Агенцтва Reuters апублікавала спадарожнікавыя здымкі ваеннай тэхнікі ў Беларусі, размешчанай побач з украінскай мяжой. Здымкі былі прадастаўленыя агенцтву кампаніяй Maxar Technologies.

Фота зробленыя 4 лютага каля горада Ельска (менш за 20 км да мяжы з Украінай), Рэчыцы (55 км ад мяжы) і Лунінца (50 км). Maxar Technologies здолела ідэнтыфікаваць на здымках 15 штурмавікоў Су-25 і зенітна-ракетныя комплексы С-400 на аэрадроме Лунінец. Пад Ельскім здымкі паказалі наяўнасць ракетных комплексаў «Іскандэр» і рэактыўных сістэм залпавага агню.

Reuters падкрэслівае, што журналісты не змаглі праверыць сапраўднасць фатаграфій.

Аб перакідцы сіл і ваеннай тэхнікі ў Брэсцкую і Гомельскую вобласці расійскае Мінабароны раней паведамляла афіцыйна.

Напрыклад, 5 лютага апублікавала рэліз, у якім гаварылася, што ў Брэсцкую вобласць Беларусі для ўдзелу ў вучэннях перакінутыя штурмавікі Су-25СМ Усходняй ваеннай акругі з Прымор'я. Аб перакідцы комплексаў С-400 з Далёкага Усходу Мінабароны паведамляла яшчэ ў канцы студзеня.

«Па прыбыцці да месцаў выканання навучальных задач расійскія вайскоўцы правядуць абсталяванне і маскіроўку пускавых пазіцый, тэхнічнае абслугоўванне тэхнікі і заступяць на навучальнае баявое дзяжурства па супрацьпаветранай абароне ў складзе адзінай рэгіянальнай сістэмы СПА Беларусі і Расіі», — паведамляла ваеннае ведамства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0