«Відавочнае самаперакананне сябе ў тым, што выбары выйграныя»

Праект «1906»: Калі назіраеш за станам грамадства, ствараецца адчуванне, што тактыка павольнай гатоўкі жабы працуе. Ці ёсць у гэтай з'явы крытычная тэмпература? Іншымі словамі, чырвоная рыса віднеецца?

Уладзімір Янчук: Рэальныя эксперыменты паказалі, што, трапіўшы ў кіпень, жаба перастае супраціўляцца. У выпадку ж паступовага павышэння тэмпературы яна прадпрымае спробы выратавацца. Заўважу таксама, што людзі ўсё ж такі адрозніваюцца ад жаб. На тое ім і дадзены розум.

Пра чырвоную рысу казаць не зусім карэктна. У беларусаў ёсць магчымасць выхаду ў альтэрнатыўную інфармацыйную або геаграфічную прастору. Мы ж не знаходзімся ў поўнай ізаляцыі, як Паўночная Карэя. Хаця і ідзём да яе паскорана.

Дарэчы, Паўночная Карэя ў адрозненне ад Беларусі — самадастатковая краіна. Нават ядзерная зброя маецца, якую пры нагодзе можна ўспомніць. Беларусь жа нашмат больш залежная, у першую чаргу ад Расіі, і гэта абмяжоўвае магчымасці ўлады. Напрыклад, просты чалавек можа пераехаць куды-небудзь, нягледзячы на ўсе цяжкасці. А сістэма вымушаная шукаць кампрамісы — у яе няма іншага варыянту.

«1906»: Пакуль кампрамісаў неяк не відаць…

УЯ: Гэта памылковая думка. Бо ўлада была б рада стварыць інфармацыйны вакуум і забараніць любыя няўзгодненыя дзеянні, але не можа гэтага сябе дазволіць. Напэўна, вядуцца кулуарныя размовы, схаваная ад вачэй гульня. Не ўсё так проста і відавочна, як нас запэўніваюць у дзяржаўных СМІ.

Уладзімір Янчук

«1906»: Няўжо працэс пачаўся?

УЯ: А ён і не заканчваўся. Ішоў увесь час. Проста мы гэтага не бачым. Ёсць жа нейкія акалічнасці, что стрымліваюць ад непапраўных дзеянняў. Тая ж Расія не зацікаўленая ў поўнай бесшабашнасці.

«1906»: Кажуць, цяпер актыўных грамадзян, у прыватнасці незалежных назіральнікаў на выбарах 2020 года, затрымліваюць паўторна — у прэвентыўным парадку. Рэгулярна ў дзяржаўных СМІ з'яўляюцца відэа з прызнаннямі. Здаецца, сістэма не можа існаваць без падсілкоўвання. Што трэба для заканчэння рэпрэсій? Як запаволіць машыну падаўлення?

УЯ: З патэнцыйнымі назіральнікамі вырашылі змагацца прэвентыўна. Гэта спроба спыніць збор незалежных даных і правесці верыфікацыю лічбаў, што абвесцяць афіцыйна.

Праўладныя аналітыкі добра разумеюць, што трэба ўплываць на грамадскую свядомасць для фармавання вывучанай бездапаможнасці: запалохванне выкарыстоўваецца як найбольш дзейсны метад.

Аднак бясконцае бамбаванне масавай свядомасці афіцыёзнымі СМІ ўсё больш неэфектыўнае, бо грамадства ўжо атрымала інфармацыйную «прышчэпку» і ў сваёй большасці страціла давер да прапаганды. А яе эфект як раз і вызначаецца тым самым даверам.

Кніжкі сур'ёзныя прапагандыстам чытаць трэба! Але, мабыць, не да гэтага. Да таго ж востра адчуваецца кадравы дэфіцыт. Ну аб якім даверы можна казаць у адносінах да праўладных вяшчальнікаў? Калі паслухаць нецэнзурную лаянку і коснамоўе, то можна казаць аб фармаванні пачуцця агіды ў людзей хоць неяк акультураных. А неакультураныя ж да дзеянняў і разважанняў не здольныя.

Прымусовыя пакаянні ў дачыненніі да затрыманых таксама неэфектыўныя і выклікаюць у многіх людзей хутчэй спачуванне. Для мяне гэта ўскосны індыкатар таго, што ў праўладных структур пачуццё няўпэўненасці і страхі за наступствы досыць вялікія.

Нават першая асоба ніяк не пераадолее свае страхі посттраўматычнага сіндрому пасля 2020 года, аб чым сведчыць і пасланне народу. Відавочнае самаперакананне сябе ў тым, што выбары выйграныя.

Калі ўпэўнены, то чаго ўвесь час вяртаешся да тэмы? Насамрэч, мантра сведчыць пра адваротнае. Гэта прыкмета таго, што ўпэўненасці няма. Спроба пераканаць, супакоіць сябе і адначасова забяспечыць сябе падтрымкай навакольных.

«1906»: На прэс-канферэнцыі, якая праходзіла ў гадавіну выбараў (9 жніўня 2021 года), кідалася ў вочы, як прапагандысты актыўна пераконвалі спікера ў яго рацыі.

УЯ: Сістэма ўладкаваная не так проста, як можа здавацца на першы погляд. Самае блізкае асяроддзе, якое, дарэчы, шырокае кола не бачыць, чытае рэакцыі і робіць падказкі прапагандыстам, выкарыстоўваючы розныя спосабы маніпуляцыі.

Дарадцы — дасведчаныя людзі, і ў кароткатэрміновай перспектыве іх тактыка эфектыўная, але ў доўгатэрміновай — гэта тупік.

Ужо цяпер адчуваюцца наступствы недальнабачнай стратэгіі. Кваліфікаваных кадраў становіцца менш. Дайшло да таго, што ў некаторых вузкіх галінах працаваць няма каму — у медыцыне, напрыклад. У мяне знаёмыя, самі медыкі, не могуць знайсці кваліфікаваных дактароў, бо многія паз’язджалі.

Ва ўладзе лічаць, што ўсіх можна замяніць, але гэта не так — рэсурсы абмежаваныя.

«1906»: Па суб'ектыўных адчуваннях, пацярпела як раз больш за ўсё сацыяльная сфера — медыцына, адукацыя, прававая сістэма… Яе прадстаўнікі не так шмат зараблялі, але пацярпелі моцна.

УЯ: Аднак іх уплыў на эканоміку нельга недаацэньваць. Нядаўна з факультэта міжнародных адносін БДУ звольнілі спецыяліста па Індыі. На мінулым тыдні як раз адбыліся перамовы з прадстаўнікамі гэтай краіны — спрабуюць дамовіцца аб пастаўках калію. Спецыяліст, які мог бы аказаць кваліфікаваную дапамогу, звольнены. Вось вам прамыя страты.

Такіх прыкладаў нямала. «Папрасілі» юрыстаў з таго ж ВНУ. Кампетэнтны спецыяліст змог бы прапанаваць прававое рашэнне. А калі гэтага няма, то і вынік правальны, бо адсутнічае экспертыза. 

Эксперт жа несвабодным быць не можа — на тое ён і эксперт.

«Калі здзяйсняеш нешта амаральнае, то робіш праекцыю і на аднадумцаў»

«1906»: Chatham House кажа пра тое, што чыноўнікаў лепш ведаюць прыхільнікі пратэсту. Аналітыкі выказваюць меркаванне, што праўладныя Telegram-каналы чытаюць яны ж, а не так званы бастыён Лукашэнкі.

УЯ: Чалавек, які думае крытычна, аперуе вялікай колькасцю крыніц і лепш гатовы да развіцця падзей, ён больш вольны ў прыняцці рашэнняў.

