Фота: ТАСС

Фота: ТАСС

Крэмль: транзіт праз Расію яшчэ не пачынаўся

Як заявіў сёння, 2 лютага, афіцыйны прадстаўнік Крамля Дзмітрый Пяскоў, транзіт беларускага калію праз Расію яшчэ не пачынаўся — пытанне на стадыі абмеркавання.

Таксама ён прапанаваў журналістам звярнуцца ў профільнае міністэрства: «Усё ж такі хутчэй трэба гэтае пытанне адрасаваць у Мінэканамразвіцця, хацеў бы вас туды перанакіраваць.

Гэтае пытанне на парадку дня, яно абмяркоўваецца. Калі я не памыляюся, пакуль гэтыя патокі яшчэ не пачаліся, але яно на парадку дня. Па дэталях усё-такі — лепш у Мінэканамразвіцця».

Reuters: Індыя можа закупіць адзін мільён тон угнаенняў

Па інфармацыі агенцтва, Беларусь і Індыя цяпер спрабуюць дамовіцца аб пастаўках аднаго мільёна тон калію. Аб гэтым паведамілі два індыйскія чыноўнікі, якія удзельнічалі ў перагаворах. Абодва заявілі, што здзелка можа быць заключаная ў лютым.

Індыя прапанавала Беларускай калійнай кампаніі адкрыць рахунак у рупіях у дзяржаўным індыйскім банку, паколькі санкцыі, уведзеныя ЗША і Еўрасаюзам, адрэзалі Мінск ад гандлю далярамі і еўра, піша агенцтва.

Reuters нагадвае, што Індыя амаль увесь калій імпартуе, прыкладна пятая частка (ад 4 да 5 мільёнаў тон) паступае з Беларусі.

Беларусь з усіх сіл спрабуе прадаваць калій, у той час як Індыя з усіх сіл спрабуе стрымаць рост коштаў пасля таго, як цэны на яго падскочылі да самага высокага ўзроўню больш чым за дзесяцігоддзе, паведаміў прадстаўнік кампаніі з Мумбаі, выступаючы на ўмовах ананімнасці.

У дзяржаўных СМІ Беларусі аб перамовах не згадваюць, аднак агенцтва БелТА паведамляе, што адбылася сустрэча кіраўніка Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай і амбасадара Індыі ў РБ Алока Ранджана Джа.

«Беларусь — самы буйны пастаўшчык калійных угнаенняў, а Індыя — іх самы вялікі спажывец», — адзначыў дыпламат.

Эканамісты: раней калій пастаўлялі праз Украіну, але з улікам цяперашняга геапалітычнага становішча казаць аб гэтым цяжка

Беларускія эканамісты Кацярына Барнукова і Алесь Аляхновіч выказваюцца наконт альтэрнатыўных шляхоў пастаўкі калію даволі скептычна.

«Як толькі пытанне санкцый пачало распрацоўвацца, прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка казаў, што распрацоўваюцца шляхі транзіту праз расійскія парты.

Але паўгода прайшло, ніякіх падпісаных дамоўленасцяў мы не бачым. Сапраўды, невядома, як Беларусь будзе пастаўляць калій за мяжу. Yara адмовілася пастаўляць з-за таго, што не бачыла магчымасцяў, як дастаўляць угнаенні ў Нарвегію», — нагадаў Алесь Аляхновіч.

Па яго словах, сітуацыі за пастаўкамі нафты (у прыватнасці, у Новаполацк) і каліем адрозніваюцца.

«У Расіі ёсць «Уралкалій» і «Еўрахім», якія валодаюць тэрміналамі і маглі б перавальваць беларускі калій, але яны не гараць жаданнем дапамагаць аднаму са сваіх канкурэнтаў», — дадала Кацярына Барнукова.

Дырэктарка цэнтра BEROC звярнула ўвагу на тое, што заявы з боку Масквы досыць няўпэўненыя, бо ёсць унутраныя канфлікты.

«Многія эксперты па лагістыцы ўспомнілі, што частка калію экспартавалася праз Украіну. У прыватнасці, па чыгунцы і праз порт Адэскай вобласці. Мясцовы тэрмінал можа перавальваць да 20% беларускага экспарту. Але, улічваючы сённяшнюю сітуацыю з геапалітычнай напружанасцю вакол Украіны, гаварыць пра гэта складана», — лічыць Кацярына Барнукова.

Чытайце таксама:

«Коммерсантъ»: Альтэрнатыўных варыянтаў для транспарціроўкі беларускага калію цяпер няма

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0