«Прызнанне Крыма — адзін з апошніх козыраў Аляксандра Лукашэнкі»

Аглядальнік выдання «Коммерсант» Дзмітрый Дрызе піша, што Мінску вельмі патрэбныя грошы. У гэтым і прычына апошніх заяў Лукашэнкі пра прызнанне Крыма, Паўднёвай Асеціі і Абхазіі.

Акрамя таго, з'явілася інфармацыя, што Беларусь можа адправіць у Сірыю дзвесце сваіх вайскоўцаў.

«З чым звязаная ўся гэтая актыўнасць, зразумела: 27 лютага ў Беларусі рэферэндум па новай Канстытуцыі, і пасля гэтай важнай падзеі краіне трэба з чымсьці ісці ў новае светлае заўтра.

А ісці няма з чым, таму што рэспубліка пад санкцыямі, і, больш за тое, ёй перакрылі галоўную крыніцу валютных паступленняў — транзіт калійных угнаенняў. І калі нічога не распачаць, то перспектывы бязрадасныя.

Звяртацца няма да каго. Адзінае, што прагучала з Захаду ў дачыненні да Мінска, — гэта папярэджанне прыцішыць вайсковую актыўнасць, інакш новая порцыя абмежаванняў будзе ў хуткім часе. І што рабіць Лукашэнку, акрамя як ісці да старэйшага брата? Але апошні, як мы бачым, не можа даць усяго, што патрабуецца. А трэба шмат», — піша расійскі журналіст.

Дрызе піша, што атрымаць ад такога Лукашэнка зможа не шмат, таму ён пусціў у ход свой апошні козыр — прызнанне Крыма.

«Пакуль мы бачым, што залаты дождж на Лукашэнку не праліваецца. Прычым здаецца, што ў Маскве не будуць пярэчыць, калі ён у выніку неяк зменіць сваё амплуа. Імаверна, яшчэ і таму буйных сум не прадугледжана. Гэта не дзіўна: вунь якая цяпер абстаноўка, самім спатрэбіцца. Ды і праект, скажам шчыра, вельмі праблематычны. Як бы там ні было, ад Аляксандра Лукашэнкі варта чакаць новых актыўнасцяў», — піша аглядальнік.

«Лукашэнку не засталося выбару»

«Московская газета» звяртае ўвагу на тое, што Лукашэнка нечакана падключыўся да тэмы эскалацыі вакол Украіны. У інтэрв'ю Салаўёву ён заявіў, што ў выпадку абвастрэння вайны на Данбасе беларускае войска будзе дзейнічаць разам з расійскім.

Таксама Лукашэнка дадаў, што ў выпадку перасячэння Украінай нейкіх «чырвоных ліній» ён дапускае нанясенне па ёй ракетнага ўдару і задзейнічанне любых іншых сродкаў, якія ёсць у наяўнасці ў Расіі і Беларусі. А таксама прыгразіў спыніць пастаўкі электрычнасці ва Украіну

«Навошта для супрацьстаяння, пакуль толькі інфармацыйнага, спатрэбілася прыцягваць Аляксандра Лукашэнку? Мэты, якія ў гэтай «вайне нерваў» ставіць Масква, неаднаразова агучваліся, — піша журналіст газеты. — Гэта, па-першае, адмова калі-небудзь прымаць Украіну ў НАТА і адвядзенне сіл альянсу на пазіцыі 1997 года, а па-другое — выкананне Кіевам мінскіх пагадненняў, падпісаных ва ўжо далёкім 2015-м, калі сепаратысты на Данбасе поўным ходам вялі наступальныя баі.

На рашэнні НАТА заявы з Мінску, натуральна, не паўплываюць. У Беларусі не той геапалітычны маштаб, каб стаць важкім аргументам для НАТА ў пытаннях пашырэння або месца дыслакацыі войскаў арганізацыі. А вось на дзеянні ўкраінскіх уладаў беларускі фактар мог бы аказаць уздзеянне. На гэта, магчыма, спадзяюцца ў Маскве».

У Лукашэнкі выбару ўжо не засталося, лічыць «Московская газета».

«Пасля разрыву усялякіх адносінаў з Еўрасаюзам і ЗША яму даводзіцца ісці на многае дзеля падтрымання сяброўства з Масквой. Прыйшлося ўцягнуцца і ў гэтую гульню, якая асабіста яму наўрад ці абяцае нейкую выгаду», — адзначае выданне.

«Пабольш нам такіх сяброў — і ворагаў ужо не трэба»

А вось як пра сустрэчу Салаўёва і Лукашэнкі піша «Московский комсомолец»:

«Цяпер Лукашэнка наш найлепшы сябар. Так, пабольш нам такіх сяброў — і ворагаў не трэба. Толькі вось больш сяброў у нас няма.

Гэты хвост даўно ўжо навучыўся віляць сабакам, як ніхто іншы. З такой сялянскай хітрынкай ён заўсёды зверху. Сам сябе абраў прэзідэнтам, толькі яго і бачылі. Апошні дыктатар Еўропы — ганаровае званне. І не сябар, і не вораг, а як? Разам з Кадыравым ён наш пяхотнік, наша хуткая будучыня», — піша журналіст.

Ён адзначае, што Салаўёў не спытаў у Лукашэнкі ні пра палітычныя забойствы, ні пра ўзурпацыю ўлады.

«Але гэта ладна, чорт бы з ім. А пра 458 грамадзян Расіі, кінутых Лукашэнкам у турмы, можна было спытаць?» — абураецца журналіст.

«Украіна не патрэбная нікому, акрамя Расіі»

Прапагандысцкае выданне Life.ru зачапілася за словы Лукашэнкі пра тое, што ў склад Саюзнай дзяржавы можа ўвайсці і Украіна, гадоў праз 15. Расійскае СМІ адназначна падтрымлівае такія мроі беларускага палітыка.

«Цяпер гэта здаецца вар'яцтвам, але калі разабрацца, то атрымліваецца, што Украіна не патрэбная нікому, акрамя Расіі, — піша выданне. — Трэба быць рэалістамі і разумець, што ні НАТА, ні ЕС не чакаюць Украіну. Яна патрэбная ім толькі як інструмент ціску на Расію. Рана ці позна народ Украіны павінен ўсвядоміць, што для яе росквіту неабходны саюз з Расіяй. Яскравым прыкладам тут з'яўляецца газ. Немагчыма для росту дабрабыту насельніцтва і развіцця прамысловасці, а дакладней яе рэшткаў, купляць расійскі газ не наўпрост, а ў пасярэднікаў у Еўропе», 

Прапанаваць расійскім спажыўцам Украіна цяпер амаль нічога не можа, лічыць выданне.

«Аднак у выпадку аднаўлення нармальных адносін разбураныя эканамічныя сувязі могуць быць адноўленыя, — адзначае Life.ru. — Магутнасці і патэнцыял захаваных прадпрыемстваў паўднёвага ўсходу пойдзе на карысць усім. Расія можа набываць ракетныя рухавікі ва Украіны. Так ужо было да 2014 года.

Просты ж чалавек атрымае магчымасць купляць прадукты харчавання і паўсядзённыя тавары. Статус Украіны як усесаюзнай жытніцы ніхто не адмяняў, і ім трэба правільна карыстацца. Калі паглядзець на вуліцы расійскіх гарадоў, усюды можна ўбачыць крамы з беларускімі таварамі. Па словах Лукашэнкі, праз 15 гадоў расійскія паліцы могуць запоўніць украінскія тавары».

«Словы Лукашэнкі пра Бога-беларуса — паганскія ідэі»

Таксама ў расійскіх СМІ адрэагавалі на словы Лукашэнкі пра тое, што Бог з'яўляецца беларусам.

Сцвярджэнні аб нацыянальнасці Бога звязаныя з паганствам. Пра гэта ў інтэрв'ю Lenta.ru расказаў святар РПЦ і псіхолаг Андрэй Лоргус.

«Большасць хрысціян і Расіі, і Беларусі, і Украіны не ставяць пытанне аб нацыянальнай прыналежнасці Бога, не прынята пра гэта разважаць. У Бога не можа быць ніякай нацыянальнасці, не можа быць нават так пастаўленае пытанне. Калі казаць пра асобу сына Божага Ісуса Хрыста, вядома, ён быў з яўрэйскага народа, у гэтым ніхто не сумняваецца», — сказаў святар.

А вось святар Іванава-Узнясенскай епархіі РПЦ іераманах Макарый сказаў Life.ru:

«Такія выразы трэба ўспрымаць у кантэксце. Гэта было выступленне нашага шаноўнага беларускага лідара, якому вострае слоўца ўласцівае. І такога кшталту выразы мяне як святара ніяк не палохаюць», — адзначыў суразмоўца расійскага выдання.

Іераманах Макарый падкрэсліў, што Бог адзін, але кожнай нацыі ён блізкі, ён «збаўца ўсіх людзей — і нацыянальныя межы не павінны быць гэтай перашкодай».

Чытайце таксама:

Аляксандр Лукашэнка паабяцаў тры-чатыры дні вайны ў выпадку сутыкнення з Украінай

Лукашэнка сказаў Салаўёву, што Пуцін абяцаў яму званне палкоўніка, але не прысвоіў

label.reaction.like
label.reaction.facepalm
label.reaction.smile
label.reaction.omg
label.reaction.sad
label.reaction.anger

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру