Затрымалі абодвух мужчын яшчэ ўвосень 2020 года. 22 кастрычніка прыйшлі з ператрусам да Арцёма Пархамовіча, які працаваў у «Белтэлекаме» спецыялістам па продажах. 3 лістапада 2020 года затрымалі Аляксея Бычкоўскага — проста на працы. 

Бычкоўскі і Пархамовіч

Бычкоўскі і Пархамовіч

«Мужа збілі, калацілі да паўсмерці пры затрыманні, — расказвае «Нашай Ніве» Таццяна, жонка Аляксея Бычкоўскага. — Бо я гаварыла з тымі, хто бачыў яго пасля затрымання, муж быў у жудасным стане, па іх словах.

Я не хачу нават гаварыць, што з ім рабілі — гэта проста прынізліва для яго. Але, мне сказалі, яго білі электрашокерам, ён губляў прытомнасць…

Дзе яго білі, я не ведаю. Але я гаварыла з калегамі мужа, яны расказалі, што сілавікі пасадзілі яго ў бус — і машына яшчэ даволі доўга стаяла проста ля будынка «Белтэлекама» на Матусевіча. Пасля толькі яго даставілі ў Следчы камітэт. А сам муж напісаў у адным з лістоў пра дарогу ў СК: «Я думаў, што проста не даеду».

Ну і пасля ж было пакаяльнае відэа, дзе бачна, як ён выглядае. 

А вось так мужчыны выглядалі пасля затрымання

А вось так мужчыны выглядалі пасля затрымання

Мне пазваніў адвакат, каб я прынесла мужу рэчы ў Следчы камітэт. Я прыехала на машыне з дзецьмі. Адзін з сілавікоў сеў да мяне ў машыну — і мы паехалі ў нашую кватэру на ператрус. Там забралі амаль усю тэхніку, тэхнічныя прылады мужа, напрыклад, прыборы з працы, флэшкі.

Пасля затрымання Аляксея змясцілі на Акрэсціна, затым — Валадарка. На Валадарцы было больш-менш нармальна, але ўсё ж іншае стаўленне да палітычных. Былыя сукамернікі мужа расказвалі, што ў душ ці на допыты «звычайных» зняволеных водзяць без кайданкоў, а «палітычных» абавязкова ў кайданках, а першы час яшчэ і з сабакам».

Жонка Бычкоўскага кажа, што пра нейкую перадачу інфармацыі ў тэлеграм-каналы яе мужам яна не ведала.

«Спачатку я нават не мела ніякай інфармацыі, за што мужа затрымалі. І калі ўжо даведалася — не верыла, не разумела, як гэта магло быць, — расказвае яна. — Наколькі я ведаю цяпер, сам факт усё ж быў. Але і на Аляксея, і на Арцёма павесілі прыкладна па 100 чалавек, нібыта кожны зліў іх дадзеныя.

Але, па маёй інфармацыі, колькасць на самай справе ў разы меншая. Муж і Арцём Пархамовіч хоць і працавалі ў адным будынку, але ў розных падраздзяленнях, нават не былі знаёмыя.

А праходзяць па адной справе толькі таму, што скідвалі інфармацыю ў адзін тэлеграм-канал. Там жа ў гэтай справе фігуруе Сафія Сапега, праўда, не ведаю, у якім статусе.

Тое, што ў справе згадваецца пра нейкую аплату ў крыптавалюце — гэта пра Пархамовіча, не пра майго мужа».

Бычкоўскі і Пархамовіч год правялі ў СІЗА. Праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі. Спатканняў з роднымі ім не давалі. 

Суд па справе пачаўся 25 лістапада 2021 года. Абодвух вінавацілі па васьмі артыкулах КК:

  • арт. 364 — «Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»;
  • ч. 1 арт. 366 — «Гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак»;
  • арт. 365 — «Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў»;
  • арт. 198 — «Перашкода законнай прафесійнай дзейнасці журналіста»;
  • арт. 352 — «Неправамернае завалоданне камп'ютарнай інфармацыяй»(рэдакцыя страціла сілу 26.05.2021);
  • арт. 389 — «Пагроза ў дачыненні да суддзі або народнага засядацеля»;
  • ч. 2 арт. 203-1 — «Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных»;
  • ч. 3 арт. 130 — «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варожасці». 

«Згодна версіі абвінавачвання, былыя супрацоўнкі «Белтэлекама» ў 2020 годзе перадалі адміністратарам экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў персанальныя і іншыя асабістыя дадзеныя больш чым 150 асоб з ліку кіраўнікоў і супрацоўнікаў розных праваахоўных органаў, суддзяў, журналістаў, работнікаў сферы адукацыі і медыцыны, грамадскіх дзеячаў, — пісала «Вясна» пра пачатак суда. — Следствам устаноўлена, што «Арцём Пархамовіч і Аляксей Бычкоўскі натхніліся заклікамі дэструктыўных тэлеграм-каналаў і, паверыўшы ў сваю беспакаранасць і ананімнасць, перадавалі для выкарыстання ў дэструктыўных тэлеграм-каналах персанальныя і іншыя асабістыя дадзеныя кліентаў, да якіх мелі доступ.

Варта адзначыць, што работнікі арганізацыі неаднаразова выказвалі сваё жаданне аказаць садзейнічанне ў злачыннай дзейнасці і ініцыятыўна выходзілі на кантакт з адміністратарамі каналаў. У некаторых выпадках яны атрымлівалі спіс, у якім магло знаходзіцца 15-20 чалавек, пасля чаго апрацоўвалі дадзеныя і адпраўлялі адміністратарам выніковы варыянт з канфідэнцыйнай інфармацыяй на кожнага чалавека са спісу».

Бычкоўскага і Пархамовіча вінавацілі, што яны перадалі персанальныя звесткі пра 200 і больш супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і іншых дзяржаўных служачых адміністратарам экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў:

«Перададзеныя звесткі былі размешчаныя ў публічным доступе, а супрацоўнікі і іх сем'і былі падвергнутыя булінгу, у кагосьці пацярпела маёмасць».

Працэс закрылі па хадайніцтву пракуроркі Наталлі Сакаловай «у мэтах бяспекі сям'і пацярпелага і яго асабістых дадзеных, а таксама ў мэтах нераспаўсюду экстрэмісцкіх матэрыялаў». Палітвязні выступалі супраць, але суддзя зрабіла пасяджэнне закрытым. У адказ на гэтае рашэнне Пархамовіч заапладзіраваў, за што атрымаў папярэджанне ад суддзі.

«На судзе Аляксей прызнаў віну часткова: што выкарыстаў інфармацыю. Але пра пагрозы сілавікам, экстрэмізм ён нічога не прызнаваў, — кажа жонка Бычкоўскага. — Арцём віну не прызнаваў.

Але далі ім абсалютна аднолькава, па 11 гадоў калоніі, плюс яны мусяць сплаціць вялікія кампенсацыі пацярпелым — тым, чые дадзеныя яны перадавалі.

Суддзя зачытвала: каму 500 рублёў, каму 1000, каму 2 тысячы. Тыя, у каго пасада паніжэй прасілі меншыя сумы, тыя, у каго пасада вышэй — больш. Мяркуючы па пошліне, цяпер мой муж мусіць сплаціць каля 30 тысяч даляраў. Арцём Пархамовіч — трохі менш.

Муж закрыты чалавек, па ім не будзе бачна, што яму кепска, таму ён не выказаў эмоцый падчас агучвання прысуду. Арцём Пархамовіч таксама трымаўся нармальна. 

Але да мяне прыходзілі лісты, у якіх муж пісаў, што ў шоку, бо пракурор просіць 12 гадоў. І гэта пры тым, што тое першая судзімасць, частковае прызнанне віны… 

Калі суддзя сказала: «11 гадоў» у мужа слёз не было, але было бачна, што яму няпроста. У абвінавачанні было 8 артыкулаў, але падчас выраку суддзя агучыла толькі тры ці чатыры, па якіх сказала, што муж вінаваты. Сярод іх дакладна быў артыкул 130 КК (распальванне варожасці)».

Цяпер Таццяна, жонка Аляксея Бычкоўскага, засталася адна з двума малымі дзецьмі: 5 і 2 гадоў. 

«Гэта муж мой, куды мне падзецца, буду чакаць. Ён жа зрабіў тое, што зрабіў, не з мэтай фізічнай расправы, а з мэтай грамадскага асуджэння — каб праз гэта спыніўся гвалт над людзьмі», — кажа жанчына.

Чытайце яшчэ:

«Патузаўся з падначаленым». За што будуць судзіць падпалкоўніка з Іўя, які выступіў супраць гвалту

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0