Фота: РИА «Новости»

У атмасферы нашага рэгіёна апошнія месяцы адчувальна патыхае порахам. Канцэнтрацыя расійскіх войскаў на мяжы з Украінай, спехам спланаваныя расійска-беларускія вайсковыя вучэнні на тэрыторыі Беларусі, дыслакацыя вялікай колькасці расійскіх войскаў у асноўным на Палессі непадалёк ад паўднёвай мяжы, рэзкія выказванні расійскіх і заходніх палітыкаў, нагнятанне атмасферы аточанага амаль з усіх бакоў лютымі ворагамі бастыёна з боку Лукашэнкі і яго служкаў… Пералік можна працягваць і працягваць.

Калі раней заявы пра тое, што ўсё можа скончыцца вялікай вайной, часцей за ўсё ўспрымаліся як фантазіі алармістаў, то цяпер усё выглядае куды больш сур’ёзна. І нават людзі, да панікі з любой нагоды не схільныя, цяпер ад адназначных аптымістычных прагнозаў устрымліваюцца.

Бо ў такіх умовах рэальны ваенны канфлікт можа ўспыхнуць нават незалежна ад волі палітыкаў. А пасля яго ўжо не спыніць, не стрымаць…

У той жа час вядома, што для палітыкаў, не абцяжараных маральнымі нормамі, войны нярэдка бываюць інструментамі для ўмацавання улады, сродкам адцягвання ўвагі грамадскасці ад унутраных праблем, якім па аб’ектыўных, ці часцей суб’ектыўных абставінах, не ўдаецца даць рады.

Яшчэ з пачатку ХХ стагоддзя гісторыкамі і аналітыкамі даволі шырока ўжываецца паняцце «маленькай пераможнай вайны», як магчымасці для непапулярнай улады асвяжыць свой падвялы рэйтынг, надаць уласнай палітычнай кар’еры другое дыханне.

Упершыню гэты выраз нібыта ўжыў у 1904 годзе міністр унутраных спраў Расійскай імперыі Вячаслаў Плеве, аргументуючы неабходнасць вайны з Японіяй, якая не ўспрымалася — як аказалася, памылкова — у якасці сур’ёзнага праціўніка. Маўляў, пераможам малой крывёй, народ ад гэтага натхніцца і за эйфарыяй ад перамогі часова забудзецца пра ўласныя праблемы.

Разлікі расійскіх стратэгаў пачатку ХХ стагоддзя не апраўдаліся, у першую чаргу таму, што яны яўна недаацанілі праціўніка. Але ўвогуле, «маленькія пераможныя войны» часта сапраўды робяцца тым фактарам, які дазваляе ўладзе, што патрапіла ў крызіс легітымнасці, цалкам ці часткова аднавіць яе.

Калі на фронце ўсё складваецца паспяхова, то тыя праблемы ўзаемаадносін, якія гэты крызіс выклікалі, адыходзяць на другі план перад маштабнасцю здзейсненага, дазваляюць казаць усім і ўсюды, што вось, маўляў, хоць многае ў нас і не атрымлівалася, але ж тут поспех несумненны! І значыць, за гэта можна ўладам іншыя, менш паспяховыя дзеянні прабачыць ці прынамсі адкласці іх разгляд і ацэнку некуды на пасля.

Першае, што згадваецца з канкрэтных прыкладаў — Расія ў 2014 годзе.

Развязаная пуцінскім рэжымам вайна ва Украіне дазволіла яму тады згуртаваць вакол сябе ледзь не ўсё расійскае грамадства, дабіцца казачных рэйтынгаў, якія дасягалі 83 %. Хоць дагэтуль шмат казалася і пісалася пра тое, што расіяне ўжо прытаміліся ад нязменнасці не надта спраўнай і карумпаванай улады, хочуць чагосьці новага.

Захоп Крыма зрабіў, вядома, тут пералом. Што казаць, калі нават многія расіяне з раней нібыта ліберальнай рэпутацыяй тады не ўтрымліваліся, каб не ўліцца ў агульны хор з лозунгам «Крым наш!», ставячы на гэтай рэпутацыі калі не тлусты крыж, то прынамсі буйную нязмыўную пляму.

Здавалася б, і такому палітыку, як Лукашэнка, варта было б хацець для сябе нечага такога. Ці не была б і для яго «маленькая пераможная вайна» спосабам, які дазволіў бы ўсё ж такі узняць угару свой даўно намёртва захраслы на мяжы ў пару дзясяткаў працэнтаў рэйтынг і тым самым аднавіць унутраную легітымнасць?

Але не ўсё так проста.

Бо «маленькая пераможная вайна» — спосаб хоць часам вельмі дзейсны, але ніяк не ўніверсальны. Ён працуе толькі ў тых умовах, калі на грамадскае жыццё ў краіне рэальна ўплываюць некалькі фактараў, а найлепш, нават мае месца іх збег і камбінацыя.

Першы фактар — калі нейкі народ мае складаныя гістарычныя адносіны з суседзямі, прытым складанасці гэтыя ўспрымаюцца і эмацыйна перажываюцца на ўзроўні ўсяго грамадства. Ёсць нейкія нясплачаныя рахункі за гістарычныя крыўды, тэрытарыяльныя спрэчкі, наяўнасць у складзе суседняй дзяржавы тэрыторый, якія іншы народ — абгрунтавана ці не, не так важна — лічыць спрадвечна сваімі.

І, як дадатковы важны эмацыйны момант — наяўнасць на гэтых тэрыторыях шматлікіх кампактна расселеных суродзічаў, якія — зноў такі, рэальна ці ўяўна, — пакутуюць пад ярмом прыгнёту і дыскрымінацыі і толькі чакаюць, калі крэўныя з-за мяжы прынясуць ім вызваленне і ўз’яднанне.

Другі фактар — тое, што завецца імперскім, ці вялікадзяржаўным светапоглядам народа. Калі ёсць вялікая дзяржава, што цягам стагоддзяў адыгрывала ролю рэгіянальнага лідара, пашырала сваю тэрыторыю і палітычныя ўплывы. І грамадства з гэтым вялікадзяржаўным статусам сваёй краіны ды свайго народа настолькі зжылося, настолькі лічыць яго натуральным, што спробы дзяржаўнага кіраўніцтва любой цаной ці аднавіць, ці ўзмацніць гэты ўплыў успрымае як нешта само сабой зразумелае. Калі такія спробы робяцца, то ў іх нават непапулярнаму ўраду можа быць забяспечаная масавая падтрымка, часта насуперак здароваму сэнсу. Калі гаворка пра святое, рацыянальнасць сарамліва маўчыць.

І, нарэшце, трэці фактар, цесна звязаны з другім — месіянская ментальнасць, пашыранае ў грамадстве ўяўленне пра сваю выключную місію ў цэлым свеце, нейкую асаблівую «духоўнасць», валоданне надзвычайнымі якасцямі і ідэямі, якія мусяць пашырацца як мага далей, і тым самым ратаваць недасканалы свет ад немінучай дэградацыі і распаду.

Ці можа нешта такое спрацаваць у беларускім выпадку? Вось уявім сабе ідэальную для Пуціна і Лукашэнкі сітуацыю. У пэўны момант расійскае войска, сканцэнтраванае на мяжы з Украінай, пераходзіць у наступленне, змінае магутным кулаком супраціў украінскай арміі і ставіць нашу паўднёвую суседку на калені. А Захад, нягледзячы на рашучыя заявы напярэдадні, рэальна ваяваць не хоча, і па сутнасці не ўмешваецца, абмяжоўваючыся заклапочанасцю і санкцыямі, можа, і балючымі, але не смяротнымі.

Беларускае войска ўбаку пры гэтым не застаецца, таксама ўдзельнічае ў баявых дзеяннях, адпаведна, аказваецца сярод пераможцаў гэтай вайны, і нават страты нясе адносна невялікія.

Ці не дараваў бы беларускі народ у такім выпадку Лукашэнку ўсе яго цяжкія грахі, а цяперашнія пагарда і нянавісць ці не замяніліся б на павагу і любоў? Ці прынамсі на «аддаванне належнага» і змякчэнне стаўлення?

Упэўнены, што ў беларускім выпадку ваенны канфлікт з любым яго зыходам не будзе для Лукашэнкі карысным. У адрозненне ад Расіі (дзе таксама, дарэчы, не факт, што ўдасца другі раз з тым жа поспехам увайсці ў тую ж раку), любая захопніцкая вайна сярод беларусаў асуджаная на непапулярнасць.

Бо тое, што беларусы ў масе сваёй не хочуць вайны і не імкнуцца вырашаць свае праблемы такім коштам — не міф, а рэальны стан рэчаў. У настроях, характэрных для нашага грамадства, тыя пералічаныя вышэй фактары, якія звычайна спрыяюць мілітарнай мабілізацыі народа, проста адсутнічаюць.

Па-першае, немагчыма беларусаў падняць на канфлікт з суседзямі пад лозунгамі «аднаўлення гістарычнай справядлівасці», вяртання «страчаных» тэрыторый, дапамогі «суайчыннікам пад ярмом» і падобных.

Беларусам не цесна ў межах сваёй краіны, і для пераважнай большасці паняцце Беларусі за іх не выходзіць.

Канечне, як і ва ўсіх іншых народаў рэгіёна, гістарычныя этнаграфічныя межы рассялення беларусаў не зусім супадаюць з лініяй сённяшняй дзяржаўнай мяжы. Але гэтым калі нехта і пераймаецца, то толькі мізэрная частка народа.

Большасць беларусаў цяперашнія межы цалкам задавальняюць і нечага набываць яшчэ яны не хочуць і не разумеюць, навошта. Як, дарэчы, і рэжым Лукашэнкі, які, больш за чвэрць стагоддзя знаходзячыся ва ўладзе, чаго-чаго, а акрэсленых тэрытарыяльных прэтэнзій да суседзяў ніколі не выказваў.

У прынцыпе неўласцівыя беларусам і імперскасць, і месіянскія ідэі. Так, шматгадовая русіфікацыя прывяла да таго, што беларусы ў пераважнай большасці перайшлі на рускую мову, знаходзяцца пад уплывам расійскай масавай культуры. Гэтага адмаўляць немагчыма, і гэта, безумоўна, аказвала, аказвае і будзе аказваць вялікі ўплыў на сучаснасць і будучыню беларускага народа.

Але ў той жа час казаць, што моўная русіфікацыя ператварыла беларусаў ментальна ў рускіх — уяўленне крайне памылковае. Асаблівасці нацыянальнага светапогляду захоўваюцца, і непапулярнасць экспансіянісцкіх ідэй, клопат больш пра ўладкаванне ўласнага дома, а не пра ратаванне свету — адна з якасцяў, якая беларусаў ад рускіх вельмі адрознівае.

Характэрныя ў гэтым плане вынікі апытання яшчэ ў той час да канца не разгромленага Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД), праведзенага ў 2014 годзе і прысвечанага стаўленню беларусаў да ўзброенага канфлікту ва Украіне, анексіі Крыма і вайне на Данбасе. Знаходзячыся ў значнай ступені пад уплывам расійскага тэлебачання, якое да таго часу ўжо некалькі месяцаў вяло інтэнсіўную і агрэсіўную антыўкраінскую прапаганду, беларусы, паводле сацыёлагаў, у большасці падзялялі тады расійскі погляд на праблемы. Пагаджаліся з «гістарычнай справядлівасцю» далучэння да Расіі Крыма, у цэлым праз расійскія акуляры глядзелі на падзеі, што разгарнуліся ў Данбасе.

Але ў той жа час катэгарычна былі супраць таго, каб непасрэдна лезці ў расійска-ўкраінскія дачыненні самім.

74,8% былі супраць таго, каб даваць тэрыторыю Беларусі расійскім войскам для атакі на Украіну, 76,9% супраць якога б то ні было ўдзелу ў ваенных дзеяннях, на любым баку, беларускіх грамадзян. Ды нават і тое, каб войскі ва Украіну ўводзілі самі расіяне, успрымалі без энтузіязму — 53,6% ставіліся да такой перспектывы адмоўна, а «за» былі толькі 14%.

Апытанні ў Расіі, якія праводзіліся ў тыя ж часы, фіксавалі зусім іншую карціну: там за ўвод расійскіх войскаў, то-бок за перарастанне гібрыднай расійска-ўкраінскай вайны ў самую сапраўдную, былі ад 74% у сакавіку да 43% у жніўні 2014-га.

Калі такія настроі былі ў беларусаў тады, то яўна яны не маглі памяняцца і цяпер, асабліва пасля таго, як краіна і грамадства прайшлі праз балючыя выпрабаванні 2020—2021 гадоў.

Таму любая вайна, у якую па сваёй волі ці насуперак ёй ублытаецца беларускі рэжым, асуджаная быць сярод насельніцтва вельмі непапулярнай. Ніякіх высокіх мэтаў, дзеля якіх беларусы гатовыя былі б лічыць панесеныя падчас яе ахвяры, у першую чаргу чалавечыя, хоць і балючымі, але неабходнымі, у прыродзе няма, а штучна іх навязаць немагчыма.

Думаю, Лукашэнка таксама гэта добра разумее, і таму сам да рэальных ваенных дзеянняў з удзелам беларусаў імкнуцца наўрад ці будзе. Але ў той жа час вельмі зацікаўлены ў гульнях з бразганнем зброяй. Небяспека ж перадусім у тым, што ён завёў Беларусь у татальную эканамічную і палітычную залежнасць ад Масквы. І таму цяпер ужо не так шмат значыць яго асабістае жаданне ці нежаданне.

Чытайце таксама:

Калі Расія нападзе на Украіну з беларускай тэрыторыі, ці будуць украінцы біць па Беларусі?

«Адбываецца руцінізацыя ідэі вайны, яе магчымасці». Чаму Лукашэнка гаворыць пра вайну як нешта непазбежнае?

Газета Аляксандра Лукашэнкі назвала Украіну «еўрапейскім Самалілэндам». Але гэта не адзінае азначэнне

Зянон Пазняк: Беларуская тэрыторыя зараз — пад кантролем расійскага войска, і Лукашэнка нічога не можа зрабіць

Давід і Галіяф: параўноўваем сілы расійскай і ўкраінскай армій

«Мы восьмы год ваюем і прывыклі». Што ва Украіне думаюць пра магчымае расійскае і беларускае ўварванне?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру