11 класаў у школе стануць абавязковымі? Не зусім

Узнікла памылковае меркаванне, нібыта ўсім прыйдзецца вучыцца 11 гадоў у школе. Але гэта не зусім так.

«Абавязковай стала агульная сярэдняя адукацыя (у дзейсным кодэксе — агульная базавая), — удакладнілі прадстаўнікі мінадукацыі. — Гэта не значыць, што пасля заканчэння 9-га класа усім прыйдзецца працягваць навучанне ў 10-м. Як і раней, выпускнікі 9-га класа могуць працягваць адукацыю як у 10-м класе, так і ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі і сярэдніх спецыяльных навучальных установах».

Па даных мінадукацыі, 60-62% выпускнікоў 9-х класаў працягваюць вучыцца ў школах, каля 22% - у ССНУ, каля 17% - ва ўстановах ПТА.

Цэнтралізаваны экзамен: сумяшчэнне выпускнога ў школе і ўступнага выпрабавання ў ВНУ

Закранулі змены выніковай атэстацыі вучняў школ. Выпускнікі 9 і 11 класаў па-ранейшаму будуць здаваць экзамены. Але з адным адрозненнем.

«Прадугледжаная магчымасць здаваць у 11-м класе выпускны экзамен у форме цэнтралізаванага экзамена, гэта значыць, сумяшчаць выпускны экзамен і ўступнае выпрабаванне ў ВНУ», — паведамілі на прэс-канферэнцыі.

Прадстаўнікі Мінадукацыі пракаментавалі: «З 2023 года разам з сертыфікатамі цэнтралізаванага тэставання абітурыент зможа прад'явіць сертыфікат цэнтралізаванага экзамена, які будзе лічыцца формай здачы выпускнога.

Атрымаўшы сертыфікат ЦЭ і дакумент аб агульнай сярэдняй адукацыі, абітурыент выбера профільныя дысцыпліны, здасць ЦТ, набярэ пакет з сертыфікатаў ЦЭ і ЦТ (іх павінна быць тры ў суме) і пойдзе паступаць у ВНУ».

Тэрміны навучання ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі будуць скарочаныя

Пасля 11 класаў школы тэрміны навучання ў сістэме прафтэхадукацыі будуць скарочаныя да 6 месяцаў і года (было — ад года да двух гадоў).

«Гэтая норма не значыць, што ўсе спецыяльнасці ПТА пяройдуць на шэсць месяцаў. Але пашыраюцца магчымасці па атрыманні адукацыі па розных спецыяльнасцях. Напрыклад, дзякуючы сучасным тэхналогіям, асобныя прафесіі могуць быць асвоеныя не за дзесяць, а за восем-дзевяць месяцаў», — адзначылі супецыялісты міністэрства.

Як лічаць у Мінадукацыі, гэта дазволіць зрабіць больш гнуткай сістэму ПТА і адказаць на патрабаванні арганізацый, якія чакаюць выпускнікоў, а таксама дапаможа самім выпускнікам хутчэй выйсці на рынак працы.

Дзяцей абавяжуць вучыцца ў школе 11 год. Лукашэнка падпісаў кодэкс аб адукацыі, расказваем, што зменіцца

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0