Бык купіў сабе «Лэндкрузер»

Бык купіў сабе «Лэндкрузер» —
Насмяшыў гусей на лузе.
Гусі гучна гагаталі,
А пасля купацца сталі.

Нёс алень на рогах ровар —
Насмяшыў шашка ў дровах.
І ад смеху той шашок
Ледзь не трапіў у мяшок.

На мапедзе едуць лісы —
Дзік смяяўся з іх да віску.
Аж ад смеху ён на лузе
Паваліўся ў кукурузе.

Кажа дзік: «Нашто вам ехаць?
Кожны б мог як вецер бегаць,
Абагнаць мапед і ровар,
Ды і джып сапхнуць з дарогі.

Плыў бабёр на бервяне —
Пасмяёмся або не?

Наша мора

Цэлы месяц дождж імжыў —
Мора з лужыны зрабіў.
Мы па моры паплылі
На вялікім караблі.

Разам з намі наш сабака,
Папугаі і каты.
Прывітанне, чарапахі,
Васьміногі і кіты!

Каляровыя каралы
Нам дэльфіны паказалі,
І адкрылі альбатросы
Таямнічых скарбаў востраў.

І пілі марской каровы
Мы марское малако.
Частавала рыба-заяц
Нас капустаю марской.

І марскія булачкі
Неслі нам акулачкі…
У такое падарожжа
Марыць выправіцца кожны.

Чытайце таксама: Дзіцячыя вершы Андрэя Скурко чытаюць купалаўцы ВІДЭА

Андрэй Скурко даслаў новую порцыю турэмнай лірыкі

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру