Чытачка звярнулася на гарачую лінію з пытаннем, чаму так рэзка вырасла колькасць хворых на каранавірус.
«Ужо не першы дзень новы штам гуляе, які называецца амікрон. Ён больш кантагіёзны, больш заразны», — патлумачыў спецыяліст Мінздароўя.
Але ж раней пры амікроне ў дзень было не больш за дзве тысячы выпадкаў, а апошняя афіцыйная лічба — амаль пяць тысяч. Што здарылася?
«Ну, такая няпростая сітуацыя», — адказалі на гарачай лініі.
Калі паглядзець статыстыку, то колькасць праведзеных тэстаў не заўсёды звязана з колькасцю новых выпадкаў. Напрыклад, 30 студзеня пры 43 тысячах тэстаў за мінулыя суткі зафіксавалі 2387 новых хворых на кавід, а 2 лютага пры 41,6 тысячы тэстах — 3634 кейсаў. Каля 1900 новых выпадкаў давала і 11 тысяч тэстаў (1 лютага), і 29 тысяч (31 студзеня).
Чытачка пацікавілася таксама, ці трэба цяпер зноў насіць маскі. Бо само Мінздароўя выкрасліла масачны рэжым з абавязковых правілаў, а з транспарту і іншых грамадскіх месцаў здзіралі налепкі з заклікамі насіць маскі.
«Адназначна!» — адказалі ў Мінздароўі.