А праўладны не ведае, чаго чакаць заўтра. Яму даручаюць выконваць глупства, якое ён павінен рэалізоўваць.

Інфраструктура ўлады — аднанакіраваная. Меркаванне знізу нікога не цікавіць. Гэта вельмі сімвалічна.

Чыноўнікі таксама людзі. Многія мараць аб пенсіі. Калі толькі тэрмін падышоў, то хуценька бягуць афармляцца. Чаму? Адсутнічае цікавасць у працы, пастаяннае таптанне па годнасці выклікае пратэст: іх жа рэгулярна прыніжаюць, ігнаруюць меркаванне.

«1906»: Аказваецца, цяпер мала маўчаць, трэба навучыцца думаць інакш, ды і тое гэта не гарантыя, што да цябе не прыйдуць. Між тым, многія лічаць, што рана ці позна ціск закране прыхільнікаў улады. Можа, ужо пачалося?

УЯ: У прынцыпе, і такое магчыма. Чым большая няўпэўненасць у пазітыўным зыходзе задуманай авантуры, тым хутчэй пачнецца пошук вінаватых. А атмасфера ўсеагульнага недаверу, што тыражуецца зверху, заражае асяроддзе. Калі здзяйсняеш нешта амаральнае, то робіш праекцыю і на аднадумцаў.

«1906»: Паводле звестак Chatham House, 87% прыхільнікаў пратэсту і 39% нейтралаў не адчуваюць сябе ў бяспецы. Колькі ў такім нерэсурсным стане могуць знаходзіцца людзі? Магчыма прывыкнуць да таго, што церпіць адзін з базавых інстынктаў?

УЯ: Прывыкнуць можна, і гэта ўжо адбываецца. Іншая справа, што часта незалежныя медыя нагнятаюць гэтыя страхі, пастаянна паведамляючы аб затрыманнях, і не заўсёды вычарпальна інфармуюць аб іх прычынах.

У многіх выпадках затрыманні адбываюцца пры наяўнасці хоць і прышытых белымі ніткамі, фактурных падстаў (мінулыя ўдзелы ў мітынгах, неасцярожныя выказванні ў сетках і г.д.).

Я б раіў не нагнятаць і больш падрабязна інфармаваць аўдыторыю пра магчымыя наступствы тых ці іншых дзеянняў. Не заставайцеся са сваімі страхамі сам-насам, абмяркоўвайце з блізкімі, правярайце, спрабуйце разабрацца ў тым, што адбываецца.

Цяпер сфарміравалася небяспечная тэндэнцыя сеткавага прыліпання, калі чалавек не выходзіць з абмяркавання палітызаванай праблематыкі і забывае пра рэальнасць. Гэта можа прывесці да фармавання скажонай карцінкі і няправільных дзеянняў.

Калі чытаць пэўныя сайты, то здаецца, што вакол адбываюцца толькі арышты, і гэта вядзе да ўзрастання страху ў грамадстве. Але ж праўда ў тым, што многіх актыўных удзельнікаў ніхто не чапае.

«1906»: Цяжка ўявіць, што пенітэнцыярная сістэма ўвогуле здольная прыняць дзясяткі тысяч людзей. Гэта такая колькасць, якую цяжка ўявіць. Якім бы вялікім ні было жаданне забіць камеры людзьмі, іх жа давядзецца ўтрымліваць, юрыдычна абгрунтоўваць арышты і іншае. Рэсурсаў проста не хопіць…

УЯ: У сістэме дастаткова пісьменных людзей, якія выконваюць загады вымушана. Італьянская забастоўка мае месца. А што ж тычыцца бесшабашных, то такіх хапала заўсёды. Таму я і кажу: правярайце інфармацыю.

Сацыёлагі гавораць пра палярызацыю грамадства, аднак ёсць шмат тых, хто вагаецца, сумняваецца, памыляецца.

Культурная ўстаноўка ў беларусаў заўсёды была: не высоўвайся. Праяўляць ініцыятыву — наогул небяспечна. А гэта непрымальна для развітага грамадства, якое з задавальненным прымае маладых і перспектыўных людзей.

«Хтосьці зрабіў высновы наконт стану айчыннай арміі»

«1906»: І вось мы ўжо сур'ёзна абмяркоўваем вайну, што абсалютна нязвыклая з'ява для беларусаў. А прымальная? Ці можа адбыцца раскол сярод сілавікоў? Як вы бачыце гэтую сітуацыю?

УЯ: Тэма вайны часта выкарыстоўваецца таталітарнымі рэжымамі для адцягнення ўвагі ад бягучых праблем. Ідэалагічныя кампаніі не моцна змяніліся за апошнія паўстагоддзя. Увесь час дастаецца жупел вайны.

Лямант «нашых б’юць» быццам бы павінен прывесці да кансалідацыі і мабілізацыі. Аднак цяпер росту патрыятызму і згуртавання вакол улады не адбываецца. Хутчэй, наадварот.

Прапагандысцкая праца выконваецца груба і неэфектыўна. Людзі не палохаюцца, аддаваць жыццё не збіраюцца, нават лаяльныя да ўлады.

Ёсць яшчэ адін ускосны эфект, які цяжка было спрагназаваць. У вялікай колькасці прыехалі расійскія войскі, і ў беларусаў з’явілася магчымасць параўноўваць: тэхніку, абмундзіраванне, зброю… Хтосьці зрабіў высновы наконт стану айчыннай арміі.

Што ж тычыцца вайны, то справа, на мой погляд, наўрад ці да яе дойдзе. Пакуль дзеянні носяць інфармацыйны характар. Улада сама баіцца эскалацыі больш, чым звычайныя грамадзяне, бо ў яе няма зваротнай сувязі з рэальнасцю. А карцінка часцяком выдае жаданае за сапраўднае.

«1906»: Казахстанскія падзеі сталі падставай, каб задумацца абодвум бакам — і ўладзе, і пратэстоўцам, якім прадэманстравалі, што здарылася б, калі б быў рэалізаваны сілавы сцэнарый. Якія высновы зробленыя?

УЯ: Падзеі сапраўды знакавыя для ўлады. Праваліўся, здавалася б, прадуманы мудрым елбасы транзіт улады. Думаю, і рэферэндум з УНС быў задуманы для гэтага. А тут такая недарэчнасць…

Звярніце ўвагу, як хутка былыя прыхільнікі елбасы, якія кляліся яму ў вернасці і дэманстравалі абсалютную адданасць, здалі свайго рулявога. Літаральна на наступны дзень. 

Запэўніваю, тое ж можа адбыцца і ў Беларусі. Адсюль і недавер, і пошук крытэрыяў вызначэння «надзейнасці», і пазбаўленне ад ненадзейных падчас шматлікіх чыстак.

Толькі гэтыя чысткі ні да чаго добрага не прывядуць. Па-першае, страцяць спецыялістаў, і наступствы гэтага вельмі хутка стануць відавочнымі. Прычым ва ўсіх сферах. Не толькі ў медыцыне, што згадвалася вышэй.

Па-другое, пачнуць нервавацца людзі, якія датуль лічылі сябе нейтральнымі. Бо ніхто не ведае, на якіх падставах трапляюць у спісы. Можна ж і па даносе, і для пазбаўлення ад канкурэнтаў.

А паколькі публіка «ўсплывае» не самая ахайная і маральная, то яна не будзе адчуваць пакут сумлення. Гэта мы сёння назіраем на прыкладзе шматлікіх прапагандыстаў, якія б’юць капытамі.

«1906»: Чаму пры скіданні культу асобы найперш актыўнічаюць самыя набліжаныя? Што прыродай закладзена такое, што людзі так паступаюць?

УЯ: Прыродай гэтага як раз не закладзена. Нашы дзеянні фармуюцца сацыяльнай сістэмай, у якой мы знаходзімся. А сістэма дэманструе, што набліжаныя адчуваюць любоў не да канкрэтнай асобы, а да пасады.

Казахстанскі прыклад паказаў, што крэсла важнейшае за таго, хто яго займаў. Як толькі прыйшоў іншы — адразу любоў перакінулася да яго. Ніякіх асабістых адносін!

Лідар жа лічыць сябе таленавітым. Ён ідэнтыфікуе сябе з пасадай. Я — гэта краіна! Да пары да часу найбліжэйшае асяроддзе яму падпявае, таму што не хоча браць адказнасць. Пірамідальныя сістэмы таму і асуджаныя, што ініцыятыва не паступае знізу, яе ўдзельнікі пасіўна чакаюць указанняў зверху.

«Згорбленыя, баяцца глядзець у вочы, ускокваюць пры апытанні»

«1906»: Які цяперашні стан улады? Што яе цяпер больш за ўсё турбуе? Бачыце новыя сімптомы?

УЯ: Стан кепскі. Бо чыноўнікі разумеюць, што нічога добрага наперадзе не чакае. Пэўны валюнтарызм трымае ўсіх у напрузе. «Шчыгрынавая скура» сціскаецца. Адначасова нарастае абстаноўка няўпэўненасці і страху.

Бравада набліжаных паказная і хутчэй кажа пра няўпэўненасць. Пастаянная трывога пачынае адбівацца і на здароўі і на адносінах з навакольнымі і г.д.

Сімптомы трывогі чынавенства розных узроўняў становяцца ўсё больш відавочнымі. Паглядзіце ўважліва на твары тых, хто сядзіць на пасяджэннях: згорбленыя, баяцца глядзець у вочы, ускокваюць пры апытанні. І дзеля чаго такія знявагі? Для мяне гэта загадка…

«1906»: Прыхільнікі пераменаў разлічвалі на эфект вонкавага ціску. Здаецца, пакуль гэта не працуе. Ці ўладу гэта турбуе, а мы не заўважаем?

УЯ: Працуе, працуе. Вы ж паглядзіце навокал: паступова краіна становіцца ізгоем. Яе кіраўніка не запрасілі на званы алімпійскі вечар. Старэйшы брат душыць ў «брацкіх абдымках».

Фота: rbc.ru

Цэны галапуюць, каранавірус лютуе, дэманструючы бездапаможнасць і неэфектыўнасць як палітыкі, так і медыцыны. Крэдыты браць няма дзе. Прыходзіцца шукаць абыходныя шляхі для продажу прадукцыі па дэмпінгавых цэнах. І гэты пералік можна працягваць і працягваць…

«1906»: Стратэгія балансавання паміж Захадам і Расіяй пацярпела крах. У выніку даводзіцца ісці на саступкі Крамлю. Як вы лічыце, ці пагодзіцца беларуская ўлада з роляй васала? Раней здавалася, што для яе гэта непрымальна…

УЯ: А куды яна падзенецца? У прыярытэце ўлады — самавыжыванне, усе альтэрнатыўныя масты спаленыя. Тым больш, што старэйшы брат, падобна канфуцыянскаму цару малпаў, зларадна назірае, як усё само коціцца ў рукі. Таму і не спяшаецца, а атрымлівае задавальненне.

Гэта ж перад мясцовай публікай дэманструецца роля мача, а падчас візітаў у Расію назіраецца іншае. Адсюль і пастаянная кампенсацыя прыніжэння на падначаленых.

«1906»: Рэферэндум з мерапрыемства, якое, як заяўлялася першапачаткова, павінна было знізіць напружанне, ператвараецца ў чарговае выпрабаванне. Эксперты прагназуюць, што або абстаноўка застанецца на ранейшым узроўні, або пагоршыцца. Рызыкнеце зрабіць свой прагноз?

УЯ: Не пагоршыцца, я ў гэтым упэўнены. Чарговая бурбалка лопне, ды і толькі. Бо ўсё шыта белымі ніткамі. Грамадства ўсё разумее. Звонку таксама адэкватна ацэньваюць анансаваны плебісцыт.

Шуканую легітымнасьць усе роўна набыць не атрымаецца. Яна і з'яўляецца шуканай, а не зніжэнне напружання. Бо менавіта для гэтага запланаванае ўсё дзеянне. Грамадскае напружанне ўладу не так цікавіць.

Блеф рассеецца, а далей што? Ізгойства краіны не хутка скончыцца. Эканамічныя праблемы пачнуць абвастрацца ў самы бліжэйшы час. Трышкаў кафтан не будзе чым залатваць. А дзірак будзе ўсё больш і больш. 

Паверце, што ўсе грахі вельмі хутка пачнуць вылазіць, а памылкі — усё больш рэльефна выяўляцца. Зрывы, пошук вінаватых і г.д.

Мяркую, зусім хутка пачнецца гандаль закладнікамі. Купіць можа толькі старэйшы брат. Ды і тое, на сваіх умовах. Харызма выпарылася, і ў хуткім часе прыйдзецца расплачвацца за ўсё зробленае.

«1906»: Вызваленне бізнэсоўца, сузаснавальніка Kyky.org Аляксандра Васілевіча (пра гэта стала вядома падчас інтэрв'ю) — з таго ж шэрагу? На што разлік — на змякчэнне ціску звонку?

УЯ: Падобна на тое. Планы руйнуюцца. Узяць хоць бы гісторыю з калійнымі ўгнаеннямі. Літва перакрыла транзіт. З Індыяй паспрабавалі дамовіцца, а Украіна супраць. Куды накіраваць — у Расію? А там жа канкурэнты, і яшчэ не забылася даўняя гісторыя з затрыманнем топ-менеджара «Уралкалія» (у 2013-м годзе кіраўнік «Уралкалія» Уладзіслаў Баўмгертнер быў затрыманы ў Беларусі па абвінавачванні ў злоўжыванні паўнамоцтвамі).

Павінны быць кваліфікаваныя лагісты, людзі са стратэгічным бачаннем. Трэба правільна давесці інфармацыю да чалавека, які прымае рашэнне. А калі чыноўнік не заявіў аб праблемах з дастаўкай, а проста ўзяў пад казырок, то стаў закладнікам.

Толькі я папрасіў бы палітыкаў і медыя не правакаваць грамадзян на супрацьпраўныя дзеянні. Па першасці ўладзе трэба будзе на кімсьці зрываць злосць. А таму раю быць больш акуратнымі і адказнымі.

«1906»: У той жа час тыя, хто прапануе радыкальныя дзеянні, відавочна не карыстаюцца падтрымкай большасці пратэстоўцаў. Здаровае ядро даволі кансалідаванае і дыстанцуецца ад тых, хто апынуўся на перыферыі працэсу. Гэта чымсьці нагадвае паводзіны людзей падчас маршаў, калі яны ігнаравалі правакатараў і прытрымліваліся выключна мірнага шэсця.

УЯ: Пагаджуся, што грамадства само выдатна фільтруе інфармацыю. У той жа час плюралізм меркаванняў вучыць думаць, ацэньваць, а не ўпадаць у ідалапаклонства. Агульная ж памылка — тое, што беларусы вельмі арыентаваныя на хуткі вынік, чаго не атрымліваецца.

Чытайце яшчэ:

«Лукашэнку далі зразумець, што ён — адна з фігураў у вялікай гульні». Як звязаны «сірыйскі кейс» з перамовамі ў Маскве

«Улады ўсё падзеляць паміж сабой». Палітолаг Шульман пра тое, як працуе прапаганда і чаму нельга быць «па-за палітыкай».

Ягор Лебядок: Да 2026-2028 гадоў верагоднасць вайны ў нашым рэгіёне складзе два з трох

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру