрэтны дакумент быў знішчаны памылкова — разам з іншымі дакументамі, якія падлягалі знішчэнню. У афіцыйным паведамленні канцылярыі, аднак, пра памылку не гаворыцца — там сказана, што ўсе дакументы былі знішчаныя ў адпаведнасці з працэдурай. Сам прэзідэнт інцыдэнт пакуль не каментаваў.

Дакумент быў перададзены Земану ў красавіку мінулага года, незадоўга да таго, як чэшскі ўрад афіцыйна паведаміў, што падазрае ў выбухах расіян. У дакуменце, як сцвярджаецца, тлумачылася, чаму падазрэнні ўпалі на Аляксандра Мішкіна і Анатоля Чапігу (вядомых таксама як Руслан Башыраў і Аляксандр Пятроў — гэта тыя ж самыя людзі, якіх брытанскія ўлады падазраюць у атручэнні Сяргея і Юліі Скрыпаляў).

Камітэт па бяспецы чэшскага парламента ўжо заявіў, што разгледзіць пытанне аб тым, ці не парушыла акружэнне Земана закон. Прэзідэнт Земан, які лічыцца прарасійскім палітыкам, у свой час афіцыйна падтрымаў абвінавачванні, вылучаныя ў адрас расійскай разведкі, але пры гэтым заявіў, што існуюць і іншыя версіі падзеяў у Врбеціцах. З-за гэтага яго раскрытыкавалі многія чэшскія палітыкі.

Выбухі на зброевым складзе ў Врбеціцах адбыліся восенню 2014 года. У выніку загінулі 2 чалавекі, быў нанесены вялікі матэрыяльны ўрон. Расія катэгарычна адмаўляе дачыненне да выбухаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0