«Што магло яго справакаваць, я і сама не разумею. Усе могуць сварыцца, ва ўсіх бываюць побытавыя скандалы. Так усё пачыналася і ў той вечар,— расказвала «Нашай Ніве» жанчына. — Апошнім часам мы фактычна не жылі разам з Сяргеем. Але ён прыходзіў да нас, наведваў. Заставаўся часам начаваць, але як сям’я мы ўжо не жылі.
Так было і 26 ліпеня. Мы сазваніліся, я ведала, што ён мусіць прыйсці. Але Сяргей прыйшоў нападпітку. Я сказала, што мне гэта не падабаецца, што мне гэта надакучыла.
Сяргей схадзіў на кухню, вярнуўся з нажом. Але тут у яго пазваніў тэлефон, гэта адцягнула яго ўвагу ад нас. Я ўзяла дачку і выбегла на вуліцу.
Але Сяргей нас там дагнаў, выбег і сказаў: я пажартаваў, пайшлі ў кватэру, чаго ты.
У той момант ён ужо быў без нажа. Я паверыла, мы пайшлі з ім у дом. Па дарозе дачка выплюнула соску на лесвічнай клетцы — я гэта заўважыла, але не стала акцэнтаваць увагу.
У хаце дачка заенчыла. Сяргей спытаў: дзе соска? Я кажу: яна выплюнула.
Сяргей загадаў мне схадзіць па соску. Я пайшла.
А калі вярнулася, ён кажа: ёй соска ўжо не патрэбная.
Ён пырнуў дзіця нажом. Але дачка была яшчэ жывая. Я пачала прасіць яго выклікаць хуткую, была ў такім шоку, што нават не ведаю, як і калі ён біў нажом мяне. Проста не памятаю. Я нават не разумела, што ў мяне таксама ёсць раны — бачыла, што кроў цячэ, але было не да таго. Проста не звяртала ўвагу.
Сяргей не даваў мне выклікаць хуткую. Пасля сказаў: я сыду і выклічаш дактароў. Загадаў мне зняць з сябе ўсе залатыя ўпрыгожванні, забраў іх і сышоў. Тады я пазваніла ўрачам. Ехалі не ведаю колькі, па маіх адчуваннях — доўга. Але дзіця было яшчэ жывое. Дактары забралі дачку, выклікалі хуткую для мяне».
У бальніцы выратаваць дзіця не змаглі.
Авечкіну пагражала пажыццёвае ці нават растрэл. 4 лютага Віцебскі абласны суд агучыў прыгавор: мужчыну прызналі вінаватым у забойстве малалетняй асобы, якая знаходзілася ў бездапаможным стане, і рабаўніцтве. Авечкіну прысудзілі 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, штраф у 100 базавых і кампенсацыю на карысць яго пацярпелай жонкі памерам у 50 тысяч рублёў.