Падчас гутаркі з Лукашэнкам расійскі прапагандыст Салаўёў спытаў, якая будучыня чакае яго сыноў, калі той перастане быць прэзідэнтам. 

Лукашэнка стаў хваліць свайго малодшага сына. 

«Гэта наогул хлопец таленавіты. Што вельмі важна, мы цяпер з Пуціным абмяркоўваем, бо ён на вачах у нас вырас. Ён [Мікалай] — біёлаг і хімік. Ніхто не скажа, што Лукашэнка яго там цягне за нешта, і спецыялісты, якія яго тэстуюць, часта (я прашу Акадэмію навук), кажуць, што ён ужо ВНУ скончыў, яму няма чаго рабіць у ВНУ. Па біялогіі, ты ўяўляеш!» — сказаў ён у інтэрв'ю Уладзіміру Салаўёву.

— Гэта значыць, вы бачыце яго навукоўцам? — удакладніў вядучы.

— Я, шчыра кажучы, ніяк яго не бачу, — адказаў Лукашэнка.

— Гэта значыць, што абярэ сам? — спытаў Салаўёў.

— Так, я чакаю яго гэтай рэакцыі, — сказаў Лукашэнка.

— Калі ён захоча пайсці па вашых слядах…, — удакладніў Салаўёў.

— Крый божа, — адказаў Лукашэнка.

— Калі будуць крычаць, што Беларусь стала манархіяй, бацька перадаў сыну, любімы анекдот апазіцыі: да Колі будуць кіраваць, — працягнуў расійскі вядучы.

—Шчыра, мае дзеці ўжо наеліся прэзідэнцтва, — адказаў Лукашэнка і распавёў пра тое, што яго сын Віктар добраахвотна папрасіўся сысці з дзяржслужбы. Ён займаў пасаду ў дзяржсакратарыяце Рады бяспекі, быў памочнікам бацькі.

Па словах Лукашэнкі, малодшы сын Мікалай «катэгарычна наеўся» прэзідэнцтва. Ён згадаў, як браў яго на МЗКЦ, дзе Лукашэнка асвісталі рабочыя і крычалі яму «Сыходзь!» у жніўні 2020 года.

«Калі б ты яго бачыў, калі мы на заводзе на гэтым былі, вось МЗКЦ, наш ваенны завод, на яго [Мікалая] было страшна глядзець. Ён упершыню ўбачыў вось гэты натоўп, што крычаў. Ядро было 400 чалавек. Ну сабраліся ўсе гэтыя бандыты, а вакол рабочыя сядзелі…. Ён калі гэта ўбачыў, а я, стоячы на гэтым п'едэстале, бокам паглядзеў на яго і пашкадаваў, што яго з сабой узяў. Гэта быў злом», — сказаў Лукашэнка.

Таксама Лукашэнка распавёў, што Мікалай выдатна валодае зброяй. «Нядаўна з Пуціным спаборнічаў па стральбе і выйграў, хоць Пуцін выдатна страляе», — пахваліўся Лукашэнка.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0