Раман Мельнік. Фота БЕЛТА

Так, голас, падобны да Мельніка, прыводзіць прыклад: разгледзелі 209 справаў, а вынеслі адміністратыўных арыштаў менш за 10%.

«А гэта актыўныя [удзельнікі], самыя мярзотныя! А штрафы, шчыра кажучы, ну як па галаве пагладзілі. Ну што такое 2-3 базавыя?»

На гэта чалавек з голасам, падобным да Казлова, адказвае, што спрабаваў высветліць пытанне з калегам па Мінску, Ігарам Падвойскім, маўляў, там міліцыя ўзаемадзейнічае па «пратэсных» справах з Мінскім гарадскім судом. 

«Я зараз скажу начальніку Жодзінскага райаддзелу, у абласны суд перазваню», — дадае ён. 

«Віталь Анатольевіч, — кажа голас, падобны да Мельніка. — Трэба, пад’едзьце ў абласны суд. Адрэгулюйце вы гэтыя пытанні. Суд павінен быць упэўненым. Кажу, як ёсць, затрымліваюць самых ярых. Па горадзе [Мінску] у мяне пытанняў няма, але па судах Мінскай вобласці ёсць пытанні, калі там суддзі не да канца разумеюць, пачынаюць капацца, маўляў, а дакажыце нам гэта, а яшчэ гэта. Бляха-муха, ну!»

Далей суразмоўца адкрыта кажа, што АМАПаўцы, якія затрымліваюць людзей, не могуць выступаць у судзе сведкамі, таму на гэту ролю ставяць супрацоўнікаў райаддзелаў, куды ўжо прывозяць затрыманых. То-бок сведкамі ў судзе выступаюць людзі, якія насамрэч не былі на месцы здарэння, не бачылі тое, што пасля ўказваюць у пратаколах. Суддзі справядліва задаюць пытанні, але гэта не задавальняе міліцэйскіх начальнікаў. 

«Я не магу расцягнуць АМАП, каб яны ўдзельнічалі ў судовых паседжаннях, — заяўляе голас, падобны да былога кіраўніка міліцыі грамадскай бяспекі МУС. — Хапае працы, гэта тычыцца і вашага АМАПа. Пераканайце абласны суд, што гэта самыя зацятыя [затрыманыя]. Калі будзе збой, давайце мне канкрэтныя факты, прозвішчы, я тады буду выходзіць на Вярхоўны суд. Хай не разумнічаюць, а займаюць дзяржаўную пазіцыю. Ёсць у мяне адпаведныя каналы, я гатовы іх падключаць».

Віталь Казлоў. Фота mlyn.by. 

Чым прадыктаванае жаданне, каб затрыманым давалі больш суворае пакаранне?

«У нас не праглядаецца эфект, — даводзіць голас, падобны да Мельніка. — У нас ужо ідуць паўторнікі. Таму што яму на тым баку заплацілі, эквівалент сто долараў, а штрафік яму далі дзве базавыя. Для яго гэта як пыл. Уключайце любыя рычагі».

Проста нагадаем, што фармальна судовая ўлада ў Беларусі незалежная. Ніводны міліцэйскі начальнік не мае права ўказваць суддзі, якое той павінен прыняць рашэнне, гэта крымінальнае злачынства.

Далей прыводзіцца размова, як адзначаецца, Казлова з намеснікам начальніка сталічнай міліцыі Ігарам Падвойскім. Голас, падобны да Казлова, спрабуе высветліць, як у калегі атрымалася вырашыць пытанне з суддзямі. Удакладняе, што ўжо вырашае пытанні праз камітэт (найверагодна, КДБ) і выходзіў на намесніка Мінскага абласнога суда Генадзя Кляшчонка (у 2008-м прызначаны бестэрмінова). 

Ігар Падвойскі (злева) з былым міністрам унутраных справаў Ігарам Шуневічам

«Я папрасіў Пурынка і Гарусава, маўляў, падсабіце, каб не пачыналі адміністратыўны працэс супраць супрацоўніка АМАП, ну там быў касяк у дачы паказанняў. Суддзя ў Жодзіна пачала працэс. Але там чык-чык — і ўсё перакрэслілі. Пазванілі Сукалу [старшыня Вярхоўнага суда з 1997 года] і ўсё вырашылі. І ўсё, пасля гэтага пытанняў не ўзнікала», - кажа голас, падобны да Ігара Падвойскага.

Казлоў і Падвойскі па-ранейшаму працуюць у міліцыі. Раман Мельнік вясной 2021 года быў прызначаны кіраўніком Ленінскага раёна ў Мінску. 

У сеціве рэгулярна з'яўляюцца запісы, як сцвярджаюць хакеры, размоваў міліцэйскіх начальнікаў. Апроч таго, хакеры ўзламалі адразу некалькі міліцэйскіх базаў з асабістымі дадзенымі грамадзян Беларусі. Аднак сілавікі ніяк не каментуюць сітуацыю, інфармацыі пра тое, што па дадзеных фактах заведзеныя крымінальныя справы, няма, як і інфармацыі, якія намаганні дзяржаўныя органы прыкладаюць для абароны персанальных звестак і размоваў і сваіх супрацоўнікаў, і простых грамадзян.

Чытайце яшчэ:

«Усе справы разглядала нармальна, а тут лыкам уперлася». Новы шакуючы зліў — як міліцыя камандуе суддзямі

«Вельмі амбіцыйны, хоча трапіць у генералы». Хто такі Віталь Казлоў, голас якога часта трапляе на злівы хакераў

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру