Бела-чырвона-белы сцяг з аўтографам мэра Рыгі прадалі на аўкцыёне за $12600

Справа за зняты сцяг у Рызе

Першая такая справа была заведзеная супраць мэра Рыгі Марціньша Стакіса і кіраўніка МЗС Латвіі Эдгарда Рынкевіча, калі вясной 2021 года ў латвійскай сталіцы замянілі чырвона-зялёны сцяг на бела-чырвона-белы падчас чэмпіяната свету па хакеі, які спачатку павінен быў праводзіцца адначасова ў Мінску і Рызе, але ў выніку нестабільнай грамадска-палітычнай сітуацыі Беларусь страціла права на правядзенне мерапрыемства.

Латвійскія чыноўнікі тлумачылі, што такім чынам хацелі падтрымаць беларускі народ, які паўстаў супраць рэжыму Лукашэнкі. Стакіс казаў, што атрымаў дзясяткі тысяч паведамленняў з падзякамі.

У пракуратуры такія дзеянні палічылі злачынствам супраць інтарэсаў Беларусі. Генпракурор завёў справу за здзек з дзяржаўнай сімолікі (арт. 370 КК — да 3 год пазбаўлення свабоды) і распальванне нацыянальнай варожасці (ч. 3 арт. 130 КК — да 12 год зняволення). «Гэта натуральная рэакцыя нашай дзяржавы на беспрэцэдэнтны, блюзнерскі крок у дачыненні да нашага сімвала», — патлумачыў Андрэй Швед.

«Калі мы гаворым пра злачынную дзейнасць, я прапаную спадару Лукашэнку дамагацца справядлівасці ў Гаазе (там знаходзіцца міжнародны крымінальны суд, але Беларусь не можа туды звяртацца, — заўв. НН). Там ён абавязкова адкажа на ўсе пытанні», — заявіў на гэта мэр Рыгі. 

«Гэта паказвае адчай і вар’яцтва рэжыма Лукашэнкі», — адзначыў кіраўнік МЗС Латвіі. 

Расследаванне справы перадалі Следчаму камітэту, які хацеў дапытаць падазраваных, але ўлады Латвіі адмовілі ў выдачы сваіх чыноўнікаў. У адказе было ўказана, што латвійскі бок не можа выканаць запыт. 

Справа аб генацыдзе 

З мінулага года Генпракуратура актыўна вядзе расследаванне па справе «аб генацыдзе беларускага народа». Адмыслова прыняты закон замацоўвае, што беларускім народам у гэтым кантэксце будуць лічыць усіх грамадзян, якія падчас Другой сусветнай вайны і пасля яе, да 1951 года, жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі і сталі ахвярамі нацыстаў. 

Ацэнку дзеянням нацыстаў, у тым ліку на тэрыторыі Беларусі, даў не толькі вядомы Нюрнбергскі трыбунал, дзе ад СССР былі прадстаўленыя суддзі і пракуроры, але і падобныя працэсы, якія праходзілі ў Мінску і іншых беларускіх гарадах пасля вайны. Нацызм на гэтых працэсах быў адназначна асуджаны. Тым не менш, у 2021 годзе ў беларускай пракуратуры вырашылі ўсур’ёз вярнуцца да гэтай тэмы.

Генпракурор Андрэй Швед. Фота: прэс-служба Генпракуратуры

Генпракурор Андрэй Швед. Фота: прэс-служба Генпракуратуры

Генеральны пракурор Беларусі заявіў, што наша краіна панесла больш сур’ёзныя страты падчас вайны, чым меркавалася раней. Таму яна будзе патрабаваць за гэта кампенсацыю.

Дэпутат парламента Ігар Марзалюк заявіў: «Калі мы дакажам у Міжнародным судзе, што супраць грамадзян нашай краіны быў мэтанакіраваны генацыд, гэта будзе надзвычай важны момант».

Застаецца незразумелым, які «міжнародны суд» маецца на ўвазе. Пагадненне па рэпарацыях паміж Германіяй і СССР, куды ўваходзіла і Беларусь, было дасягнутае яшчэ ў 1945 годзе на Патсдамскай канферэнцыі. 

Каму будуць прад’яўленыя абвінавачванні, пакуль незразумела — і з улікам даўніны падзей, і з улікам неадназначнага стаўлення да ініцыятывы беларускіх сілавікоў з боку і юрыстаў, і гісторыкаў.

Напрыклад, генпракуратура заяўляла, што былы прэзідэнт Літвы Валдас Адамкус, якому цяпер 95 год, мае дачыненне да дзейнасці 2-га (12-га) літоўскага батальёна пад кіраўніцтвам Імпулявічуса па мянушцы «Мінскі мяснік».

Батальён быў сфармаваны з добраахвотнікаў, якія жылі на тэрыторыі сучаснай Літвы, і праводзіў карныя аперацыі на тэрыторыі Мінска, Мінскай і Брэсцкай абласцей.

Пракуратура заяўляе, што «падчас расследавання крымінальнай справы трэба будзе высветліць ролю кожнага з ужо ўстаноўленых членаў гэтага батальёна, а таксама Валдаса Адамкуса ў генацыдзе мірных грамадзян». 

Валдас Адамкус. Фота: Delfi.lt

Валдас Адамкус. Фота: Delfi.lt

«Гэта абсурд, — адрэагаваў былы прэзідэнт Літвы. — Я нават не ведаю, што такія арганізацыі ўвогуле існавалі. Паняцця не маю, што яны рабілі і хто гэтыя людзі. Упершыню чую». 

Дырэктар інстытута гісторы Літвы Альвідас Нікжантайціс адзначае, што Валдас Адамкус у 1941 годзе быў падлеткам, а ў батальёне Імпулявічуса служылі дарослыя мужчыны, непаўналетніх у паліцэйскія батальёны тады не прымалі. 

«Няма дакладнай інфармацыі, якая пацвярджала б дачыненне Валдаса Адамкуса да дзейнасці батальёна, ні ў 1941, ні ў 1944 гадах. Мы назіраем чарговую спробу абвінаваціць літоўцаў у тым, што адбыўся Халакост», — заявіў гісторык.

Генпракуратура ў межах расследавання звярнулася да 17 краін па прававую дапамогу. Следчыя хацелі дапытаць таго ж Адамкуса ў якасці сведкі, але вядома, што Літва адмовіла беларускім сілавікам. Такая ж адмова прыйшла і ад Латвіі. 

Справа супраць польскага суддзі

На днях крымінальную справу завялі супраць суддзі з Варшавы. Генпракуратура лічыць, што Дарыюш Любоўскі займаўся распальваннем нацыянальнай і сацыяльнай варожасці (ч. 3 арт. 130 КК — да 12 год заняволення).

Прычынай стала заява суддзі, які разглядаў справу блогера Сцяпана Пуцілы і адмовіў у выдачы. Раней беларускія ўлады спадзяваліся дабіцца экстрадыцыі праз польскіх сілавікоў, але тыя таксама адмовілі. Любоўскі сваё рашэнне патлумачыў тым, што «нельга выдаць чалавека толькі за тое, што гэтага хоча псіхапатычны дыктатар».

Суддзя Дарыюш Любоўскі. Фота: скрыншот відэа

Суддзя Дарыюш Любоўскі. Фота: скрыншот відэа

«Гэта стандарт дэмакратычных краін і дэкларацыі правоў чалавека, Канстытуцыі Польшчы, што суды кіруюцца правамі чалавека, а не падвойнымі стандартамі, як гэта адбываецца ў Беларусі», — дадаў суддзя.

«Падчас пасяджэння Дарыюш Любоўскі публічна распаўсюдзіў заведама недакладную інфармацыю, накіраваную на распальванне нацыянальнай і сацыяльнай варожасці, абразіў і здзейсніў паклёп на вышэйшых службовых асоб Беларусі, — заявілі ў Генпракуратуры. — Падобныя дзеянні афіцыйнай службовай асобы, якая выступае ад імя польскай дзяржавы, сведчаць аб яўным непрафесіяналізме, ігнараванні асноўных прынцыпаў ажыццяўлення правасуддзя і міжнародных абавязацельстваў.

Пацвярджаюць свядомую тэндэнцыйнасць і сфабрыкаванасць судовага працэсу па канкрэтнай крымінальнай справе, яго палітызаванасць і заказны характар. Працэдура абвяшчэння рашэння была відавочна тэатралізаваная».

Следчы камітэт, якому даручылі расследаванне, відаць, паспрабуе дапытаць польскага суддзю. Але наўрад ці спроба будзе паспяховай з улікам таго, як апошнія два гады еўрапейскія спецслужбы і суды рэагуюць на запыты Генпракуратуры па справах, звязаных з палітычнай пазіцыяй. 

