Усяго відавочца зняў два відэа. У першым роліку мужчына з даўгаствольнай зброяй у руках збірае ў двары целы чатырох сабак, цягнучы іх за заднія лапы па снезе. Відаць, што побач ходзяць дзеці і бацькі з каляскамі; як мінімум адзін з сабак яшчэ жывы, яго лапы і вушы паторгваюцца. На другім відэа да сабак пад'язджае смеццявоз, і ўжо іншы мужчына ў сіняй куртцы, падобнай да формы камунальных службаў, за лапы закідвае ў яго сабак. Чутны гук, падобны на жаласны віск. Мужчына з вінтоўкай падцягвае да грузавіка яшчэ аднаго сабаку — пятага — і закідвае яго ў кузаў.

Усё гэта здарылася прыкладна а 9-й раніцы 26 студзеня ў аграгарадку Азёрны, які прымыкае да Жыткавіч. Відэа з сабакамі зняў Рыгор Гарбуз. Ён не жыве ў Беларусі ўжо некалькі гадоў, а ў Жыткавічы прыехаў у госці.

— Я прачнуўся ад таго, што спачатку сабакі гаўкалі, а потым пачалі плакаць дзеці, нейкія крыкі кшталту: «Што вы робіце?». Жанчына крычала. А дзеці плакалі, крык быў, таму мне прыйшлося падняцца і паглядзець, што там увогуле адбываецца. Ну і я пачаў здымаць. Бацькі некаторыя дзяцей пачалі прыбіраць кудысьці ў бок і ўсё, — распавядае Гарбуз.

Момант, калі невядомы страляў у сабак, ён не бачыў.

— Я бачыў, калі іх складвалі ў кучку. Іх паскладвалі, потым смеццявоз пад'ехаў, і яны іх проста ў яго закінулі і з'ехалі. Там не стрэлы, там хутчэй за ўсё транквілізатар. Мне проста цяпер знаёмыя скінулі відэа, што да камунальнікаў дайшло, яны зараз будуць пісаць апраўданне. Яны сказалі, што мы іх усыпляем, потым вязем на лячэнне і гэтак далей, — працягвае ён.

У нядзелю ў інстаграме мясцовай газеты «Новае Палессе» з'явіўся ролік, у якім жыхары аграгарадка кажуць пра небяспечных бяздомных сабак, а камунальнікі распавядаюць, як вырашаюць гэтую праблему. Пры гэтым з роліка незразумела, ці ідзе гаворка пра выпадак, запісаны на відэа Гарбузом.

Сам мужчына не адмаўляе, што праблема з бяздомнымі сабакамі ў горадзе ёсць.

— Літаральна як я прыехаў, мне расказвалі, што на адну жанчыну напалі. Ну як напалі — не пакусалі, а стаялі, гаўкалі па коле, акружылі яе. І там мужык нейкі адбіваў яе. Так, ёсць праблема такая. І гэта нармальная практыка.

Але мяне больш абурыў сам факт таго, як прыбіраюцца гэтыя сабакі. Не было б ніякіх прэтэнзій, каб сапраўды ўсыпілі, прыехала машына, іх акуратна пагрузілі, павезлі. Сам факт таго, што пад'ехала смеццявозка і на відэа бачна, што проста [як] смецце закінулі і ўсё, ніякага лячэння. Хутчэй за ўсё там проста раствор, які ўжо забіў сабак. У гэтым прэтэнзія.

Яшчэ прэтэнзія, што гэта сярод белага дня — дзеці, сквер. Ёсць жа сеткі, ёсць транквілізатары, павінна пад'ехаць спецыяльная машына, акуратна сабак пакласці, а не закідваць. Зразумела, што ўжо ім гэтыя сабакі не патрэбныя, таму менавіта закід быў у смеццявоз вось так у грубай форме, — лічыць відавочца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0