Кодэкс аб адукацыі, які плануецца вынесці для разгляду ў першым чытанні на восеньскай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, захавае бясплатную агульную сярэднюю адукацыю.
Пра гэта паведаміў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова‑тэхнічным прагрэсе Уладзімір Здановіч сёння на пасяджэнні камісіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У прыватнасці, у адпаведнасці з кодэксам бясплатным будзе навучанне ў школах, прафесійна‑тэхнічных вучылішчах за выключэннем школ мастацтваў.
Акрамя таго, у кодэксе робіцца спроба пашырыць сістэму крэдытавання для навучання, распаўсюдзіўшы яго на прыватныя навучальныя ўстановы.
Праект дакумента таксама прадугледжвае пераход на кантрактную форму навучання пры атрыманні вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна‑тэхнічнай адукацыі. Навучанне прадугледжваецца весці на аснове дагавораў, якія будуць заключацца пры паступленні ў навучальную ўстанову. У дагаворах будуць прапісаны правы і абавязкі навучэнцаў і студэнтаў, у тым ліку гэта закране пытанні размеркавання.





