Той самы «народны кандыдат» — арангутан Бату. Фота: daily.afisha.ru

Галасаванне праходзіла на сайце мэрыі Новасібірска з 13 студзеня па 7 лютага. Мясцовыя незалежныя кандыдаты і блогеры заклікалі праз свае каналы падтрымаць арангутана Бату, і ён упэўнена перамагаў.

Здавалася б, нішто не прарочыла ніякіх палітычных скандалаў. Аднак у ноч з 3 на 4 лютага ўдзельнікі галасавання заўважылі, што ні з поля ні з лесу раптам пачала імкліва набіраць галасы і даганяць арангутана мядзведзіха Шылка. І ў гэтым пабачылі руку Масквы.

Па звестках мясцовага партала tayga.info, лёсам навасібірскага талісмана сур'ёзна зацікавіліся аж у пуцінскай адміністрацыі.

«У мэрыю Новасібірска з апарата паўнамоцнага прадстаўніка прэзідэнта Расіі ў Сібіры паступіла настойлівая просьба не дапусціць, каб арангутан стаў сімвалам навагодняй сталіцы. Пасля гэтага Шылка вырвалася наперад», — пісала выданне.

На нейкі час мядзведзіха стала лідарам галасавання, але прыхільнікі Бату здолелі мабілізавацца — Шылка засталася ззаду. Але наперад пачаў вырывацца іншы «праўладны кандыдат» — барс Саян. За 4 гадзіны снежны барс атрымаў 25 тыс. галасоў, хоць на сайце мэрыі за гэты час пабываў усяго 1 851 унікальны наведвальнік. 

Удзел у гэтай жартоўнай кампаніі натхніў праціўнікаў улады, па яе матывах узнікла шмат жартаў і мемаў.

«Апазіцыйны кандыдат Бату на дадзены момант знаходзіцца ў «абяззянніку», — жартавалі ў Твітары.

«Такія нахабныя ўкіды чакана прывялі да ўзмацнення пратэснага галасавання! Бату зноў пачаў перамагаць, але мэрыя спешна згарнула выбары талісмана. Апытанне, якое павінна было скончыцца 7 лютага ў 23.55, было датэрмінова завершана ў нядзелю ўвечары», — пісаў вядомы блогер Ілля Варламаў.

На момант заканчэння галасавання з вынікам 39,39% перамагаў Бату, другое месца займаў Саян (37,19%), трэцяй стала Шылка (11,94%). Здавалася б, пратэст перамог, але мясцовыя ўлады як апошні аргумент уключылі опцыю «часам не да законаў». Пасля падвядзення вынікаў Новасібірскі заапарк выступіў «супраць фарсу ў народным галасаванні».

«Новасібірскі заапарк не зацікаўлены ў такой увазе да нашых гадаванцаў. Нам не па душы стварэнне абразлівых мемаў, таму мы просім спыніць апытанне і не ўлічваць яго вынікі», — паведамляецца ў афіцыйнай заяве ўстановы.

Такім чынам, жаданне мясцовых жыхароў свабодна выбіраць хоць каго, хоць нават навагодні талісман, сутыкнулася ў Навасібірску з адміністрацыйным рэсурсам, грамадства засталося нібыта ля разбітага карыта.

Але гэта на першы погляд кур'ёзная гісторыя — падстава і для больш шырокіх абагульненняў. Адно з іх робіць папулярны расійскі блогер Дзмітрый Колезеў у сваім тэлеграм-канале: 

«Выдатная атрымалася гісторыя не толькі пра Новасібірск і не толькі пра заапарк. Яна пра тое, як людзям патрэбныя выбары і наогул любыя формы калектыўнага ўдзелу грамадзян у жыцці грамадства. Пра тое, як пратэсныя настроі могуць прымаць самыя мудрагелістыя формы. Пра тое, як улада баіцца нават такога камічнага пратэсту. Нарэшце, пра тое, што арганізатары выбараў, калі за імі няма грамадскага кантролю, не прымаюць вынік, з якім не згодныя.

Любое калектыўнае дзеянне грамадзян нясе палітычнае адценне.

Калі публічная канкурэнтная палітыка ў краіне фактычна адсутнічае, нават выбары талісмана горада, ад якога не залежыць увогуле нічога, ператвараюцца ў важную палітычную з'яву.

Выбары самі па сабе кансалідуюць людзей, мабілізуюць іх, фармуюць групы, выяўляюць лідараў. Працэс гэты складаны і, калі не загнаць яго ў жорсткія рамкі, дрэнна прадказальны.

Нават жорсткае фільтраванне кандыдатаў не вырашае праблемы пратэснага галасавання. Калі людзі стаміліся ад дзейнай улады, яны гатовыя галасаваць хоць за арангутана. Натуральна, што ўлада выбараў пабойваецца — у чым мы мелі задавальненне пераканацца — але яе трывога толькі падаграе пратэст.

Думаю, гісторыя арангутана Бату абавязкова павінна трапіць у падручнікі па найноўшай палітычнай гісторыі Расеі, калі такія калі-небудзь будуць напісаныя».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру