Фота: znyata / depositphotos.com

Паводле звестак амбасады Беларусі ў Рэспубліцы Карэя, на працягу апошніх дзесяці гадоў таваразварот паміж краінамі амаль не змяняўся. Беларусь пастаўляла ў азіяцкую краіну тавараў прыкладна на 40 мільёнаў даляраў штогод, набывала ўтрая больш.

Сітуацыя пачала мяняцца з канца 2020 года, калі паказчыкі экспарту і імпарту спачатку зраўняліся, а пасля сальда рэзка ссунулася на карысць Беларусі. У студзені 2021 года Беларусь паставіла ў Карэю тавараў прыкладна на 3 мільёны даляраў, а ў лютым ужо амаль на 11 мільёнаў. Далей паказчыкі змяняліся, але буйныя ўздымы захоўваліся. У ліпені 2021 года Беларусь прадала карэйцам сваёй прадукцыі амаль на 15 мільёнаў — рэкорд за некалькі дзесяцігоддзяў.

Поспехі Беларусі ў гандлі з Карэяй супадаюць па часе з рэзкім ростам паставак калійных угнаенняў. Калі ў студзені 2021 года з Салігорска ў Карэю прывезлі прадукцыі «Белкалія» менш як на 1 мільён даляраў, то ўжо ў лютым таго ж года агульны кошт паставак дасягнуў 10 мільёнаў. А ў пікавым для гандлю паміж краінамі ліпені 2021-га — амаль 13 мільёнаў даляраў.

Агулам за ўвесь 2021 год Беларусь паставіла ў Паўднёвую Карэю калійных угнаенняў на 65 мільёнаў даляраў. У 2020 годзе было менш як на 30 мільёнаў, а ў «дакавідныя» 2017—2018 — крыху больш за 30 мільёнаў штогод. Рост больш як удвая.

Але ў апошні месяц 2021 года пастаўкі раптоўна абваліліся амаль да нуля. Калі ў лістападзе Карэя набыла ў Беларусі калійных угнаенняў амаль на 12 мільёнаў даляраў, то ў снежні — толькі на 8 тысяч. Статыстыка за першы месяц 2022 года пакуль не публікавалася.

4 лютага 2022 года даверчыя лісты прэзідэнту Паўднёвай Карэі Мун Чжэ Іну ўручыў новы амбасадар Беларусі ў гэтай краіне Андрэй Чарнецкі. Да прызначэння на пасаду амбасадара Андрэй Чарнецкі 24 гады праслужыў у органах дзяржаўнай бяспекі. Ці дапаможа яму ранейшы працоўны досвед палепшыць гандлёвы баланс, пакажа час.

Новым амбасадарам у Карэю Лукашэнка прызначыў спэцслужбіста з 24-гадовым стажам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0