Ваўкавыскія прадпрымальнікі Уладзімір Асіпенка і Мікалай Аўтуховіч працягваюць знаходзіцца ў следчым ізалятары № 1 Мінска.
8 жніўня з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе быў выпушчаны Лявонаў. Яго адвакат Вадзім Мушынскі паведаміў БелаПАН, што звяртаўся ў Генпракуратуру з хадайніцтвам аб змене меры стрымання свайму падабароннаму. «Відаць, гэтае хадайніцтва задаволілі», — мяркуе ён.
Адвакат Асіпенкі Тамара Сідарэнка таксама звярталася ў пракуратуру. «Я пісала хадайніцтва аб вызваленні яго пад падпіску аб нявыездзе. Хадайніцтва не задаволілі», — паведаміла Сідарэнка БелаПАН. Сёння яна мае намер сустрэцца са сваім падабаронным.
Аналагічныя планы і ў адваката Аўтуховіча Паўла Сапелкі, які таксама плануе сёння наведаць свайго падабароннага.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, тэрмін знаходжання пад вартай Уладзіміру Асіпенку падоўжаны на два месяцы.





