У двухмеснай камеры знаходзіліся адразу 19 чалавек
Больш за год адміністрацыя Акрэсціна, нягледзячы на COVID-19, наўмысна закідае «палітычных» у перапоўненыя камеры. Арыштантам па-ранейшаму не выдаюць матрацы і пасцельную бялізну, таму ім даводзіцца спаць на металічных пласцінах нараў, на падлозе або на лаўцы.
Хлопец расказаў, што хоць перадачы для «палітычных» у ЦІПе пасля паўгадавога перапынку сталі нібыта зноў прымаць, але да арыштантаў яны не даходзяць. Таму сродкамі гігіены яны карыстаюцца тымі, якія застаюцца ад папярэдніх арыштантаў.
«Камера называецца кантрольнай, у ёй павінна знаходзіцца мінімум 16 чалавек. За дзень да майго вызвалення нас было 19. Спалі мы на падлозе, падкладалі абутак пад галаву, хтосьці спаў на лаўцы і стале, пару чалавек спалі пад ложкам, двое клалі галаву на тумбачкі і спалі там, на саміх ложках амаль ніхто не спаў, бо яны жалезныя, іх называлі «грыль», спаць на іх было вельмі некамфортна. Тыя, хто рызыкаваў там спаць, часта пераварочваліся, бо ў іх зацякала рука, таму ўсе стараліся спаць на падлозе».
Цёплыя рэчы «палітычным» «не паложаны», а туалетную паперу і мыла трэба выпрошваць кожны дзень
«Нам пашанцавала з камерай: шчоткі дасталіся ад мінулых людзей, у кагосьці была паста, але мы ў асноўным чысцілі зубы чорным вугалем. Мыла і туалетнай паперы амаль не было, іх мы прасілі кожны дзень. Але варта адзначыць некаторых дзяжурных, якія нам два разы прынеслі дзёгцевае мыла. Пры яго з'яўленні большасць ляцела мыцца, сам я мыў ім галаву. Мыліся мы ў туалеце над унітазам, набіраючы ў бутэлькі цёплую ваду. У нас было дастаткова бутэлек, а ёсць камеры, дзе іх амаль няма. Вопратку мылі ў ракавіне, сушылі яе на батарэі. Цёплых рэчаў не было, курткі забіралі, бо яны нам «не паложаны». Адзенне не высушыць, бо вільготнасць ў камеры таксама павышаецца. Бяздомных людзей да нас не падсаджвалі, але з намі быў Віталік, якога жонка з-за кожнага ап'янення здае ў міліцыю. Ён мыўся, таму ніякага дыскамфорту з-за яго не было».
З чорнага хлеба робяць сухары, каб ён лягчэй ператраўліваўся
«Харчаванне было трохразовае: на сняданак — заўсёды чай і каша, якую часта накладалі мала і гэтым нельга было наесціся; на абед — каша, катлета, зялёны памідор з бочкі, агурок, салата з капусты; вячэра падобная на абед, нічога асаблівага не было. Раніцай і ў абед давалі белы і чорны хлеб, але ён быў не вельмі добры і ад яго магло круціць жывот, таму я еў у асноўным белы. Чорны ж хлеб мы маглі сушыць на батарэі, тады атрымліваліся сухарыкі і сам хлеб ператраўліваўся лягчэй. Былі дні са смачным меню. У аўторак на абед давалі капусту, у сераду — расольнік, у чацвер — боршч, у суботу на абед — макароны з каўбасой, пятніца — рыбны дзень».
Падчас «шмонаў» супрацоўнікі ЦІПа раскідалі ўсе рэчы на падлогу
«Канфліктаў з дзяжурнымі і ўсімі астатнімі не было. Варта адзначыць, што там ёсць вельмі чалавечныя людзі, многія дзяжурныя адкрывалі нам «кармушку», казалі час, пры просьбах не грубіянілі, прыносілі мыла, паперу і хлёрку. Падчас шмонаў у адной з супрацоўніц быў фетыш: раскідаць усе рэчы з тумбачак на падлогу і кідаць смеццевае вядро ў туалет. Пасля яе ў нашай камеры заўсёды быў хаос».
«Мы былі адной з самых гучных камер на паверсе»
Хлопец распавёў, што з 19 чалавек у камеры — 18 затрымалі па палітычных матывах. З ім, напрыклад, сядзелі тры блогеры, якія запусцілі дрон над «Траецкім прадмесцем». На іх склалі пратаколы па арт. 24.3 КаАП за «непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі», а пазней арыштавалі на 15 сутак кожнага. Акрамя гэтага, з ім сядзеў літовец, якога разам з жонкай арыштавалі за белы аркуш паперы А4 на акне. Суд пакараў іх з жонкай 15-сутачным арыштам, а мужчыну пасля «сутак» дэпартавалі. Сярод сукамернікаў былі і кіроўца аўтобуса, кіроўца хуткай дапамогі, айцішнік, зваршчык, індывідуальныя прадпрымальнікі.
«Кожны чалавек быў цікавым са сваёй гісторыяй і жыццёвым шляхам, разумным, адукаваным. У нас склалася выдатная кампанія, усе адзін аднаго падтрымлівалі. Мне пашанцавала з камерай, адносіны былі чалавечныя і паважлівыя, у нас не было канфліктаў, было весела, мы былі адной з самых гучных камер на паверсе».