У цэнтры - Ганна Гуськова, фрыстайлістка, чэмпіёнка зімняй Алімпіяды-2018. Фота: belarus.by.

Лілехамер-1994: першая і апошняя зімовая Алімпіяда пад БЧБ

Алімпіяда-1994 была першай для незалежнай Беларусі. Так, былі яшчэ і летнія гульні 1992 года ў Барселоне, але ж тады нашы спартоўцы выступалі ў складзе аб’яднанай каманды СНД.

Гульні ў Лілехамеры — першая і апошняя зімовая Алімпіяда, на якой беларусы выступалі пад бела-чырвона-белым сцягам. Яго на адкрыцці спаборніцтваў пранёс біятланіст Яўген Рэдзькін, алімпійскі чэмпіён 1992 года. 

Першапачаткова сцяг планавалі даверыць канькабежцу Ігару Жалязоўскаму, які лічыўся больш значнай фігурай у беларускай дэлегацыі. Але Жалязоўскі адмовіўся ад такой місіі, патлумачыўшы гэта доўгім шляхам да стадыёна (канькабежцы жылі за 60 кіламетраў ад арэны) і… забабонамі.

Справа ў тым, што на мінулых зімніх Гульнях у Альбервілі Жалязоўскі быў павінен несці сцяг каманды, але тады беларуская дэлегацыя спазнілася на Гульні. Жалязоўскі, ад яго тады чакалі чэмпіёнства, не прывёз з той Алімпіяды ні адной узнагароды.

Старыя кадры з нашымі спартоўцамі пад БЧБ цяпер выглядаюць амаль неверагодна:

Беларусь узяла на тых гульнях два медалі. Першым з іх аказалася срэбра таго самага Ігара Жалязоўскага, атрыманае ў забегу на тысячу метраў. Наступны медаль — таксама срэбра — прынесла біятланістка Святлана Парамыгіна, якая фінішавала ў спрынце на другім месцы.

Зірніце, якія прыгожыя маркі выпусцілі ў Беларусі ў гонар той Алімпіяды:

Фота: pressball.by.

Нагана-1998: першыя Гульні для беларускіх хакеістаў і… для Лукашэнкі

Другая зімовая Алімпіяда для нашай краіны аказалася менш паспяховай за Лілехамер. З японскага Нагана беларусы прывезлі толькі дзве бронзы — іх заваявалі фрыстайліст Дзмітрый Дашчынскі і біятланіст Аляксей Айдараў.

Алімпійскі турнір у Нагана стаў першым для беларускіх хакеістаў. Па выніках папярэдняга раўнду Гульняў беларусы занялі першае месца ў сваёй групе. У фінальным турніры наша зборная заняла апошняе месца ў групе, але ж праз асаблівасці рэгламенту усё роўна кваліфікавалася ў чвэрцьфінал, дзе саступіла Расіі і выбыла з Алімпіяды.

Беларускія хакеісты ў Нагана. Фота: старонка «Хакей Беларусі»

Пасля папярэдняга раўнду хакейнага турніру ў Нагана вырашыў прыляцець нечаканы госць — Аляксандр Лукашэнка. Японцы яго на Гульнях не чакалі, але ж атрымалася дамовіцца, што беларускі палітык з’явіцца ў горадзе як кіраўнік айчыннага НАК.

Калі Лукашэнка жадаў дадаткова матываваць беларускіх хакеістаў, у яго гэта не атрымалася — пасля прыезду палітыка беларусы прайгралі ўсе чатыры гульні. Адзначым для справядлівасці, што супернікі ў нашых былі сур’ёзныя — Канада, ЗША, Швецыя і Расія.

Тагачасны пасол Беларусі ў Японіі Пётр Краўчанка ўспамінае яшчэ дзве цікавосткі з таго прыезду Лукашэнкі. Ён сведчыць, што кіраўнік НАК патрабаваў зладзіць яму паездку ў Токіа і сустрэчу з імператарам ці прэм’ер-міністрам, але ж японцы адмовіліся гэта рабіць. Атрымалася арганізаваць толькі сустрэчу са спікерам парламента, але Лукашэнка палічыў таго занадта дробным чыноўнікам і адмовіўся ехаць.

Таксама кіраўнік НАК вырашыў пракаціцца на лыжах па прыватных рысавых палях — іх уласнікі былі надта незадаволеныя, і атрымаўся вялікі скандал.

Солт-Лэйк-Сіці-2002: найгоршы медалёвы вынік і найлепшы момант беларускага хакея

На тых Гульнях беларусы былі прадстаўленыя ў дзевяці відах спорту, але ж прывезлі дадому толькі адну ўзнагароду. Яе заваяваў фрыстайліст Аляксей Грышын, які за год да таго ўпершыню стаў чэмпіёнам свету.

