Падчас сустрэчы.

Падчас сустрэчы.

Святлана Ціханоўская заклікала дэпутатаў Вярхоўнай Рады Украіны паспрыяць спыненню супрацы ўкраінскіх праваахоўных органаў з беларускімі «карнымі» службамі.

«Украіна не прызнала легітымнасць Лукашэнкі, і важна быць паслядоўнымі ў гэтым годным выбары. Не супрацоўнічаць з карнымі органамі, не весьці справы з тымі, хто займаецца палітычным пераследам беларусаў», — сказала Святлана Ціханоўская сёння падчас відэасустрэчы з дэпутатамі міжфракцыйнага аб’яднання «За дэмакратычную Беларусь» у Вярхоўнай Радзе Украіны.

Як паведамілі ў прэсавай службе Святланы Ціханоўскай, яна таксама звярнулася да ўкраінскіх дэпутатаў з просьбай рэалізаваць магчымасць надання беларусам-уцекачам статусу часовай абароны, які прадугледжаны ўкраінскім законам аб уцекачах і асобах, што патрабуюць дадатковай ці часовай абароны.

«Нават калі людзей немагчыма забяспечыць жытлом і матэрыяльнай падтрымкай, такі статус дазволіць грамадзянам Беларусі легальна знаходзіцца і працаваць ва Украіне»,

— адзначыла яна.

Святлана Ціханоўская заклікала дэпутатаў спрасціць шэраг працэдурных аспектаў у працэсе легалізацыі беларусаў, якія з'ехалі ва Украіну ад крымінальнага пераследу ў Беларусі.

Яна таксама адрэагавала на выклік украінскага амбасадара ў МЗС Беларусі з нагоды нібыта перахопленага ўкраінскага беспілотніка.

«Рэжым зацікаўлены толькі ў эскалацыі напружанасці. Гэта дазваляе яму адцягнуць увагу ад праблем, якія існуюць у Беларусі, і апраўдаць рэпрэсіі ды гвалт. Запэўніваю вас, беларусы лічаць украінцаў братамі, і любыя спробы рэжыму ўцягнуць Беларусь у канфлікт на баку Расіі абернуцца супраць яго».

У той жа час Святлана Ціханоўская лічыць заўчаснымі высновы наконт акупацыі Беларусі Расіяй:

«Рэальную ацэнку мы зможам даць пасля 20 лютага, калі зразумеем, ці пачаўся працэс вываду расійскіх войскаў з Беларусі. Так, пагроза ёсць, і мы працуем з міжнароднымі партнёрамі, каб, калі гаворка ідзе аб пагрозах Украіне, таксама гаварылі і аб пагрозах Беларусі. Вядома, мы будзем вітаць дыпламатычнае вырашэнне, але мы не можам дапусціць, каб цаной развязання крызісу стаў беларускі суверэнітэт».

Святлана Ціханоўская паведаміла, што гатовая наведаць Кіеў, а старшыня міжфракцыйнага дэпутацкага аб’яднання «За дэмакратычную Беларусь» у Вярхоўнай Радзе Украіны Аляксей Ганчарэнка, у сваю чаргу, заявіў, што найбліжэйшым часам накіруе ў Міністэрства замежных спраў Украіны запыт наконт арганізацыі такога візіту.

Аляксей Ганчарэнка таксама прапанаваў разам працаваць на пляцоўцы Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, каб актуалізаваць пытанне аб парушэннях правоў чалавека ў Беларусі.

«У часе размовы мы напрацавалі шэраг дзеянняў і кірункаў, па якіх у далейшым будзем актыўна супрацоўнічаць. Бо вольная дэмакратычная Беларусь — гэта гарантыя бяспекі і Украіны, і Еўропы», — сказаў Аляксей Ганчарэнка.

Чытайце таксама:

Святлана Ціханоўская сустрэлася з міністрам замежных спраў Даніі

Ціханоўская сустрэлася з прэм'ерам Літвы ў дзень спынення транзіту калію

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0