Справа супраць польскіх сілавікоў 

Пацярпелыя ад дзеянняў сілавікоў у 2020 і 2021 годзе неадразова звярталіся ў СК з просьбай завесці крымінальныя справы, у тым ліку за злачынства супраць бяспекі чалавецтва (арт. 128 КК, злачынства без тэрміна даўніны, за яго прадугледжанае самае суровае пакаранне, ажно да расстрэлу).

Ніводнай крымінальнай справы СК не завёў, больш за тое, абвінаваціў пацярпелых, што яны звярталіся з заявамі, каб пасля патрабаваць санкцый супраць Беларусі.

Мігранты сякуць дрэвы, каб сагрэцца падчас начоўкі ў беларускім лесе

Мігранты сякуць дрэвы, каб сагрэцца падчас начоўкі ў беларускім лесе

Але сёлета СК упершыню завёў справу па арт. 128 КК, але супраць польскіх сілавікоў. Гэта стала адказам на міграцыйны крызіс, калі тысячы выхадцаў з Усходу спрабавалі нелегальна прарвацца з Беларусі на тэрыторыю Польшчы.

Невядома, ці ўстанавілі ў СК фігурантаў справы, інфармацыі аб запыце на выдачу не было, але Генпракуратура мае намер адправіць у ЕС, у тым ліку ў Еўрапарламент, пяць тамоў крымінальнай справы, з просьбай даць прававую ацэнку польскім сілавікам. Як мы адзначылі вышэй, звярнуцца ў міжнародны крымінальны суд у Гаазе Беларусь папросту не можа, паколькі наша краіна не з’яўляецца дзяржавай-удзельніцай Рымскага статута. 

А сілавікі маюць права заводзіць такія справы?

Ва ўсіх пералічаных выпадках ідзе гаворка пра грамадзян замежных краін, якія, па версіі беларускіх сілавікоў, здзейснілі злачынствы, але адблося гэта не на тэрыторыі Беларусі. Узнікае лагічнае пытанне: а ці мае права СК, КДБ і пракуратура заводзіць такія справы?

Тут сілавікі спасылаюцца на механізм універсальнай юрысдыкцыі. Гэта прыцягненне да крымінальнай адказнасці незалежна ад месца здзяйснення злачынства або грамадзянства абвінавачанага ці пацярпелага.

Падпадае пад такі механізм не кожнае злачынства, а толькі тыя, што пасягаюць на сусветны публічны парадак, выклікаюць парушэнне міжнародных нормаў — напрыклад, генацыд, катаванні, вайсковыя злачынствы, міжнародны тэрарызм.

Менавіта таму супраць латвійскіх чыноўнікаў завялі справу не проста за здзек са сцяга, але і за распальванне варожасці. А супраць польскага суддзі не толькі за абразу і паклёп на беларускага чыноўніка, але таксама за распальванне варожасці. 

Яшчэ адно пытанне: а якія наступствы для фігурантаў справы могуць выклікаць дзеянні беларускіх сілавікоў? Ужо бачна, што выдаваць сваіх грамадзян замежныя краіны не збіраюцца. Так што пакуль следчыя не могуць іх ні дапытаць, ні выставіць абвінавачванні, ні прыняць рашэнне аб меры ўтрымання. А суды, у сваю чаргу, не могуць пачаць працэсы. 

Аднак нагадаем, што СК прапанаваў увесці практыку завочных судоў. Кіраўнік Рады бяспекі Аляксандр Вальфовіч адразу заявіў, што так судзіць пачнуць па справах, звязаных з палітычнай пазіцыяй, але ніхто не будзе прымаць закон пад умоўную Ціханоўскую ці Латушку.

Пачаць могуць з іх, але гэта развязвае рукі далей судзіць такім чынам любога бізнэсмена, які з’ехаў з Беларусі, ці нават замежніка, супраць якога беларускія сілавікі завядуць справу.

Над чалавекам не проста будзе вісець тэрмін, гэта можа ўскладніць яго перасоўванне па свеце, калі яго ўключаць у міжнародны вышук. Як будзе дзейнічаць інтэрпал у гэтым выпадку, пытанне адкрытае. 

Канфіскацыя маёмасці ў тых, хто з'ехаў, — спекуляцыя ці рэальная пагроза? Каментарый юрыста

Гісторык Аляксандр Фрыдман: У Ізраілі закон «Аб генацыдзе беларускага народа» выклікаў абурэнне

Клас
0
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0