Аднак беларусы ўсё роўна здолелі стварыць у Солт-Лэйк-Сіці сенсацыю. Яе аўтарамі аказаліся айчынныя хакеісты, якія дабіліся на той Алімпіядзе (амаль што 20 гадоў таму) найлепшага дасягнення за ўсю гісторыю зборнай.

Беларуская каманда заняла на тым турніры чацвёртае месца, прычым у чвэрцьфінале нашы выбілі з Гульняў шведаў, адназначных фаварытаў таго матчу. Пераможную шайбу за 2,5 хвіліны да канца гульні закінуў беларускі абаронца Уладзімір Копаць:

Турын-2006: поспех фрыстайла і правал біятлона

Праз чатыры гады, што прайшлі з амерыканскай Алімпіяды, Беларусь зноў не здолела ўзяць больш за адзін медаль. Праўда, ў гэты раз узнагарода была лепшага гатунку. Срэбра беларусам прынес фрыстайліст Дзмітрый Дашчынскі.

Яго калегі па камандзе таксама паказалі высокія вынікі: Аляксей Грышын заняў чацвёртае месца, Асоль Слівец — пятае. Беларусаў трэніраваў зорны спецыяліст Мікалай Казека, чые вучні заваявалі на сямі Алімпіядах сем узнагарод.

На жаль, у Пекіне Казека наўрад ці дапаможа роднай зборнай. Згодна з данымі незалежных медыя, за грамадзянскую пазіцыю трэнера адхілілі ад працы з камандай.

Мікалай Казека. Фота: pressball.by.

У Турыне таксама чакалі поспеху ў біятлоне, але ж спадзяванні не спраўдзіліся. Найлепшым вынікам для беларускіх біятланістаў аказалася чацвёртае месца жаночай эстафетнай чацвёркі.

Ванкувер-2010: пачатак эры Домрачавай і першае золата зімовых Алімпіяд

Дар'я Домрачава, будучая зорная біятланістка, узяла на канадскіх Гульнях свой першы алімпійскі медаль — бронзу ў індывідуальнай гонцы.

А праз некалькі гадзін беларускія біятланісты заваявалі яшчэ адзін медаль — срэбра прынёс Сяргей Новікаў. Цікава, што на фінішы спартовец паказаў вынік, абсалютна ідэнтычны выніку нарвежца Уле-Эйнара Б’ёрндалена, на той час ужо пяцікратнага алімпійскага чэмпіёна.

Б’ёрндален і Новікаў раздзялілі паміж сабой срэбра той гонкі. Кажуць, што менавіта тады Домрачава магла пазнаёміцца з Уле-Эйнарам, які пазней стаў яе мужам.

Фота: olympteka.ru.

У Ванкуверы беларусы здабылі першае для сябе золата зімовых Алімпіяд. Узнагароду атрымаў фрыстайліст Аляксей Грышын у лыжнай акрабатыцы — за восем гадоў да таго ў Солт-Лэйк-Сіці ў аналагічнай дысцыпліне Грышын узяў бронзу.

Сочы-2014: золата ад Домрачавай і фрыстайлістаў

З гэтай Алімпіяды беларусы прывезлі рэкордныя для сябе шэсць медалёў, прычым пяць з іх былі залатымі. Тры золаты ў асабістых спаборніцтвах ўзяла Дар’я Домрачава — раней ніхто з біятланістак не мог пахваліцца такім вынікам за адну Алімпіяду. Пасля трэцяга чэмпіёнскага фінішу спартоўка атрымала ад Аляксандра Лукашэнкі званне «Герой Беларусі».

Індывідуальная гонка ў біятлоне прынесла беларусам не толькі золата Домрачавай, але і бронзу Надзеі Скардзіны, вядомай сваімі снайперскімі здольнасцямі.

Фрыстайлісты таксама не падкачалі. Ала Цупер, што ўдзельнічала ўжо ў пятых для сябе Гульнях, у Сочы нарэшце здабыла медаль — і адразу золата, і гэта пасля амаль двух гадоў без спорту, падчас якіх Цупер нарадзіла дзіця.

Ала Цупер пасярэдзіне. Фота commons.wikimedia.org.

Праз некалькі дзён фрыстайл прынёс беларусам яшчэ адно золата. Атрымаў яго Антон Кушнір, спартовец, што ішоў да гэтай узнагароды больш за дваццаць гадоў праз траўмы і аперацыі.

Пхёнчхан-2018: надзейны фрыстайл і сенсацыя ў біятлоне

Перад пачаткам мінулых зімовых Гульняў беларускія фрыстайлісты ўжо не першую Алімпіяду стабільна пастаўлялі краіне медалі. Пхёнчхан таксама не стаў выключэннем. Золата тых Гульняў зборнай прынесла фрыстайлістка Ганна Гуськова.

Ад Антона Кушніра, чэмпіёна АГ-2014, таксама чакалі поспеху, аднак беларускі спартовец не здолеў трапіць у апошнюю частку спаборніцтваў. Для гэтага яму не хапіла 0,45 бала. Беларуская дэлегацыя ўспрыняла такі вынік як судзейскае сваявольства, але ж апратэставаць дзеянні суддзяў не атрымалася.

Антон Кушнір. Фота: aif.by.

Біятлон зноў прынёс медалі беларусам — ці, дакладней, беларускам. Гэта, перш за ўсё, апошняя асабістая ўзнагарода Дар’і Домрачавай, срэбра ў мас-старце. Але ж большай сенсацыяй аказалася золата эстафетнай чацвёркі ў біятлоне. Яго краіне прынеслі Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко, Дзінара Алімбекава і ўсё тая ж Дар’я Домрачава. Самыя зорныя са спартовак — Домрачава і Скардзіна — пасля тых Гульняў скончылі кар’еры.

Надзея Скардзіна. Фота nashagazeta.ch са спасылкай на асабісты архіў спартоўкі.

Чаго ж чакаць беларусам ад Гульняў-2022?

Цяжка прадказаць, якія шансы на медалі мае цяперашняя беларуская дэлегацыя. Напрыклад, кіраўнік місіі беларускай зборнай у Пекіне Аляксандр Гагіеў прапануе чакаць ад дэлегацыі высокіх вынікаў.

А вось кіраўнік Фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін сцвярджае, што ў беларусаў будзе не больш за два-тры медалі. Апейкін таксама звяртае ўвагу на настрой спартоўцаў. Па яго словах, беларускія атлеты адчуваюць адсутнасць падтрымкі і тое, што ў іх уласнай краіне адбываецца нешта не тое. Псіхалагічны ціск сапраўды можа адбіцца на беларускіх спартоўцах.

Ёсць і зусім сумныя прагнозы. Эксперты з кампаніі Gracenote апублікавалі вынікі працы сваёй статыстычнай мадэлі. Згодна з ёй, беларусы ўвогуле не прывязуць з Пекіна медалёў.

Euroradio вывучыла стаўкі букмекераў на беларускую зборную, і там таксама ўсё песімістычна. Сярод тых спартоўцаў, на каго варта спадзявацца, канторы ўзгадваюць толькі адну прадстаўніцу Беларусі — біятланістку Дзінару Алімбекаву.

Дзінара Алімбекава. Фота pressball.by.

Але ж і яна, як лічаць букмекеры, не апынецца на п'едэстале. Максімум, што нібыта чакае Алімбекаву — гэта чацвёртае ці пятае месца, а некаторыя канторы ўвогуле не лічаць, што спартоўка апынецца вышэй, чым на дзесятым месцы.

Не надта зразумела, на што будзе здольны беларускі фрыстайл без падтрымкі знакамітага трэнера Мікалая Казекі. Але ж варта як мінімум сачыць за выступамі чэмпіёнкі Пхёнчхана Ганны Гуськовай і Станіслава Гладчанкі. Апошні заняў шостае месца ў фінале АГ-2018 і аказаўся пятым на адным з этапаў Кубка свету ў гэтым сезоне.

Ганна Гуськова і Мікалай Казека. Фота free-style.by.

На Гульнях чакаюць спаборніцтва змяшаных каманд у фрыстайле, што складаюцца з двух мужчын і адной жанчыны. На Кубку свету гэтага года беларусы ў гэтым спаборніцтве двойчы займалі чацвёртае месца, але ж невядома, ці пакажа каманды высокі вынік на Алімпіядзе.

Трохі больш надзеяў звязваюць з біятлоннай зборнай. Калі казаць пра індывідуальныя паказчыкі, добрых вынікаў можна чакаць ад Ганны Солы і Дзінары Алімбекавай. У сезоне 2021/2022 Сола ўзяла шэсць медалёў на Кубку свету, сярод іх ёсць і золата этапу спаборніцтваў у Хахфільцэне. Алімбекава не надта адстае ад Солы: на яе рахунку тры срэбры і адна бронза Кубка свету ў гэтым сезоне.

Ганна Сола. Фота biathlon.by.

Сярод біятланістаў-алімпійцаў таксама ёсць тыя, хто сябе ярка праяўляў апошнім часам. Адзначым Антона Смольскага, што прывёз з Кубка свету 2021/2022 чатыры бронзы і адно срэбра. Нарэшце беларусы могуць добра сябе праявіць і ў біятлонных эстафетах.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру