Фота: Peter Macdiarmid / Getty Images

Фота: Peter Macdiarmid / Getty Images

Іспанская газета El País апублікавала поўны тэкст адказаў ЗША і НАТА па прапанаваных Расіяй у снежні гарантыях бяспекі. Гаворка ідзе пра два дакументы на англійскай мове: адказ альянса на чатырох старонках і адказ Вашынгтона на пяці старонках, піша РБК.

У адказе з боку ЗША гаворыцца, што Злучаныя Штаты гатовыя абмеркаваць з Расіяй узаемныя абавязацельствы па абмежаванні разгортвання наступальных ракетных сістэм і сіл ва Украіне, а таксама пачаць дыялог па пытаннях кантролю за ўзбраеннямі ў сферы ракет сярэдняй і меншай далёкасці.

Акрамя гэтага, ЗША гатовыя:

абмеркаваць з Расіяй меры ўмацавання даверу пры правядзенні вучэнняў у Еўропе;

устрымацца ад размяшчэння ядзернай зброі ва Усходняй Еўропе;

пачаць дыялог аб кантролі над узбраеннямі ў абмен на вывад войскаў і міратворцаў з Крыма, Прыднястроўя, Паўднёвай Асеціі і Абхазіі;

працягнуць працу ў рамках Рады Расія — НАТА;

працягваць абмеркаванне пытанняў бяспекі і іх інтэрпрэтацыі з боку Расіі;

даць доступ расійскім інспекцыям да аб'ектаў супрацьракетнай абароны ў Румыніі ў абмен на агляд расійскіх аб'ектаў;

уключыць новыя віды ядзерных сістэм у далейшыя пагадненні па кантролі над узбраеннямі;

Разгледзець дадатковыя меры па прадухіленні інцыдэнтаў з Расіяй на моры і ў паветры.

«Пазіцыя ўрада ЗША заключаецца ў тым, што прагрэс па гэтых пытаннях [раззбраення і двухбаковага даверу] можа быць дасягнуты толькі ва ўмовах дээскалацыі пагрозлівых дзеянняў Расіі ў дачыненні да Украіны», — сказана ў адказе з боку ЗША.

ЗША таксама адзначылі, што менавіта Расія парушыла давер, які ляжыць у аснове супрацоўніцтва дзвюх краін, і «кінула выклік асноватворным прынцыпам глабальнай і еўраатлантычнай архітэктуры бяспекі». Акрамя таго, Вашынгтон папярэдзіў, што далейшае нарошчванне Расіяй сваіх вайсковых сіл або агрэсія супраць Украіны прывядзе да аналагічных крокаў з боку ЗША і саюзнікаў.

У МЗС Расіі не сталі пацвярджаць ці абвяргаць сапраўднасць апублікаваных Pais дакументаў, накіравалі з гэтым да ЗША.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0