Намеснік старшыні Рады бяспекі Аляксандр Арчакоў. Фота прэс-службы ДПК Беларусі.
«Тэма не новая. Яе ўжо не першы раз улады падымаюць на розных узроўнях, гэта значыць рыхтавалі грамадскае меркаванне да такога кроку, — адзначае Карбалевіч. — Цяпер, калі пра гэта пачаў гаварыць Лукашэнка, будзе прынята палітычнае рашэнне.
Падвядуць нейкую прававую аснову — і пачнуцца завочныя працэсы. Прычым, думаю, яны будуць суправаджацца пазбаўленнем грамадзянства абвінавачаных, а таксама канфіскацыяй маёмасці.
Прэцэдэнты ўжо створаныя. Нагадаем, днямі стала вядома, што ў дачыненні да Паўла Латушкі ўзбуджаная чарговая крымінальная справа — на гэты раз нібыта па факце атрымання хабару. А ў дачкі палітыка хочуць адабраць кватэру. Пра жаданне забраць участак у Драздах у алімпійскай чэмпіёнкі Аляксандры Герасімені ўлады заяўлялі яшчэ летась».
Аднак абмяжуецца рэжым найбольш прыкметнымі фігурамі, ці беларусам, якія апынуліся за мяжой, чакаць масавых працэсаў?
«Лукашэнка паабяцаў, што гэта будуць «адзінкі», хоць яго ўяўленні аб тым, што ёсць масава, а што не, даволі своеасаблівыя, — лічыць Валерый Карбалевіч. — Спачатку, думаю, палітычныя рашэнні будуць прымацца ў індывідуальным парадку, і далей прававая сістэма будзе працаваць паводле гэтага палітычнага ўказання. Але цалкам магчыма, што ўлады ўвойдуць у смак: апетыт прыходзіць падчас ежы. І я не выключаю, што гэта набудзе дастаткова масавы характар.
Ужо вельмі шмат разоў здавалася, што ўлады, хоць і пагражаюць, але не пойдуць на той ці іншы крок, але потым аказвалася, што дна няма».
Палітолаг не выключае, што завочныя працэсы могуць пачацца ўжо вельмі хутка.
«У такіх справах палітычных рэпрэсій улады могуць працаваць вельмі хутка. Машына рэпрэсій ужо не можа спыніцца. Яна працуе на аўтамаце, захопліваючы ўсё новыя пласты насельніцтва, набываючы ўсё новыя формы. Ёсць нейкая каляіна, у якую ўлады сталі, і з яе выскачыць не могуць».