Мінскі аўтамабільны завод.

Гандлёвы дом «МАЗ» працуе, аўтобусы пастаўляюцца

Мінскі аўтамабільны завод выйшаў са складу заснавальнікаў і бенефіцыяраў украінскай кампаніі «Гандлёвы дом «МАЗ-Україна», якая была зарэгістраваная 19 траўня 2010 года ў Кіеве.

Замест МАЗ у склад заснавальнікаў увайшлі ААТ «Мінскі завод аўтаматычных ліній імя Пятра Машэрава» (99% акцый) і жодзінскае ААТ «Кавальскі завод цяжкіх штамповак» (1% акцый), якое ўваходзіць у склад холдынгу «БЕЛАЎТАМАЗ» разам з Мінскім аўтамабільным заводам.

Цяпер канчатковым бенефіцыярным уласнікам украінскай дачкі «МАЗа», згодна зь Дзяржаўным рэестрам Украіны, з'яўляецца Дзяржаўны камітэт Беларусі па маёмасці, бо менавіта ён уласнік акцый двух новых заснавальнікаў украінскай кампаніі.

Асноўны від дзейнасці «Гандлёвага дома «МАЗ-Україна» застаўся ранейшы — продаж аўтамабіляў і лёгкіх маторных транспартных сродкаў.

Змена ўласнікаў і бенефіцыяраў цяпер дазваляе гэтай кампаніі ўдзельнічаць у тэндэрах на пастаўкі пасажырскага, грузавога і спецыяльнага аўтатранспарту, якія ажыццяўляюцца за кошт сродкаў дзяржаўнага і мясцовага бюджэту. Згодна з украінскім заканадаўствам кампанія, падаючы дакументы для ўдзелу ў тэндэры, мусіць абавязкова пазначыць, ці не з'яўляецца яна аб’ектам міжнародных санкцый. Як вядома, летась у чэрвені Еўрасаюз увёў санкцыі супраць Мінскага аўтамабільнага завода.

Паводле фінансавай справаздачы за 2020 год (за 2021 год пакуль не зацьверджаная), «Гандлёвы дом «МАЗ-Україна» атрымаў даход 1,6 мільярда грыўняў і 73 мільёны грыўняў чыстага прыбытку (адпаведна 57 і 2,5 мільёна даляраў у эквіваленце па курсе на канец 2020 году).

На афіцыйным сайце «Мінскага аўтамабільнага завода» цяпер няма інфармацыі пра дылераў ягонай прадукцыі ва Украіне. Вядома, што адным з іх дагэтуль з'яўляецца ўкраінская кампанія «АўтаМАЗ-Україна», заснавальнік якой — замежнае прыватнае прадпрыемства «ГЭС», зарэгістраванае ў Мінску. Яго ўласнік — грамадзянін Расіі Васіль Смятанін, які жыве ў Маскве. Ён жа і бенефіцыярны ўласнік украінскага прадпрыемства «АўтаМАЗ-Україна».

Менавіта гэтае прадпрыемства ўдзельнічае ў паўторным тэндэры на пастаўку аўтобусаў у Мікалаеў. Летась гарадскія ўлады Мікалаева пасля нарады ў Міністэрстве інфраструктуры Украіны вымушаныя былі скасаваць вынікі тэндэру, у якім перамагло ўкраінскае ТАА «Сучасні вантажівки», таксама дылер МАЗа.

У студзені мэр Мікалаева Аляксандр Сянкевіч паведаміў, што пераможцам, хутчэй за ўсё, стане пастаўшчык беларускіх аўтобусаў «АўтаМАЗ-Україна». Мясцовыя ўлады набываюць гэтую тэхніку за крэдыт Еўрапейскага інвестыцыйнага банка ў рамках рэалізацыі праграмы абнаўленьня гарадзкога грамадзкага транспарту. Кошт тэндэру — 4,5 мільёна эўра. Але банк пакуль не абвясьціў вынікі тэндэру.

БелАЗ — не ўласнік і не бенефіцыяр

«БелАЗ» пастаўляе сваю тэхніку ва Украіну пераважна праз украінскую кампанію «Промагролізинг-Україна». Гэта ўкраінская дачка беларускага прадпрыемства «Прамагралізінг», асноўны акцыянера якога — «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь».

Адначасова БелАЗ меў сервісную сетку для абслугоўвання сваёй тэхнікі. З ліпеня беларускі холдынг выйшаў са складу заснавальнікаў і бенефіцыяраў найбуйнейшага ва Украіне сэрвіснага цэнтра «Сервісний торгово-логістичний центр БЕЛАЗ УКРАЇНА», зарэгістраванага ў Крывым Розе Днепрапятроўскай вобласці. Гэты цэнтр не толькі надае сэрвіснае абслугоўванне, але і мае права прадаваць тэхніку Беларускага аўтамабільнага завода.

Цяпер Міністэрства юстыцыі Украіны зафіксавала змены складу заснавальнікаў гэтай кампаніі. Замест холдынгу «БелАЗ» ім стала ААТ «Кіроўная кампанія холдынгу «Лідсельмаш» (100% акцый). А бенефіцыярам стала Міністэрства прамысловасці Беларусі, бо менавіта ў ягонай уласнасці знаходзяцца акцыі «Лідсельмаша».

Паводле фінансавай справаздачнасці, у 2020 годзе кампанія атрымала 492,6 мільёна грыўняў даходу і 70,7 мільёна грыўняў чыстага прыбытку (у эквіваленце 17,5 і 2,5 мільёна даляраў адпаведна).

Таксама ў Крывым Рагу працуе яшчэ адна кампанія «ВОСТОК-БЕЛАЗ-СЕРВІС», якая займаецца продажам запчастак і рамонтам тэхнікі. Да ліпеня 2021 году яе бенефіцыярам і заснавальнікам таксама быў холдынг «БелАЗ», а цяпер — «Лідсельмаш».

Беларускія тралейбусы пастаўляюцца на поўдзень

У 2017 годзе беларускі завод «Белкамунмаш» зарэгістраваў ва Украіне сваю дачку «БКМ-Україна». У дзяржаўным рэестры юрыдычных асобаў Украіны беларускае прадпрыемства дагэтуль лічыцца заснавальнікам (яму належыць 24,9% акцый), але канчатковым бенефіцыярам з лістапада 2020 года запісаны грамадзянін Украіны Сяргей Мартыняк, уласнік кампаніі «РІСТ-Н», другога заснавальніка «БКМ-Україна».

У той жа час у кампаніі зняпраўджваюць змену ў складзе бенефіцыяраў, пераконваючы, што «Белкамуншмаш» па-ранейшаму застаецца адным з уласнікаў. «Ніякіх зменаў не адбылося», — сказаў Свабодзе адзін з менеджараў кампаніі «БКМ-Україна».

На афіцыйным сайце «Белкамунмаша» кампанія «БКМ-Україна» ў пераліку дылераў не значыцца. Але ўкраінскі бок сцвярджае, што гэтая інфармацыя часова недаступная праз тэхнічны збой.

Летась «БКМ-Україна» выйграла два тэндэры на пастаўку беларускіх тралейбусаў. Іх увозяць ва Украіну камплектамі і збіраюць на тэхнічных магутнасцях у Луцку з выкарыстаннем 25% украінскіх камплектуючых. Цягам 2022 году Херсон атрымае 42 беларускія тралейбусы (тры з іх ужо перадалі гораду), і 20 тралейбусаў атрымае Мікалаеў.

Сёлета ва Украіне ўхвалілі закон, які можа істотна абмежаваць магчымасці ўдзелу беларускіх вытворцаў грузавога і пасажырскага транспарту ў тэндэрах па закупках за кошт сродкаў дзяржаўнага бюджэту.

Згодна з ім у 2022 годзе ў тэндэрах вартасцю больш за 200 тысячаў грыўняў (больш як 7 тысячаў даляраў у эквіваленце) змогуць удзельнічаць толькі тыя вытворцы, якія гарантуюць у сваёй прадукцыі 10% украінскіх складнікаў.

Кожны наступны год ступень лакалізацыі (доля ўкраінскіх складнікаў у прадукцыі) павінна павялічвацца на 5%, а ў 2028 годзе павінна дасягнуць 40%.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру