«Выключна ў гуманітарных мэтах па-за зонай баявых дзеянняў». Але ж з правам выкарыстання зброі

Учора ўвечары ў публічнай прасторы з’явілася інфармацыя, што беларускіх вайскоўцаў могуць накіраваць у Сірыю, а сёння, 8 лютага, Лукашэнка абверг гэты намер, назваўшы інфармацыю фэйкам: «Адзінае, пра што ішла гаворка, даўно-даўно яна ідзе, сірыйскі кіраўнік, урад Сірыі папрасілі нас дактарамі дапамагчы. Я кажу: добра, калі хтосьці захоча паехаць з нашых дактароў, перш за ўсё вайскоўцаў, яны паедуць. Але не цяпер. Бо у нас сваіх праблем вышэй за галаву».

Але распараджэнне ўрада Расіі (ад 3 лютага 2022 года) №165-р на момант публікацыі яшчэ можна было знайсці на афіцыйным сайце. Мы прачыталі яго, і вызначылі найбольш важныя моманты. 

Апроч таго, што наша краіна згадваецца як «Республика Белоруссия», звяртаюць на сябе ўвагу дзве акалічнасці.

Па-першае, у дакуменце некалькі разоў падкрэсліваецца гуманітарны характар дапамогі: «Беларускі воінскі кантынгент прыцягваецца да выканання мерапрыемстваў выключна ў гуманітарных мэтах па-за зонай баявых дзеянняў».

Фота Міністэрства абароны

У той жа час, у распараджэнні сказана, што «узбраенне, ваенная тэхніка і боепрыпасы перадаюцца беларускаму боку на бязвыплатнай аснове», а «асабовы склад беларускага вайсковага кантынгенту мае права на захоўванне, нашэнне, прымяненне і выкарыстанне зброі ў месцах дыслакацыі расійскай авіяцыйнай групы».

Па-другое, беларускі вайсковы кантынгент будзе падпарадкоўвацца цэнтру Узброеных Сіл РФ (хаця і застаецца пад камандаваннем беларускага боку) і фактычна стане існаваць за кошт расійскага войска: армейцы з Беларусі будуць забяспечаныя пражываннем, харчаваннем, матэрыяльнымі сродкамі, нават перакладчыкам на арабскую мову.

Склад, колькасць, арганізацыйна-штатная структура і задачы вызначаюцца і зацвярджаюцца беларускім бокам, але ж узгадняюцца і з расійскім. Згодна з дакументам, Беларусь накіроўвае воінскі кантынгент колькасцю да 200 чалавек.

Што гэта за цэнтр, якому будуць падпарадкоўвацца беларускія вайскоўцы, калі іх усё ж такі накіруюць у Сірыю?

Ён пачаў працаваць шэсць гадоў таму. Сярод дэклараваных задач: механізм кантролю за выкананнем рэжыму спынення агню, садзейнічанне перамоўнаму працэсу аб прымірэнні, арганізацыя дастаўкі гуманітарнай дапамогі мірнаму насельніцтву.

«Адпраўляць вайскоўцаў тэрміновай службы ніхто не будзе. Канкурэнцыя сярод кантрактнікаў будзе немалой»

У Беларусі дастаткова персаналу з сур'ёзным тэарэтычным і практычным вопытам для адпраўкі кантынгенту ў 200 чалавек у мэтах гуманітарнай місіі, лічыць ваенны аглядальнік Ягор Лебядок.

Ён мяркуе, што ў Сірыю могуць быць накіраваныя, у прыватнасці, медыкі і спецыялісты па размініраванні: «Гуманітарная дапамога — гэта перш за ўсё размініраванне і медыцынскае забеспячэнне воінскіх кантынгентаў і грамадзянскага насельніцтва».

Па яго даных, з 2010 года больш за 50 ваеннаслужачых Беларусі набылі практычны вопыт падчас выканання міратворчых задач у складзе часовых сіл ААН у Ліване, большая частка з іх медыкі.

Фота Міністэрства абароны

«Таму ў Сірыю могуць быць накіраваныя медыкі з вопытам міратворчай дзейнасці, а таксама, у прыватнасці, з Рэспубліканскага цэнтра па лячэнні агнястрэльных раненняў і мінна-выбуховых траўмаў», — піша Ягор Лебядок у сваім тэлеграм-канале.

Таксама ён згадвае, што 1 лістапада 2019 года на базе супрацьміннай службы 2-й інжынернай брыгады (Сосны) быў сфармаваны супрацьмінны цэнтр Узброеных Сіл, які прызначаны для падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі ваенных спецыялістаў у выкананні задач па размініраванні. За два гады падрыхтоўку там прайшлі 703 вайскоўцы.

«Вядома ж, салдат тэрміновай службы пасылаць ніхто не будзе. Ад іх няма толку там, і канкурэнцыя сярод кантрактнікаў будзе немалой. Камандзіроўка ў Сірыю не ў баявых падраздзяленнях, асабліва на высокіх пасадах, — гэта добрыя грошы, льготы і магчымасць для кар'ернага росту», — лічыць ваенны аглядальнік.

Па яго словах, найбольш выгаднае накіраванне беларускіх вайскоўцаў Расіі:

«Гэта надасць ёй большую палітычную вагу і легітымнасць на міжнародным узроўні яе дзеянням у Сірыі. Прадстаўніцтва краін (Расія, Беларусь і Арменія) дазваляе перафарматаваць расійскія дзеянні ў Сірыі ў міратворчую (гуманітарную) аперацыю АДКБ, што будзе мець такое неабходнае палітычнае значэнне для арганізацыі і як бы працягам «міратворчай дзейнасці», распачатай у Казахстане».

«Лукашэнка не згодны са стратай суб’ектнасці»

Сённяшняе пасяджэнне Рады бяспекі і заявы аб фэйку, хутчэй за ўсё, звязаныя з перамовамі Макрона і Пуціна, што прайшлі ўчора, лічыць палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

Ён звяртае ўвагу, што беларуская прапаганда адрэагавала на навіну пра накіраванне беларускіх вайскоўцаў у Сірыю даволі аператыўна: «У праўладных Telegram-каналах тлумачылася, нібыта нічога ж такога няма, гэта гуманітарная акцыя, ніхто ўдзельнічаць ва ўзброеных дзеяннях не будзе. Да пасяджэння Рады бяспекі ніхто не абвяргаў адпраўку беларусаў у Сірыю».

Што ж змянілася за ноч? Аляксандр Фрыдман звязвае даволі рэзкую рэакцыю Лукашэнкі з заявамі, якія зрабіў Макрон пасля сустрэчы з Пуцінам: «Усё, што казаў прэзідэнт Францыі на прэс-канферэнцыі, гучала прыгожа, аднак у той жа час агульна і пафасна. Калі ж ён перайшоў да беларускага кейсу, то адразу пачалася канкрэтыка. Макрон згадаў рэферэндум, ядзерную зброю і расійскія войскі. А пасля сказаў, што Пуцін яго супакоіў. Што гэта значыць? Хто яго ведае. Але сёння інфармацыйнае суправаджэнне працягнулася, і Расія пацвердзіла вывад войскаў пасля вучэнняў».

З’явіліся аптымістычныя для беларусаў паведамленні аб тым, што расійскія войскі пасля вучэнняў будуць выведзеныя, а краіна застанецца незалежнай. Таксама згадвалася ядзерная зброя з намёкам на захаванне цяперашняга статусу-кво.

Фота Міністэрства абароны

«Гэтыя заявы, напэўна, раз’юшылі Лукашэнку, — мяркуе Аляксандр Фрыдман. — Відавочных прычын дзве. Першая. Апошнім часам ён ішоў на абвастрэнне канфлікту, каб атрымаць пэўныя дывідэнды, і дээскалацыя для яго нявыгадная.

Другая. Лукашэнка не згодны са стратай суб’ектнасці, калі беларускае пытанне абмяркоўваецца без яго. Ён не можа прымірыцца з роляй марыянеткі, а патрабуе, каб яго ўспрымалі як суб’ект і вырашалі важныя пытанні менавіта з ім».

У гэтай сувязі палітычны аглядальнік лічыць паказальнай рэакцыю дзяржаўнай прапаганды: «Учора ўвечары яна імкнулася як мага хутчэй пракаментаваць заявы Макрона і перехапіць павестку. Гучала, нібыта па беларускіх пытаннях Пуцін перанакіроўваў прэзідэнта Францыі да Лукашэнкі. Зразумела, што гэта фантазіі, але яны вельмі красамоўныя, бо сведчаць, што для Лукашэнкі непрымальна, калі беларускія справы вырашаліся без яго ўдзелу».

Што ж тычыцца накіравання беларускіх вайскоўцаў у Сірыю, то Аляксандр Фрыдман кажа наступнае: «Наколькі я разумею, для гэтага патрэбнае запрашэнне Асада, аднак афіцыйна аб гэтым ніхто да сённяшняй заявы Лукашэнкі не казаў. Выглядае так, што рашэнне было прынятае ў Маскве. То-бок Расія паказвае: мы будзем выкарыстоўваць беларускі рэсурс, як вырашым. Асноўная мэта — прадэманстраваць, што мы распараджаемся, бо з вайсковага пункту гледжання ніякай патрэбы няма».

Чым абернецца рэзкая заява, якая была дапушчаная сёння на Радзе бяспекі? Палітычны аглядальнік лічыць, што да падобных крокаў Лукашэнкі ў Маскве ўжо прызвычаіліся, тым больш цяпер ён выгадны як фігура, што аказвае вонкавы ціск на Захад.

Як заўважае Аляксандр Фрыдман, гэты тыдзень можа стаць вырашальным ў дыпламатычным сэнсе ў дачыненні да сітуацыі вакол Украіны: «Усё, што можна зрабіць, з заходняга боку будзе зроблена».

«Улады ўсё падзеляць паміж сабой». Палітолаг Шульман пра тое, як працуе прапаганда і чаму нельга быць «па-за палітыкай»

Ягор Лебядок: Да 2026-2028 гадоў верагоднасць вайны ў нашым рэгіёне складзе два з трох

«Лукашэнка пачаў апошнюю гульню ў сваім палітычным жыцці». Вялікая гутарка з гісторыкам і палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру