«Працую ў дзіцячым садку абласнога цэнтра: хварэе палова калектыву, — расказвае жанчына. — Групы аб’ядноўваюць, на дзве групы — адзін выхавацель. Часам выхавацеляў замяняюць фізрукі, нават псіхолаг. 

Прапануюць падпрацоўкі, але ўсе з неахвотай, бо аплачваецца мізэрна, а стамляешся капец як. У нас працуе 18 педагогаў, 4 спецыялісты. З гэтай колькасці шасцёра адсутнічаюць (але адзін з іх на вучобе). Памочнікаў 12: з іх хварэюць пяцёра. Абедзве кухонныя рабочыя таксама захварэлі.

Частка перанесла хваробу на нагах (як я, напрыклад), бо валасы варушацца ад тых чэргаў у паліклініках. І пазаражалі, канечне, іншых.

Ці не мучае сумленне? Мучае. Але хто мне дасць бальнічны з тэмпературай 37? У нас ёсць выпадкі, што і з тэмпературай не давалі бальнічны. Хаця, канечне, гэта апраўдванне сябе.

У калектыве прышчэпленыя не ўсе, але шмат хто, бо начальства пагражала не даць нейкую дадатковую прэмію».

«Двое дзяўчат не здолелі атрымаць лісткі непрацаздольнасці, бо вялікія чэргі ў паліклініцы»

Іншы работнік невялікага дзяржпрадпрыемства расказвае:

«З адзінаццаці работнікаў адміністрацыі нашага прадпрыемства хварэюць трое. Двое дзяўчат не здолелі атрымаць лісткі непрацаздольнасці, бо вялікія чэргі ў паліклініцы, і стаяць на вуліцы 4-5 гадзін не здолелі.

Доктар дадому не ідзе. Вырашана было даць ім тры дні на лячэнне ў хатніх умовах з выплатай заробку. Потым, мабыць, будуць на працы зноў. Наколькі я ведаю, гэтыя дзяўчаты не прышчапляліся.

Канечне, не пажадана іх бачыць, таму адна застанецца працаваць з дому некаторы час. Другую будзем трымаць у масцы ў пятніцу і на тым тыдні. Але хварэе і начальства, якое рабіла прышчэпкі: дырэктар, які вакцынаваўся тройчы».

«Адзін аддзел увогуле без супрацоўнікаў, усе захварэлі»

«Я працую ў прыватнай арганізацыі. На гэтым тыдні з 14 супрацоўнікаў было толькі 9, астатнія хварэюць. Адзін аддзел увогуле без супрацоўнікаў, усе захварэлі, — кажа чытачка з Мінска. — У мяне сям'я з 4 чалавек. Усе дома, мы з мужам хворыя на «амікрон». Дачка вучыцца ў адной з гімназій Мінска — іх перавялі на аддаленае навучанне на тыдзень, бо няма каму заняткі весці».

Недзе людзі хварэюць, але начальства ставіцца да сітуацыі нармальна.

«Усяго на нашым прадпрыемстве каля 50 чалавек, з іх пацверджаны кавід у дзевяці чалавек. Дазволена не выходзіць на тры дні на працу пры наяўнасці прыкмет захворвання. Кіраўнікам загадана не дапускаць да працы хворых падначаленых. Працаваць за іншых не прымушаюць — хапае і сваёй працы», — піша чытач.

«Літаральна за пару дзён на мінулым тыдні амаль палова офіса захварэла»

Яшчэ адзін чытач расказвае:

«На даволі доўгі час нас пераводзілі на працу з дома, гэта было яшчэ ў часы мінулых хваляў. Потым вярталі назад у офіс. 

Але ў апошнія месяцы, з канца лета яшчэ, аддаленую працу закрылі, усе вярнуліся ў офіс, акрамя мяне. Я проста сказаў, што альбо звальняйце, альбо я працую з дома. І вось, літаральна за пару дзён на мінулым тыдні амаль палова офіса (усяго 20 чалавек у ім) захварэла.

З таго, што ведаю, у каго прышчэпак няма, у тых за 38 тэмпература, але нічога сур'ёзнага; хто вакцынаваўся, тыя альбо не захварэлі, альбо проста насмарк, адна дзяўчына ўвогуле даведалася пра кавід толькі калі ўзялі пцр у яе. Ну і адразу ж усіх па дамах адправілі».

«Кіроўца захварэў, але няма рэзерву»

Таксама рэгіянальныя СМІ пацвярджаюць — сітуацыя складаная.

У Маладзечанскім аўтапарку №4 мусіць быць 127 кіроўцаў, але працуюць толькі 92, з якіх яшчэ і 19 чалавек на бальнічным.

«Кіроўца захварэў, але няма рэзерву. У 2021 годзе мы паднялі кіроўцам зарплаты на 35%, людзі зараблялі па 1 500 рублёў, але не ўсіх задавальняў напружаны графік — супрацоўнікі сыходзілі. А цяпер людзі хварэюць.

Фота ілюстрацыйнае

Фота ілюстрацыйнае

Калі выйдуць з бальнічнага, сітуацыя ў транспартным абслугоўваннем палепшыцца. Цяпер здараецца, што і ў горадзе аўтобусы на лінію не выходзяць.

Асабліва апошні тыдзень. Проста таму, што няма каму ехаць ці аўтобус перанакіраваны на прыгарад, дзе ходзіць па адным аўтобусе ў кожным кірунку, і альтэрнатывы там няма», — распавёў парталу Kraj.by Уладзімір Шкода намеснік дырэктара аўтапарка №4 Маладзечна.

***

Тым часам дзяржава супакойвае, што ўсё ў парадку. Міністр аховы здароўя Піневіч кажа, што цяпер узровень шпіталізацыі складае не больш за 30% ад восеньскага піку, у рэанімацыі знаходзяцца 25-30% пацыентаў.

Нагрузкі на стацыянары Міністэрства аховы здароўя таксама не адзначае, аднак да яе медыкі гатовыя: па неабходнасці будуць разгортвацца дадатковыя ложкі, ёсць і неабходныя медыкаменты.

Але адначасова беларусаў заклікаюць не праводзіць вечары сустрэч выпускнікоў, якія традыцыйна праходзяць на пачатку лютага. А ў Смаргоні нават правялі рэйд па выкананні масачнага рэжыму. Праўда, незразумела, навошта — абавязковы масачны рэжым быў скасаваны яшчэ ўвосень 2021-га пасля абурэнняў Лукашэнкі.

Чытайце яшчэ:

Катастрофа ў паліклініках. Гіганцкія чэргі на чатыры-шэсць гадзін, сотні людзей у калідорах

«Каб не кавід, ён бы жыў і жыў». Беларусы, што страцілі блізкіх падчас пандэміі, расказваюць, як перажылі гэта

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0