Што стала падставай для чутак?

У мінулую пятніцу, 28 студзеня, Лукашэнка ў Пасланні народу зрабіў заяву ў дачыненні да апазіцыі, што знаходзіцца ў эміграцыі: «Іх сваякі плачуць: тут у іх засталася ўласнасць. Мы блізка падышлі да вырашэння гэтых пытанняў. А што вы думаеце? Тут у мяне кагосьці будуць забіваць, спальваць, а я буду глядзець на гэта скрозь пальцы?»

Са звыклай для сябе рыторыцы ён адразу ж перайшоў да пагрозаў, заўважыўшы, што «дома прыйдзецца заплаціць штрафныя санкцыі за нанесеную шкоду».

«Хоць бы часткова: за тое, што вы нарабілі, не хопіць ні вашай уласнасці, ні ўсяго таго, што вы заробіце наперад за сваё жыццё».

Адзначым, што канкрэтных мер, апроч стварэння чарговай камісіі на чале з генпракурорам Шведам і прапагандыстам Азаронкам, анансавана не было.

Невідавочна нават у агульных рысах, каго тычыцца пагроза і што менавіта плануецца канфіскоўваць, не кажучы ўжо пра юрыдычную рэалізацыю спрэчнай ініцыятывы.

Але ж дзяржпрапаганда бадзёра прынялася адпрацоўваць спекуляцыю. У прыватнасці, супрацоўнік тэлеканала АНТ Ігар Тур такім чынам пракаментаваў навіну пра арышт кватэры дачкі Паўла Латушкі:

«Спадары збеглыя, вы там улічыце і перадайце ўсім: гэта толькі пачатак. Першая ластаўка. Маёмасць здраднікаў, нават перапісаная на дачок, сясцёр, мужоў, палюбоўнікаў, катоў і рыбак, будзе канфіскаваная і звернутая ў даход дзяржавы».

«У Канстытуцыі не закладзена юрыдычнай асновы для мер такога кшталту»

Калі падыходзіць да гэтых словаў прагматычна, то паўстае шмат пытанняў. Напрыклад, ці закладзеная такая аснова ў прапанаваныя змены ў Канстытуцыю? Альбо дастаткова ўнесці карэктывы ў заканадаўства парадкам ніжэй? Ці можна ўвогуле дапоўніць адпаведны артыкул фразай «з канфіскацыяй альбо без канфіскацыі»?

«У дачыненні да гэтага пытання прапанаваныя змены Канстытуцыі не ўтрымліваюць якіх-небудзь прынцыповых карэкціровак. Артыкул 44 (як у дзейнай, так і ў прапанаванай рэдакцыі) прадугледжвае, што дзяржава гарантуе кожнаму права ўласнасці і садзейнічае яе набыццю. Уласнасць, набытая законным спосабам, абараняецца дзяржавай», — заўважае адвакат Андрэй Мачалаў, які быў пазбаўлены ліцэнзіі ў Беларусі.

На яго думку, наўрад ці ідзе гаворка аб рэквізіцыі, нацыяналізацыі і аналагічных механізмах, якія, тэарэтычна, могуць ужывацца ў пэўных надзвычайных выпадках.

Юрыст мяркуе, што ў зменах у Канстытуцыю не закладзеная аснова для мер такога кшталту. Таму лагічна дапусціць, што калі прапановы будуць рэалізоўваць, то праз змену законаў у частцы завочнага разбіральніцтва. На гэты момант гэта выглядае малаверагодна.

Завочны суд. Ці нармальна гэта?

«Цяпер завочная вытворчасць (рэгулюецца артыкулам 459 Крымінальна-Працэсуальнага кодэкса) ужываецца толькі ў дачыненні да злачынстваў, якія не нясуць вялікай грамадскай небяспекі. Прычым абвінавачаны павінен цалкам прызнаць сваю віну і грамадзянскі іск. У суда не павінна быць ніякіх сумневаў з нагоды самога прызнання, і яно не аспрэчваецца ні адным бокам. Тады суд выносіць прысуд самастойна», — заўважае Андрэй Мачалаў.

Але ў канцы мінулага года Следчы камітэт прапанаваў ноу-хау: увесці завочныя крымінальныя суды.

Па словах юрыста, такі варыянт прыцягнення чалавека да крымінальнай адказнасці парушае агульныя прынцыпы крымінальнага права і супярэчыць рэкамендацыям міжнародных інстытутаў: «Адсутнічае права на абарону, права прадастаўляць доказы і г. д. Так, завочная вытворчасць існуе ў многіх краінах. Аднак варыянт, які прапануецца ўвесці ў Беларусі, вельмі катэгарычны і парушае многія прынцыпы».

Два шляхі. Абодва тэарэтычныя

Адвакат не выключае, што суд можа прыняць рашэнне аб канфіскацыі маёмасці завочна асуджанага. Тэарэтычна, ёсць два шляхі.

Першы — спецканфіскацыя. «Спецыяльная канфіскацыя ўжываецца ў дачыненні да маёмасці, здабытай злачынным шляхам або набытай на сродкі, здабытыя злачынным шляхам; даходу, атрыманага ад выкарыстання гэтай маёмасці, прадметаў злачынства, прылад і сродкаў здзяйснення злачынства», — каментуе Андрэй Мачалаў.

Напрыклад, у карупцыйных справах прымяняецца спецыяльная канфіскацыя незаконнага ўзнагароджання або маёмасці, набытай на такія сродкі. У выпадку незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці — гэта ўся выручка, атрыманая ад такой дзейнасці.

Нагадаем, што ў 2019 годзе Крымінальны кодэкс быў зменены, і з яго была выключаная канфіскацыя, як дадатковы від пакарання (тое, што па тэлебачанні гучыць як «пазбаўленне волі з канфіскацыяй маёмасці»).

«Але нельга выключаць, што на шляху дэлібералізацыі такі дадатковы від пакарання можа вярнуцца ў крымінальны закон, — дадае Андрэй Мачалаў. — Разам з тым, як вядома, закон зваротнай сілы не мае і ўжыць такі від пакарання да асоб, якія ўчынілі злачынствы да яго ўвядзення, немагчыма».

Другі шлях — грамадзянскі іск, які можа падаваць фізічная, юрыдычная асоба або пракурор. «Асноўнай эканамічнай санкцыяй у палітычных крымінальных справах з'яўляецца менавіта грамадзянскі іск, накіраваны на пакрыццё нанесенай шкоды», — падкрэслівае адвакат.

Ён заўважае, што ў беларускім крымінальным працэсе таксама існуе практыка прызнання несапраўднымі здзелак, якія былі накіраваныя на ўтойванне маёмасці, здабытай злачынным шляхам або набытай на такія сродкі.

Гэтая практыка часта выклікае крытыку, бо пры наяўнасці адпаведных патрабаванняў пракуратуры, межы даказвання значна зніжаюцца і суд часцяком прымае нават самыя непераканаўчыя доказы.

«Можа быць прызнаны несапраўдным дагавор дарэння кватэры толькі з падставы, што дарыльшчык здзейсніў здзелку незадоўга да свайго затрымання. Пры гэтым высновы судоў па такіх справах часта грунтуюцца на здагадках», — прыводзіць прыклад юрыст.

«Спагнанне можа быць звернутае толькі на долю асуджанага»

Нават калі ўсе вышэйпералічаныя недарэчнасці атрымаецца абысці, узнікнуць іншыя пытанні. Напрыклад, калі ў кватэры прапісаны нехта, акрамя завочна асуджанага? Або гэта сумесна нажытая маёмасць?

«Канфіскацыі сумесна нажытай маёмасці мужа і жонкі (у выпадку прымянення спецыяльнай канфіскацыі) або зварот на яго спагнанне ў кошт аплаты штрафу або грамадзянскага іску з'яўляецца асобным пытаннем, якое мае шмат нюансаў. Па агульным правіле, спагнанне можа быць звернутае толькі на долю асуджанага ў сумесна нажытай маёмасці», — мяркуе Андрэй Мачалаў.

Да таго ж, па его словах, канфіскацыя або спагнанне не могуць быць ужытыя ў дачыненні да адзінага жылля, у якім пражывае асуджаны або члены яго сям’і.

З улікам усіх акалічнасцяў, адвакат лічыць канфіскацыю маёмасці ў палітычных мэтах малаверагоднай і называе гэта спекуляцыяй.

Юрыст: Звышпаўнамоцтвы УНС могуць выклікаць перакос у працы дзяржаўных органаў і справакаваць канстытуцыйны крызіс 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
1
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру